Апошні пасажыр
08 ноября 2013, 12:00

Апошні пасажыр

Лёня чакаў вечара. Змена падыходзіла да канца. Дзень быў удалы. Пасажыраў было шмат. Розная адлегласць, розныя накірункі. Нават давялося наведаць адну з вёсачак раёна, дзе наогул не быў ніколі. П`янаваты гастарбайтар вяртаўся з заробкаў. Таксіст падхапіў яго ля чыгуначнага вакзала, спрактыкаваным вокам вылучыўшы сярод натоўпу.
Поделиться

Хлопец увесь час размаўляў. Казаў, што гэтым разам пашанцавала, зарабіў добра. Лёня зразумеў гэта і сам. Бо, калі  машына спынілася ля дыхтоўнай вясковай хаты, то на прыборную панэль ляглі дзве купюры па тысячы расійскімі. Хапіла б і адной. Лёня падзякаваў і праз нейкі час зноў апынуўся на стаянцы ля вакзала. Яшчэ з паўгадзінкі якіх — і дамоў. Крыху адпачыць, а вечарам да Рамана на юбілей. Рома – найлепшы сябар. Лёня і падарунак набыў для гэтага моманту. Сёння наведаў новую краму сучасных гаджэтаў і набыў навігатар самай апошняй мадэлі. Сябар будзе задаволены.

Запікала радыёстанцыя. Дыспетчар запытала, дзе ён занходзіцца. Адказаў, што ля чыгуначнага. Дыспетчар паведаміла, што ёсць яшчэ адна ездка. Побач з вакзалам шматпавярхоўка. Адтуль паступіла замова на таксоўку. Праз імгненне Лёня стаяў ля трэцяга пад’езда. Некалькі хвілін прайшло, а пасажыра ўсё не было.  Яшчэ некалькі хвілін і Лёня пачаў нервавацца. Канец змены ўсё ж. Выклікаў дыспетчара і запытаўся яшчэ раз пра гэтую замову. Тая паведаміла, што хутчэй за ўсё там старэнькая жанчына і ёй трэба ехаць за горад у былы санаторый хімічнага камбіната. Лёня зноў выклікаў дыспетчара і спытаўся, у якой кватэры жыве ягоная апошняя на сённяшні дзень кліентка.

Лёня шпарка ўзбег па прыступках на трэці паверх і націснуў на званок патрэбнай кватэры. За дзвярыма прыглушаны голас вымавіў: “Іду, іду…” Забразкацеў замок, дзверы прачыніліся. На парозе стаяла дагледжаная бабулька. Выгляд нічога не паведаміў Лёню пра яе ўзрост: 70, 80, можа і болей.  А колькі ж на самой справе? Лёня задумаўся аб гэтым, але разважаць не было ні часу, ні магчымасці.

— Прывітанне! Вы таксіст? – спакойным голасам запыталася бабулька.

— Дзень добры. Так, вы замаўлялі машыну? – Лёня адказаў жанчыне, але голас быў такі, быццам ён шкаляр ля дошкі перад настаўніцай.

Жанчына бала маленькага росту, худзенькая і кволая. Толькі вочы свяці-ліся нейкім бадзёрым святлом, нібыта тое святло зыходзіла знутры. Бабуля была ўжо апранута для паездкі. Памаранчавы плашч, маленькія боцікі, а на галаве чорны капялюшык. Шэрань валос і капялюшык прыгожа кантраставалі паміж сабой, а чорная вуаль нагадала Лёні нейкі фільм з 40-х гадоў. Там была такая ж мілая бабулька.

У калідоры стаяў зусім невялікі карычневы чамадан. Дзверы ў пакой былі шырока расчынены. Кватэра выглядала так, быццам у ёй не жылі шмат гадоў. Мэблі не было відаць. Яна была ўся пад белымі прасцінамі. Нідзе не было відаць ні гадзінніка на сцяне, ніякай карціны ці рэпрадукцыі, ні партрэтаў. Кніжныя паліцы зеўралі пустэчай. Ні кніг, ні нейкай драбязы, ні посуду. Тут жа, у калідоры, стаяла кардонка, даверху напоўненая кнігамі, сшыткамі і фотаздымкамі.

— Вы не дапамаглі б мне аднесці мае рэчы? — лагодна прамовіла бабуля.

— Вядома ж, аднясу, — Лёня зноў падумаў, што, напэўна такі чалавек і не мог іначай прамаўляць не толькі просьбы, але і любыя іншыя словы і выразы.

Лёня хуценька аднёс чамадан у машыну і спрытна вярнуўся па кардонку. Жанчына спытала дазволу і, ўзяўшы Лёню за руку, пакрочыла  з ім да ліфта. Спусціўшыся на першы паверх, пакрочылі нетаропкай хадою ў бок аўтамабіля. Жанчына за непрацяглы час і такую кароткую дыстанцыю мо з дзесятак раз вымавіла сваё “дзякуй”. Лёня ж маўчаў. Чамусьці ён перастаў пазіраць на гадзіннік.

Бабуля нарэшце ўладкавалася ў машыне. Лёня асцярожна зачыніў дзверы за ёю  і спрытна ўсеўся за стырном таксоўкі. Бабуля зноў паўтарала сваё: “Дзякуй вам, дзякуй вам…”

 Лёня  павярнуўся да пасажыркі: “Калі ласка, але нешта зашмат па-дзякі, я ж нічога не зрабіў для вас”.

— Як жа, вы такі добры і мілы чалавек, дапамагаеце мне.

— Але ж гэта проста мая праца.

— Праца, але я адчула, што вы той, хто будзе сёння са мной, я адчула, што вы вельмі добры чалавек. Ой, прабачце, а я нават не спытала, як вас завуць.

— Лёня, — бадзёра адказаў таксіст і зноў павярнуўся туды, куды і павінен пазіраць кіроўца, — на дарогу.

— Галіна Міхайлаўна, — сказала бабулька, — вось і пазнаёміліся, мне вельмі прыемна, што да мяне прыехалі менавіта  вы.

— Дзякаваць не трэба, я стараюся ставіцца да маіх пасажыраў так, як хачу, каб яны ставіліся да мяне ці да маёй матулі.

Таксоўка пакінула лабірынты гарадскіх двароў і неўзабаве апынулася на праспекце.

— Які цудоўны хлопчык! — прамовіла Галіна Міхайлаўна, і дадала: — А не маглі б мы паехаць праз цэнтр горада?

— Але ж гэта не самы кароткі шлях, — адказаў Лёня. Ён быў ніколечкі не супраць і проста канстатаваў факт. Ды і як ён мог пярэчыць гэтаму міламу стварэнню.

— О, я зусім не супраць доўгіх шляхоў, — прамовіла яна, — я ўжо нікуды не паспяшаю, бо накіроўваюся ў прытулак і хоспіс адначасова. Вы не чулі, стары хімкамбінатаўскі пансіянат  перабудавалі і адчынілі новую ўстанову для такіх жа, як і я, стомленых жыццём бабулек.

Лёня пільна паглядзеў у люстэрка, зараз яму менш за ўсё хацелася сустракацца з ёю позіркамі. Яе бліскучыя вочы па-сапраўднаму зіхацелі.

— Усе мае даўно з’ехалі ў сталіцу. Доктар кажа, што мне засталося зусім мала. А дакладней, не вельмі доўга.

Лёня спакойна працягнуў руку і выключыў лічыльнік.

— Дзе б вы хацелі сёння пабываць, акрамя цэнтра? — упэўнена спытаў Лёня.

— Я люблю стары парк і сквер ля драматычнага. Мы з мужам любілі там бываць.

Гадзіны са дзве таксі калясіла па горадзе. Галіна Міхайлаўна паказала Лёню школу, дзе выкладала. Паказала высотку інстытуцкага інтэрната, дзе і прайшлі студэнцкія гады. Праехалі па мікрараёне, дзе жылі адразу пасля вяселля, здымаючы кватэру. А калі праязджалі ля парку з пажаўцелымі ліпамі, яна расказала, што менавіта на танцпляцоўцы ў гэтым парку яна кружыла першы вальс  са сваім абранцам, з якім пражыла ўсё жыццё. І з горыччу прамовіла:

— Здрадзіў мне, напрыканцы жыцця здрадзіў — сышоў з жыцця першым.

Лёня заўважыў, калі яна прасіла спыніцца перад нейкім будынкам, то вочы напаўняліся сумам, тонкія губы сціскаліся ў ледзь прыкметнай усмешцы. Быццам зусім на імгненне яна пакідала салон машыны і пераносілася ў тое далёкае  мінулае,  а таму ўжо не існуючае жыццё. І Лёня, і яна сама разумелі, што тое жыццё толькі ў марах і ўспамінах.

Яшчэ праз нейкі час яна звярнулася да кіроўцы і ціха прамовіла:

— Я стамілася. Трэба ехаць. Вязіце мяне туды.

Машына стомленай птушкай вылецела за горад. Вузкая дарога праз лесапаркавую зону. І вось шэрая будыні-на хоспісу. На ўездзе дзяжурны спытаў аб тым, хто і чаго едзе ў іх установу. Лёня коратка патлумачыў. Ля  прыёмнага  аддзялення іх чакалі. Дзяжурны, мабыць, па тэлефоне папярэдзіў пра новага пастаяльца. Бо дзве жанчыны ў белых халатах стаялі ля ўвахода. З імі быў інвалідны вазок. Лёня адчыніў дзверку, а жанчыны беражліва пасадзілі Галіну Міхайлаўну ў вазок.

— Змена машыны, — пажартавала яна, папраўляючы капялюшык. Ніхто не адказаў на жарт, а Лёня дастаў з багажніка кардонку і стары чамадан, заўважыўшы пры гэтым, што вочы старой змяніліся, сталі сумнымі, недзе падзеўся іх жыватворны бляск.

— Колькі я вам вінаватая? — спытала бабуля, дастаючы кашалёк.

— Ніколькі, — адказаў Лёня.

— Але ж гэта ваша праца і вы павінны зарабляць.

— Але ёсць і іншыя пасажыры, — стрымана адказаў ён.

Амаль не задумваючыся, Лёня нахіліўся і абняў яе. Яна моцна трымала яго.

— Ты даў старой крыху шчасця, — прамовіла Галіна Міхайлаўна, — дзякуй табе, Лёнік.

Хлопец моцна паціснуў яе руку, а потым рашуча накіраваўся да аўтамабіля. За ягонай спінай гучна пляснулі дзверы. Гэта быў асаблівы гук, гук зачыненай кнігі.

Лёня імчаў у горад.  Не, на дзень нараджэння сёння ён ужо не трапіць. Яму хацелася пабыць  аднаму. Ён адзначыў у думках, што гэты дзень для яго стаўся вельмі важным. Здавалася б, нічога асаблівага. Бо звыкаемся з думкай, што жыццё круціцца вакол нейкіх важных і вялікіх момантаў, але тыя самыя вя-лікія і значныя моманты часта ловяць нас знянацку, нечакана, бо яны прыгожа запакаваныя ў тое, што мы часта лічым за драбязу.  Лёня адключыў мабільнік і ўпэўнена ўключыў пятую.