Шчасця табе, Даша!
23 марта 2014, 16:00

Шчасця табе, Даша!

У купе цягніка нас чацвёра. Трое дарослых, якія едуць да Лунінца, і дзяўчынка гадоў адзінаццаці, што едзе да бабулі і дзядулі ў Столін на канікулы. Тата і мама пасадзілі яе ў Мінску ў цягнік, папрасілі суседзяў і правадніцу прыглядваць за дачкой і сышлі з вагона.
Поделиться

Даша (такое імя ў дзяўчынкі) спачатку адчувае сябе трохі ніякавата ў кампаніі незнаёмых дарослых, але паступова дзіцячая непасрэднасць бярэ верх, усе мы знаёмімся і пачынаем размовы на розныя тэмы.

Даша вучыцца ў адной са сталічных гімназій у пятым класе. Уступныя экзамены здала вельмі добра, але сама вучоба, як прызнаецца, даецца трохі цяжэй, чым у ранейшай звычайнай школе. Да таго ж месяц хварэла, таму ў канцы чвэрці давялося даганяць аднакласнікаў.

Дзяўчынка як дзяўчынка. Гуляе ў гульні на сваім тэлефоне, з апетытам есць розныя прысмакі, што далі на дарогу бацькі… Але паступова высвятляецца, што ёсць у яе свае таленты і здольнасці. Паглыблена займаецца англійскай мовай, трохі ўмее пець і іграць на фартэпіяна, хаця ў музычную школу не ходзіць. А галоўнае, любіць маляваць. Тым болей, што яе пяты клас — з мастацкім ухілам. І хаця даводзіцца ўжо ў такім маладым узросце займацца ў школе аж восем урокаў штодзень, Даша не сумуе. Распавядае, што больш любіць маляваць фарбамі, чым алоўкам, што яе працы бралі на школьныя выставы… Потым пераключаецца на Столін, які лічыць сваім родным горадам. Адсюль яе бацькі. Тут жывуць бабуля (яна працуе настаўніцай) і дзядуля. Праводзіць на Палессі канікулы Дашы вельмі спадабаецца, асабліва летам. А сяброў у яе тут нават больш, чым у Мінску. Сумаваць не даводзіцца.

Пытаюся, які прадмет найбольш падабаецца Дашы ў гімназіі. І чую: “Беларуская мова! Я і дома часам размаўляю па-беларуску, хаця мама адказвае мне па-руску”. Пару дзён назад Даша за адзін вечар вывучыла вялікі верш Рыгора Барадуліна, які тут жа чытае нам. А потым — свой уласны невялікі вершык пра палескі гарадок Столін.

Паколькі я вяртаюся са сталіцы пасля сустрэчы з калегамі — беларускімі літаратарамі — і маю ў сумцы шэраг новых кніг і іншых сувеніраў, то не магу не ўручыць дзяўчынцы некалькі падарункаў. Вось кніга вершаў Ніла Гілевіча. Вось беларускія паштоўкі. Вось каляндар, на якім вядомыя пісьменнікі прадстаўлены ў выглядзе казачных, фальклорных персанажаў. Даша ў захапленні ад нечаканых “прэзентаў”, шчыра радуецца кожнаму падарунку. У календары найперш пазнае народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які не так даўно пайшоў з жыцця. Раю ёй намаляваць ягоны партрэт і дару для будучай карціны зашклёную прыгожую рамку, якая таксама трапілася мне ў сумцы: “Будзе табе напамін аб паездцы!”

Але вось за вокнамі — агні вечаровага Лунінца. Нам трэба выходзіць, а дзяўчынцы — ехаць да Гарыні. На развітанне жадаю Дашы развіваць свае таленты ў маляванні і вершаскладанні, а таксама добра ведаць розныя мовы: рускую, англійскую і, канешне ж, родную беларускую.

Чаму захацелася напісаць пра ўсё гэта? Не толькі таму, што школьніца са сталіцы так прыхільна ставіцца да сваёй Радзімы, да роднай мовы, шануе іх, і гэта дадае аптымізму — можа, урэшце знойдзе наша краіна свой шлях і будуць тут жыць яе сапраўдныя грамадзяне-патрыёты?! Прыемна было таксама лішні раз пераканацца, якія шчырыя і непасрэдныя дзеці ў свае маладыя гады. На жаль, у многіх пазней гэтая шчырасць знікае, душамі дарослых авалодваюць не самыя лепшыя якасці і пачуцці. Ды хочацца верыць, што мая выпадковая спадарожніца і ў сталым узросце захавае светлы настрой душы. Шчасця табе, Даша!