Сустрэча ў стылі «рэтра»
22 ноября 2013, 11:00

Сустрэча ў стылі «рэтра»

Традыцыйныя лістападаўскія “Каласавіны” прайшлі ў бібліятэцы Лунінецкага палітэхнічнага каледжа. Да ўдзельнікаў краязнаўчага гуртка (кіраўнік - Надзея Сяргееўна Цяльпук) і паэтычнага клуба “Натхненне” (Вера Яўгенаўна Скіба) завіталі краязнаўцы і літаратары з творчага клуба “Муза” гарадскога Дома культуры.
Поделиться

У цэнтры ўвагі пачынаючых краязнаўцаў сталі змястоўныя і эмацыянальныя выступленні людзей, якія ўжо некалькі апошніх дзесяцігоддзяў плённа займаюцца гэтай высакароднай і вельмі цікавай справай, — Івана Аляксеевіча Панасюка і Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча. Яны звярнулі ўвагу, што пакуль яшчэ ў нас ёсць унікальная магчымасць захаваць і распаўсюдзіць, карыстаючыся сучаснай тэхнікай, дакументы, фотаздымкі, аповеды і сведчанні сталых людзей аб нашай мінуўшчыне, жыцці і дзейнасці нашых продкаў, гісторыі прыродных і індустрыяльных аб’ектаў. Было відаць, што тэма захапіла юныя душы, была выказана думка арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы са знакамітымі краязнаўцамі, дзяліцца ідэямі і творчымі здабыткамі. Вадзім Жылко зрабіў невялікі экскурс у гісторыю краязнаўства ў нашым раёне, распавёў пра шматлікія публікацыі на гэтую тэматыку мясцовых аўтараў, у тым ліку па-за межамі нашага рэгіёна.

Думкамі на краязнаўчую тэматыку, аб яе жыватворным уздзеянні на творчасць і паэтычнае натхненне падзяліліся мясцовыя літаратары Віктар Пінігін, Рыгор Жук, Людміла Хмялеўская, Віктар Філатаў. Яны прачыталі свае вершы — аб роднай прыродзе, яе прыгажосці і непапўторнасці. Цікавасць выклікала і літаратурная віктарына — пазнавальная і крыху жартаўлівая.

На заканчэнне добрыя словы і пажаданні ўдзельнікам  сустрэчы выказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Мікалаеўна Антановіч. Галоўны іх сэнс у тым, што асноўны скарб любой мясціны — людзі, якія не павінны быць “бязроднымі іванамі”, а старанна вывучаць гісторыю роднага краю і шанаваць лепшыя дасягненні яго людзей.