Фізкультура па-лунінецку

— Іван Фёдаравіч, а ўвогуле, якая яна, сітуацыя з фізічнай культурай у раёне?
— Мы гэта бачым па спартыўным жыцці раёна. А яно не такое ўжо і насычанае.
— Што Вы маеце на ўвазе?
— Напрыклад, з-за недахопу сродкаў зусім звернута першынство раёна па футболе, у якім раней прымалі ўдзел амаль усе каманды гаспадарак. Спаборніцтвы былі нават у дзвюх лігах!
— А што зараз?
— А зараз адзіная футбольная каманда аматараў — СВК «Новае Палессе» — удзельнічае у першынстве …Жыткавіцкага раёна.
— Але ж не адзіным футболам жыве чалавек?
— Праводзяцца раённыя турніры па валейболе, баскетболе, настольным тэнісе сярод дарослых і школьнікаў, лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў. Пры гэтым толькі школы штогод выстаўляюць свае каманды, але сярод дарослых колькасць каманд памяншаецца, бо інструктараў па спорце няма амаль нідзе.
— А чаму такая сітуацыя?
— Зноў жа пытанне ў фінасаванні: хто ж будзе гэтую работу бясплатна выконваць? Энтузіязму бракуе.
— А калі паглядзець больш аптымістычна?
— Нягледзячы на цяжкасці, спартыўнае жыццё раёна існуе. «Граніт» выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, два клубы — у вышэйшай лізе па міні-футболе, а хакейная каманда «Лунінец» — у сваім аматарскім першынстве. Праводзяцца спаборніцтвы сярод кіраўнікоў устаноў, настаўнікаў і інш. Таму бачыць усё ў негатыве будзе не зусім правільна. Нейкім чынам фізкультура і спорт у раёне існуюць.
— А ў параўнанні з мінулымі гадамі?
— Вядома ж, раней фізкультурная справа была пастаўлена намнога лепш.
— Іван Фёдаравіч, а каго з энтузіястаў ці проста людзей, апантаных гэтай справай, Вы можаце адзначыць?
— Сярод настаўнікаў фізкультуры школ — Васіля Мацвеевіча Коўшыка з Дварэцкай школы. Гэта несумненны лідар сярод настаўнікаў школ раёна. Яшчэ ёсць у Лунінскай школе Аляксандр Іванавіч Гарагляд. Настаўнік-пенсіянер Аляксей Іванавіч Гнедзька з СШ №1 г Лунінца — з таго ж кола. Але ж найбольш апантаны спортам Валерый Іванавіч Жукоўскі — трэнер Лунінецкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Яшчэ — дзятлавіцкія настаўнікі фізічнай культуры Уладзімір Васільевіч Кацуба і Віктар Фёдаравіч Канапацкі. Каманды Дзятлавіцкай школы на працягу многіх гадоў стабільна становяцца пераможцамі і прызёрамі штогадовых спартакіяд сярод школьнікаў.
— Чаго нестае раёну, на Ваш погляд, у плане папулярызацыі фізкультуры?
— Проста шакуе адсутнасць першынства раёна па плаванні. Маючы басейн у Лунінцы — і не праводзіць спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту? Раней яно праводзілася на базе басейна Дубаўскай СШ.
— Спадзяемся, што з цягам часу сітуацыя з фізічнай культурай выправіцца.
— І я маю надзею на гэта. Бо гэта часцінка майго жыцця.