Лёсавырашальнасць ад арла
16 мая 2014, 13:00

Лёсавырашальнасць ад арла

Іван прыехаў у родную вёску пасля вучылішча, уладкаваўся ў калгас. Працаваў і адначасова вучыўся на завочным. Тамара гэтым летам скончыла дзесяцігодку і нікуды не збіралася. Дапамагала бацькам па хатняй гаспадарцы ды на ферме, дзе тыя чаўпліся ўсё жыццё.
Поделиться

Іх хвалілі, паважалі, як казаў бацька, штогод узнагароджвалі граматамі. А калі бацьку далі значок “Ударнік пяцігодкі”, то той ажно падрос, хоць быў зусім невялікага росту, схуднелы і счарнелы, быццам той корч, з мазолістымі, непрапарцыянальна доўгімі рукамі. Бацька піў з тыдзень, абмываючы ўзнагароду. Потым пры кожным зручным і нязручным моманце казаў дачцэ:

— Тома, толькі ў калгас — на ферме рук працавітых не хапае. Не трэба нам той горад, разбэсцішся там толькі. Чуў я, якая там распуста.

— А мо няхай прафесію якую атрымае, вучылася ж добра, — спрабавала выказаць сваё меркаванне маці. Але марна, бо бацька зноў заводзіў тую ж песню:

— Даяркай будзеш, пяцітысячніцай станеш. Будуць узнагароджваць, з прэзідыумаў не будзеш вылазіць, начальства паважаць будзе.

Тамару мала краналі спрэчкі бацькоў. Ці так, ці гэтак — нешта вырашыцца. Галоўнае — Іван кахае яе. Пабяруцца шлюбам на зайздрасць сяброўкам. Добры хлопец, высокі, прыгожы. Яна даўно паклала на яго вока. Іван, канешне ж, карыстаўся папулярнасцю і ў іншых дзяўчат, але ж Тома не промах, вочы выдрапае любой, ды свайго даб’ецца.

У суботу пасля танцаў Іван пайшоў з Тамарай. Дадому не хацелася. Рана яшчэ, толькі поўнач. Майская ноч ахутвала цёплым подыхам. Салаўі надавалі рамантычны настрой гэтаму зусім не выпадковаму спатканню. Тамара пільнавала Івана, каб, крый Божа, ніхто з сябровак не перашкодзіў ажыццявіць задуманае. Вырашыла, што пойдзе на ўсё што заўгодна, але Іван прапануе ёй замужжа. А пакуль што маладыя людзі ішлі па ціхай вясковай вуліцы, што спала спакойным сном, сцішыўшыся пасля руплівага дня. Кусты вербалозу абапал соннай рачулкі і туман над вадою, які ў святле месяца здаваўся нечым казачным і загадкавым…

— Іван, табе добра са мной? — загадкава вымавіла Тамара, цясней прытуліўшыся да моцнага пляча.

— Тома, не пачынай. Вядома ж, добра. Калі б не так, то не пайшоў бы з табой, у клубе вунь колькі дзяўчат было.

— А мне так добра з табою, Ваня! Усё жыццё так бы і прастаяла, прытуліўшыся да цябе, слухаючы твой голас, адчуваючы тваё дыханне і стук сэрца, — Тамарыны рукі ляглі на Іванавы плечы, а вусны прагнулі пацалунку.

Хлопец нахіліўся і пацалаваў Тому. Вусны, шчака, шыя адчулі палкія вусны і моцнае дыханне. Пах адэкалону змяшаўся з пахам алкаголю. Тамара адчула гэты п’янкі водар. Лёгкае галавакружэнне і прага большага ўсхвалявала дзяўчыну яшчэ болей.

— Ваня, ты што, п’яны? — перапытала яна, хоць ведала, што тут няма нічога дзіўнага.

Звычайна хлопцы прыкладваліся да чаркі. Тома зразумела, што яе шанцы ўзрастаюць, і стала больш рашучай і смелай у сваіх намерах.

— Выпілі крышку. І што тут такога? — спакойна адказаў Іван, прымаючы руку Тамары з таго месца, дзе яе не павінна было быць.

— Іван, я хачу быць з табою заўсёды, я хачу нарадзіць ад цябе дзіця, і не адно. Столькі, колькі захочаш ты. Будзем разам працаваць. Табе, як маладому спецыялісту, я ведаю, дадуць калгасны дыхтоўны дом. Мы будзем шчаслівыя. Ваня, я кахаю толькі цябе і больш нікога.

— Тома, не трэба так хутка. Я думаю пагуляць яшчэ пару гадочкаў.

— Пару гадочкаў? Пакуль Верка скончыць тэхнікум? Ведаю я тваё «пагуляць»! А Верка твая там круціцца ў горадзе з кім пажадае, а ты так, у запасе.

— Што ты нясеш? Хочаш, каб пасварыліся? Мне сапраўды трэба вызначыцца, яшчэ інстытут трэба скончыць, а там… Як лёс складзецца, няведама.

— Які лёс, Ваня! Я твой лёс, — дзяўчына паклала галаву на моцныя хлапечыя грудзі.

Тамара выдавіла з сябе слязу і наўмысна жаласліва ўсхліпвала і шморгала носам. Ведала: у жаночых слязах схаваны самыя моцныя рэзервы. Яны  нашмат эфектыўнейшыя за ўсе словы.

— Томка, ну чаго ты расплакалася, дурненькая?! Слухай, а сапраўды, ты маеш рацыю, няхай лёс вызначыць усё ў нашым далейшым жыцці. Ты згодна?

— Я не разумею цябе, Ваня. Ты аб чым гэта? — насцярожылася Тамара.

— Ёсць толькі адзіны выхад. Трэба даверыцца лёсу. Усё вельмі заблытана, ва ўсялякім выпадку для мяне асабіста. Ты згодна?

— Як даверыцца? Дзе той выхад? Аб чым ты?

— Кінем жэрабя. Манетку. Калі арол — мы пажэнімся, рэшка — расстанемся назаўсёды, прабач. Ты згодна?

— Няхай будзе так, як ты, Ваня, вырашыў, — Тамара яшчэ не да канца ўцяміла, што мае адбыцца.

Іван рашуча дастаў з кішэні жалезны рубель, падкінуў яго ўверх і спрытным рухам рукі злавіў лёсавызначальную манету. Сцяты кулак апынуўся зусім блізка ля Тамарыных вачэй.

— Ну што, гатова? — Іван усміхнуўся белазубым ротам.

Лавіна думак абрынулася на Тамарчыну галаву аднекуль з вышыняў, у якіх свяціла поўня. А яна такая ясная, усё відаць як на далоні. І сапраўды, яшчэ нейкае імгненне — і на Іванавай далоні з’явіцца адзнака лёсу: арол ці рэшка, яна ці іншая.

— Божачка, дай, каб быў арол, — падумала сама сабе Тамара, а ўслых вымавіла: “Гатова”.

Іванавы пальцы быццам пад націскам моцнай спружыны расчынілі далонь з ляжачым на ёй рублём. А Тамарка часта-часта заміргала вачыма. Яна ясна бачыла вялікую адзінку на халодным металічным кружку. Такое ж халоднае і невыразнае святло месяца быццам абдало яе нейкім непрывабным дыханнем.

— Прабач, Тома, рэшка, — падсумаваў вынік лёсавызначальнай дзеі Іван. — Як дамовіліся, я тут ні пры чым. Будзем проста сябрамі.

Усё змяшалася ў Тамарынай галаве. Абрыўкі думак, разбітыя мары і няз-дзейсненныя надзеі. Лёгкія дрыжыкі прабеглі па яе целе. Сціхлі салаўі, прарагатаў пугач, быццам смеючыся з яе старанняў і высілкаў.

— Рана смяешся, птушка дураватая, — падумала Тамара. — Яшчэ не ўсё згублена, я сама вырашу свой лёс, а не нейкі халодны мядзяк.

— Тома, позна ўжо, пойдзем, я адвяду цябе, — стрымана прамовіў Іван.

— Добра, Ваня, адвядзі. Сапраўды, запазніліся мы, гуляючы ў твае гульні па вызначэнні лёсу.

Яны нетаропкаю хадою ішлі па начной вуліцы. Размаўлялі мала. Ці дарэчы словы, калі ў адзін момант вызначаны лёс і жыццё кожнага з іх, што пойдзе цяпер па сваім уласным коле.

— Нешта пахаладала. Неяк зябка мне, Ваня, — жаласліва прамовіла Тома.

— Зараз будзе цяплей, — Іван зняў лёгкую куртачку і накінуў на плечы дзяўчыны.

Якою нетаропкаю ні была хада, неўзабаве апынуліся ля Тамарынай хаты. Дзяўчына адчыніла веснічкі ў двор, зняла і працягнула хлопцу куртку.

— Дзякуй табе, Ваня, за ўсё.

— Ты не сумуй, Томка, шмат добрых хлопцаў, знойдзеш сваё шчасце.

— Мабыць, не, бо ты — маё шчасце!

— Усё пройдзе, усё забудзецца, усё будзе нанава. Закахаешся і будзеш шчаслівая.

Зусім блізка праспяваў чыйсьці певень. Гэтыя гукі вярнулі Тамару да рэчаіснасці і да думкі аб тым, што яна сама будзе ствараць уласны лёс.

— Ваня, толькі першы певень азваўся, а заўтра нядзеля. Можа, пасядзім напаследак? Усё роўна ўжо вырашана ўсё. Паразмаўляем, узгадаем тое-сёе. Я так разумею, гэта наша апошняе спатканне.

— Так, апошняе. Можна і пасядзець, але ж бацькоў тваіх пабудзім.

— Не турбуйся, мой даражэнькі, мы ў летніцы пасядзім, — Тамара зусім нечакана прамовіла гэтае “мой”. І зноў яе працяла думка, што яна сама вызначае ўласны лёс і, калі трэба, будзе змагацца за сваё шчасце.

Ціхенька рыпнулі дзверы летняй кухні, амаль нягучна пстрыкнуў выключальнік. Святло цьмянай лямпачкі пад столлю асвяціла стол, некалькі зэдлікаў ля яго і канапу ля акна з вышытымі фіранкамі.

— Сядай, Ваня, — бадзёра прапанавала Тома. — Калі хочаш, па маленькай налью — недзе тут у бацькі было. А то ноч нейкая не зусім цёплая сёння.

— Можна і па маленькай, — пагадзіўся Іван.

Пачуццё віны не пакідала яго, не хацелася крыўдзіць Томку.

У момант на стале апынуліся пляшка гарэлкі, два кілішкі і сёе-тое з ежы.

«Як спрытна спраўляецца з усім гэтая дзяўчына, — падумаў Іван, — імгненна стол прыгатавала». А ўслых прамовіў:

— Сядай ужо, Томка, хопіць мітусіцца.

Тамара прысела насупраць, сама напоўніла посуд і прамовіла першы тост:

— За тваё шчасце, Ваня!

— І за тваё, Тома!

Змесціва бутэлькі паступова змяншалася. Яны ўзгадалі сваё першае спатканне, вечарыны, што праводзілі разам, вясковыя вяселлі, на якіх танчылі разам. Час ад часу ўскліквалі: “А ты памятаеш?” З глыбіняў памяці ўсплывалі эпізоды і імгненні той пары, калі ім добра было разам.

— А ты памятаеш, Ваня. Як нам было добра…

— Памятаю, Тома, — язык зрабіўся непаслухмяным, абрысы дзявочага твару рабіліся такімі мілымі і непаўторнымі, ад пругкіх грудзей, што ўздымаліся пад летняй кофтачкай, здавалася, веяла цеплынёй і пяшчотай.

— Іван, а можа яшчэ раз манетку кінем? – нечакана прапанавала Тома.

Працяг будзе.