Ці “правінцыйная” творчасць у правінцыі?
20 декабря 2013, 11:00

Ці “правінцыйная” творчасць у правінцыі?

Такую тэму абмеркавалі ўдзельнікі “круглага стала”, арганізаванага ў Лунінцы сябрамі Лунінецкай, Пінскай і Баранавіцкай філій БАЖ, сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў і іншымі творчымі людзьмі палескага рэгіёна. Аналагічныя мерапрыемствы на розныя тэмы ладзяцца ў Лунінцы ўжо чатыры гады запар.
Поделиться

Тон дыскусіі задаў сябар БАЖ і СБП Вадзім Жылко (Лунінец). На яго думку, цяпер незалежна ад месца жыхарства ў творчых людзей (прынамсі, літаратараў і журналістаў) ёсць магчымасці для самавыяўлення. Што да канкрэтна Лунінецкага раёна, тот тут назіраецца апрача іншага, такая цікавая з’ява, як шматлікі “самвыдат”: мясцовыя паэты, пісьменнікі, краязнаўцы выдалі ўжо не адну сотню брашур, бюлетэняў, альманахаў, не чакаючы падтрымкі “зверху”, а разлічваючы найперш на ўласныя сілы. Пры гэтым творчасць лунінчан вядома і за межамі рэгіёна, ёю цікавяцца калегі нават з іншых краін.

Сябар БАЖ, краязнавец і літаратар Сцяпан Нефідовіч (в.Любань) прытрымліваецца тых жа поглядаў. Жыццё ў вёсцы не перашкаджае яму плённа працаваць па абраных накірунках, актыўна друкавацца ў СМІ.

А вось ў сябра БАЖ і СБП Міколы Ільючыка з в.Багданаўка больш песімістычны погляд на праблему. На яго думку, перашкодай на творчым шляху можа стаць нават не столькі месца жыхарства творцы, як наяўнасць пэўных “закрытых тусовак” пры СМІ, выдавецтвах і г.д. Інакш кажучы, свае заўсёды ахвотней друкуюць сваіх, чым “чужых”. Вядома, калі гаворка не ідзе пра выданні за ўласны кошт.

Баранавіцкі паэт, сябар БАЖ і СБП Аляксей Белы з М.Ільючыкам не пагадзіўся: жыццё па-за сталіцамі не перашкаджае яму мець добрыя творчыя стасункі з калегамі ў вялікіх гарадах, у іншых краінах. Тых жа поглядаў прытрымліваецца сябар СБП, пінскі празаік Павел Ляхновіч. А сябар БАЖ з Пінска Васіль Мацкевіч увогуле не звязвае паняцце “правінцыі” з канкрэтным памерам або аддаленасцю таго ці іншага населенага пункта, бо і невялікі горад дзякуючы свайму культурнаму асяродку ў творчых адносінах можа часам даць фору значна больш буйным паселішчам.

Кіраўнік Лунінецкай філіі БАЖ Святлана Гарда адзначыла, што ў нашу інфармацыйную эпоху з вялікімі магчымасцямі Інтэрнету і іншых сродкаў камунікацыі паняцце “правінцыі” знікае на вачах, а рэгіянальныя творцы могуць паспяхова праявіць сябе на любым ўзроўні — у залежнасці ад таленту і працаздольнасці.

Удзел у дыскусіі прынялі таксама сябры БАЖ Віктар Карповіч, Таццяна Качаноўская, Алена Юроўская, Люд-міла Хмялеўская, Вікторыя Мікуліч, Вольга Соц ды інш. Большасць не мае ніякіх “комплексаў правінцыйнасці”.

Пасля дыскусіі адбылася творчая вечарына — свае творы чыталі Аляксей Белы (у якога нядаўна выйшаў шосты паэтычны зборнік — “Прыватны сектар”), Павел Ляхновіч, сябар СБП з Баранавічаў паэт Алесь Корнеў, Сцяпан Нефідовіч, Віктар Філатаў і іншыя.