Капрызы моды на імёны
06 декабря 2013, 10:00

Капрызы моды на імёны

Калі хто думае, што мода найчасцей мяняецца ў вопратцы, то памыляецца, бо на самой справе - у імёнах. Варта паглядзець у ЗАГСе спісы нованароджаных за апошні сезон.
Поделиться

За тры асеннія месяцы гэтага года ў нашым раёне нарадзілася 210 дзяцей, з іх 114 хлопчыкаў і 96 дзяўчынак. Калі глядзіш на спіс імён нованароджаных — вочы разбягаюцца: 45 імён хлопчыкаў і 42 — дзяўчынак. Калі ў мінулым і пазамінулым гадах лідарамі былі Максім і Анастасія (на гэты раз суадносна 7 і 5), то зараз усіх апярэдзілі Аляксандр і Ганна (10 і 9); дарэчы, імя Аляксандр папулярна ўсе гады апошняга дзясяцігоддзя. Гэтай восенню самымі распаўсюджанымі сталі таксама імёны Мацвей (9), Раман, Арцём, Данііл, Дзмітрый (па 6) і Аляксандра (7), Соф’я (6), Елізавета, Дар’я і Мілана (па 4).

Найважнейшай тэндэнцыяй апошняга часу стала адраджэнне старадаўніх, даўно забытых імёнаў: Захар, Майсей, Дзямід, Мацвей, Архіп, Марк, Макар, Мірон, Варвара, Марта, Васіліса, Вульяна, Яраслава. Дарэчы, некаторыя з іх у нашых мясцінах не даваліся больш за 70 гадоў, а імёнамі Дзямід і Яраслава, як і Самусь, Хама, Сімон, Тэкля, Лікерыя і т.п., называлі аж у XIX стагоддзі. Змянілася і форма даўніх імён. Быў Цімох, цяпер Цімафей, Даніла — Даніііл, Зміцер — Дзмітрый, Марка — Марк, Аксеня — Ксенія, Хрысціна — Крысціна. Як бачым, змяненні ў бок рускамоўных варыянтаў. У нашым спісе значацца тры імені ў двух варыянтах: Арцём і Арцемій, Даніл і Данііл, Соф’я і Софія.

Тое, што дзеці, якія атрымалі неўласцівыя для нашых мясцін імёны, маюць бацькоў-замежнікаў, як напрыклад, Дамір, зразумела, але невядома, ці замежнікі далі такія імёны, як Ян, Ціхамір, Эльдар, Назар, Багдана, Эліна, Ніка, Руфіна, Эмілія і Віялета?

Хтосьці з бацькоў, выбіраючы імя дзіцяці, гоніцца за модай, хтосьці шукае непадабенства — маўляў, няхай не як ва ўсіх, а хтосьці чэрпае з серыялаў і часопісаў. Напрыклад: Герман, Эльдар, Аліса, Ніка, Кіра. А ў нас жа так шмат сваіх цудоўных імён! У пагоні за модай забылі ўжо тыя, што былі папулярнымі некалькі стагоддзяў: Пётр — Пятро — Пеця, Васіль — Вася, Сяргей — Сярожа, Рыгор — Грыша, Галіна — Галя, Аксеня — Ксюша і яшчэ з дзясятак найменняў. А ў гэтых і такіх жа імён ёсць яшчэ ласкальныя Петрык, Сяргейка, Васілёк і г.д.

У нашым асеннім спісе шмат хадавых імён у адным асобніку (адзін чалавек на імя): спрадвечныя Фёдар, Мікалай, Анатоль, Ілья, Андрэй і Вольга, Людміла, Кацярына, Алёна. З тройцы Надзея, Вера і Любоў — ні адной Веры.

Трэба ведаць, што выбар імя для дзіцяці — справа адказная. Пачытайце кнігі пра імёны і зразумееце, што імя ўсё ж уплывае на лёс і характар чалавека. Не станьце недобразычліўцам свайму дзіцяці.