“Ключавая праблема — асоба настаўніка”
15 ноября 2013, 10:00

“Ключавая праблема — асоба настаўніка”

Мая суразмоўніца - Лілія Гоман. Вось ужо амаль два дзесяцігоддзі Лілія Канстанцінаўна выкладае гісторыю ў сярэдняй школе №4 горада Лунінца, якую калісьці сама скончыла. Потым была вучоба на гістарычным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, накіраванне ў родны горад. Настаўніца мае вышэйшую катэгорыю, яе навучэнцы не аднойчы былі прызёрамі і пераможцамі раённых і абласных прадметных алімпіяд. Напрыклад, летась заваявалі дыплом першай ступені на абласной алімпіядзе па асновах прававых ведаў і трэцяй ступені - па гісторыі…
Поделиться

Лунінец — не надта вялікі горад, многіх педагогаў тут ведаюць, так бы мовіць, у твар. Таму не аднойчы чуў водгукі і пра Лілію Гоман як пра педагога творчага, таленавітага. Тым больш цікава было спытаць у настаўніцы, як ацэньвае яна сучасны стан гісторыі ў школе? Кожны дзень Лілія Канстанцінаўна мае справу са сваім прадметам, як кажуць, на практыцы, непасрэдна ля школьнай дошкі. Якой бачыцца ёй сітуацыя?

— Пачну з трохі правакацыйнага пытання, аналаг якога не так даўно задаваў вашаму калегу-географу: а ці патрэбна гісторыя цяперашнім вучням?

— Ведаеце, я адкажу вам прыкладам з жыцця. Мая нядаўняя вучаніца Юля некалькі гадоў на абласных алімпіядах па гісторыі займала прызавыя месцы, а ў адзінаццатым класе ўвогуле перамагла і атрымала дыплом першай ступені. Як вядома, гэта пры паступленні адпавядае вышэйшаму балу на ЦТ. Але Юля падарыла дыплом на памяць мне, а на ЦТ паехала здаваць матэматыку, фізіку — тое, што неабходна было ёй для паступлення ў ВНУ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Дзяўчына выдатна ведала гісторыю — як, дарэчы, і іншыя прадметы, ёй падабаліся ўрокі, у нас з ёю былі добрыя адносіны. І яна проста па-чалавечы не магла мне адмовіць, каб не ўдзельнічаць у раённай, а потым у абласной алімпіядах. Але яна ведала, што пры паступленні гісторыя ёй не спатрэбіцца… Гэта, вядома ж, канкрэтная жыццёвая сітуацыя, але, з іншага боку, дастаткова красамоўная.

— Дазвольце маленькую рэмарку: я як гісторык са свайго не надта багатага педагагічнага вопыту зрабіў калісьці выснову, што ў гуманітарных дысцыплінах больш здатныя вучні, якія займаліся, напрыклад, на фізіка-матэматычным ці хіміка-біялагічным профі-лях, чым “чыстыя гуманітарыі”, тыя ж філолагі. Вы згодныя з такой высновай? Вось жа і ваша Юля добра ведала не толькі гісторыю, але і матэматыку з фізікай…

— Цалкам згодная. Даўно прыкмечана, што поспехі ў дакладных навуках дазваляюць вучню добра арыентавацца і ў гісторыі. Тут жа таксама ёсць свае факты, лічбы, логіка, сувязі паміж падзеямі. І высновы ў гісторыі робяцца таксама дакладныя, а не прыблізныя. Прынамсі, так павінна быць.

— Даводзілася нярэдка чуць ад ужо дарослых лю-дзей, што яны ў школе не любілі гісторыю. Маўляў, трэба было запамінаць шмат дат, фактаў… Ці насамрэч усё цяперашняе выкладанне гісторыі можна звесці да гэтага?

— Выкажу асабістае меркаванне. Каб зразумець сутнасць любой навукі, патрэбна валодаць пэўным наборам базавых паняццяў, тэр-мінаў.

— Ведаць “фактуру”, так бы мовіць.

— Канешне. Інакш проста нерэальна арыентавацца ў той жа гісторыі. Няма асновы, “базы” — і ўсё нібыта кудысьці “распаўзаецца”. Я імкнуся вучыць канкрэтыцы, калі можна так сказаць. Ёсць трохі жартаўлівы выраз: “Вызубры, а потым асэнсуеш”. Але, вядома, гэта толькі адзін бок медаля. Патрэбна не проста механічнае запамі-нанне, а асэнсаванне, разуменне.

— Як змяняецца стаўленне вучняў да гісторыі на працягу школьных гадоў?

— Бачу, што найбольш цікавяцца ёю пяці-сямікласнікі, у восьмым і дзявятым класах цікавасць паніжаецца, у тым ліку з-за агульных узроставых змен у падлетках, а ў дзясятым і адзінаццатым гісторыя мала каму цікавая і патрэбная. Арыентуюцца будучыя абітурыенты на матэматыку, фізіку, у меншай ступені — на мовы, хімію… А гісторыя, як і геаграфія, застаюцца падчаркамі. У лепшым выпадку вучню важная добрая адзнака, каб не знізіць сярэдні бал. А вось яшчэ красамоўны прыклад стаўлення да гісторыі, але ўжо не з вучнёўскага боку. Яшчэ тры гады назад у кожным класе на тыдзень было дзве гадзіны сусветнай гісторыі і адна — гісторыі Беларусі. Цяпер жа ў першым паўгоддзі па дзве гадзіны на тыдзень адведзена на сусветную гісторыю, у другім паўгоддзі столькі ж — на беларускую. Атрымоўваецца, што гадзіны на гісторыю Беларусі захаваліся, а на сусветную зменшыліся ўдвая. Гэта і страты ў гадзінах для настаўніка-прадметніка, і страты ў плане магчымасці нечаму навучыць… Увогуле ж, на мой погляд, сітуацыя са становішчам гісторыі ў школе вельмі далёкая ад аптымістычнай. Хаця ў той ці іншай ступені гэта можна сказаць амаль пра кожны прадмет. На жаль, мы вельмі многае страцілі ў сферы адукацыі. А ў гісторыі гэта назіраецца найбольш відавочна яшчэ і таму, што навуку гэтую ўжо не аднойчы перапісвалі пад нечыя патрэбы.

— Стаўленне грамадства і дзяржавы да гуманітарных навук, вядома ж, вельмі наглядна характарызуе тую ці іншую краіну… Але вернемся да нашай школьнай канкрэтыкі. Лілія Канстанцінаўна, а як Вы ставіцеся да цэнтралізаванага тэстыравання? Зразумела, што позна спрачацца аб яго патрэбнасці, ды ўсё ж: наколькі магчыма “загнаць” усё гістарычнае багацце ў варыянты тэстаў?

— Загнаць можна, але ці можна праз ЦТ паўнавартасна праверыць веды вучняў? У мяне вялікія сумневы на гэты конт. А яшчэ трэба ж улічваць існаванне розных канцэпцый, розных падруч-нікаў, калі і высновы могуць быць розныя.

— Чым можна зацікавіць сучасных вучняў? Як павысіць іх матывацыю? Ці ўжываеце Вы нейкія незвычайныя формы заняткаў?

— Я перакананая, што стаўленне вучня да прадмета выпрацоўваецца найперш праз ягонае стаўленне да асобы педагога, які гэты прадмет выкладае. Сутнасць настаўніка найважнейшая і першабаковая… Што тычыцца цікавасці, то сучаснага школьніка вельмі цяжка нечым здзівіць. Напрыклад, летам частка дзяцей бывае ў замежжы, экзатычных краінах. І калі той жа вучань бачыў егіпецкія піраміды ўвачавідкі, а настаўнік сабе такога дазволіць не можа і “знаёміць” клас з імі па малюнках або фільмах, то такая сітуацыя шмат аб чым сведчыць, пагадзіцеся.

— Ці не залішне перанасычаныя школьныя праграмы па гісторыі?

— Тут трэба гаварыць кан-крэтна па класах і па гістарычных перыядах. Бывае і пэўны дысбаланс. Напрыклад, раней у шостым класе вывучалі ўсё сярэднявечча, цяпер жа — ранняе і высокае, а ўвесь сёмы клас “заняты” толькі познім сярэднявеччам, гэта нейкія сто гадоў! Яшчэ зазначу, што арыентавацца ў праграмах няпроста, а падручнікі мяняюцца ці не штогод. Часам бачу ў кабінетах, колькі там стаіць “старых” падручнікаў. Навошта такая паспешлівасць? Мабыць, пытанне рытарычнае.

— А якая якасць падручнікаў? Ці дастаткова адаптаваныя яны да дзіцячага ўспрымання?

— Падручнікі больш-менш адпавядаюць свайму прызначэнню, яны ілюстраваныя, змяшчаюць карты, хрэстаматыйныя матэрыялы… Але, паўтаруся, на маю думку, падручнік у сучасных умовах — гэта не галоўнае. Ключавая праблема — асоба настаўніка.

— А якая гісторыя найбольш цікавая дзецям: сусветная ці нацыянальная?

— Ведаеце, відаць, усё ж сусветная, хоць і сумна гэта прызнаваць.

— Ці ёсць нейкая магчымасць у курсе гісторыі Беларусі даваць звесткі пра родны рэгіён вучня? Так бы мовіць, уводзіць пэўныя краязнаўчыя веды?

— Так, у канцы чвэрці звычайна адзін з урокаў мае тэму “Наш край”. Нейкія краязнаўчыя матывы маюцца і ў час правядзення турніраў юных гісторыкаў, якія штогод праходзяць у нашым раёне. Здараліся ў маёй практыцы і даследчыя працы вучняў на краязнаўчыя тэмы. Некалькі гадоў таму мы падрыхтавалі калектыўную работу, тэма якой была на мяжы з філалогіяй, — “Дыялекты Лунінецкага раёна”. Праца тая стала прызёрам раённай канферэнцыі.

— А як вы ставіцеся да розных рэфератаў, якія той жа вучань можа лёгка “спампаваць” з Інтэрнэта?

— У малодшых і сярэдніх класах ёсць рэкамендацыя іх не практыкаваць, з чым я поўнасцю згодная. Хіба што вучань можа падрыхтаваць паведамленне на адну-дзве хвіліны, скажам, пра тую ці іншую гістарычную асобу. І ў такім выпадку хай карыстаецца Інтэрнетам, чаму б не? У старэйшых класах рэфераты маюць права на існаванне, але калі іх матэрыял перапрацаваны, асэнсаваны вучнем.

— Ці рэальна ўсё ж такі ўзняць інтарэс да гісторыі і іншых гуманітарных навук, павысіць іх прэстыж?

— Мяркую, што гэта немагчыма, пакуль “гуманітарыі” ў грамадстве — я кажу не толькі пра настаўнікаў — будуць адчуваць сваю фінансавую другараднасць. Матэрыяльная незалежнасць у любой прафесіі — гэта вялікая справа, і гісторыя тут не выключэнне. Увогуле ж праблема прэстыжнасці нашай гісторыі і яе выкладання выходзіць далёка за рамкі школы.