Не забава, а сур’ёзны занятак
27 июня 2014, 09:45

Не забава, а сур’ёзны занятак

29 чэрвеня - Дзень вынаходніка і рацыяналізатара. У Лунінецкім дзяржаўным політэхнічным прафесійна-тэхнічным каледжы да развіцця тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ставяцца як і да асноўнага вучэбнага працэсу.
Поделиться

Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Уладзімір Ермаловіч кажа, што заняткі ў гуртках тэхнічнай творчасці дапамагаюць многім навучэнцам глыбей засвоіць спецыяльнасць, стаць больш прафесійным спецыялістам. Такіх гурткоў у каледжы пяць: “Фрэзероўшчык”, “Умелец такарных спраў”, “Электразваршчык”, “Электратэхнічны” і “Радыётэхнічны”.  Гурткі наведваюць больш за 70 навучэнцаў. Разам з майстрамі яны вырабляюць нямала прылад і экспанатаў, якія экспануюцца на пастаянна дзеючай выставе. А гідракапір “Хваля” заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе.

Выпускнік Ігар Рамановіч у 2012 годзе быў прызнаны лепшым маладым рацыяналізатарам Брэсцкай вобласці. Настаўнікам у яго быў майстар вытворчага навучання Іван Іванавіч Русялевіч. А сёлета навучэнец Аляксей Пухцееў, які засвойвае такарную справу, прыняў удзел у Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства “WorldSkills”. На абласным этапе заняў першае месца. На рэспубліканскім узроўні ўвайшоў у залатую сярэдзіну ўдзельнікаў. Гэта пры тым, што ў каледжы няма станкоў з лічбавым кіраваннем. Але здольны хлопец за месяц на спецыяльных курсах у Баранавічах асвоіў і такі такарны станок. Рыхтаваў да спаборніцтваў Аляксея майстар Міхаіл Мікалаевіч Каспяровіч. Дарэчы, летась ён заняў першае месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод майстроў вытворчага навучання Брэсцкай вобласці. Лепшым рацыяналізатарам вучэбнай установы лічыцца майстар вытворчага навучання Мікалай Іванавіч Чэраповіч.

Аб добрай рабоце па развіцці тэхнічнай творчасці сведчыць і ліст-падзяка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокія паказчыкі калектыву работнікаў і навучэнцаў у тэхнічнай творчасці на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Пасля рамонту ў каледжы адкрыўся музей тэхнічнай творчасці. Зараз ён папаўняецца экспанатамі і прыладамі, якія выраблены ў розныя гады.