Мухі
21 июля 2014, 07:56

Мухі

“Здам пакой двум хлопцам-студэнтам за невялікую аплату, дом у прыватным сектары, вуліца…” - Віця чытаў газетную абвестку голасам, у якім ужо не было ніякай надзеі. Міша нервова перамінаўся з нагі на нагу.
Поделиться

— Тэлефануй, бо начаваць на вакзал пойдзем, — Міша тыкнуў пальцам у скамечаную газету.

 — Чакай, а можа яшчэ газет з абвесткамі купім. Апошняя аб’ява. Гэта на ўскраіне, ад метро далёка, ды і аўтобусы там не частыя…

— Звані! Заўтра нядзеля, а там… А там ужо зусім іншымі справамі трэба займацца. Рэчы з камеры захоўвання перавалакчы трэба, уладкавацца неяк.

Хлопцы пазнаёміліся месяц таму, калі падавалі дакументы ва ўніверсітэт. Шмат агульнага было ў гэтых вясковых юнакоў: такія ж простыя сем’і, бацькі-калгаснікі, нават сярэднія балы з розніцай у некалькі дзесятых. І кожны з іх, атрымаўшы выклік з паведамленнем аб залічэнні на першы курс, ведаў: новы сябар таксама паступіў. Сустрэліся напрыканцы жніўня ў сталіцы і дамовіліся трымацца разам, сумесна шукаць жытло. Інтэрнат паабяцалі здаць пасля рамонту недзе праз паўгода. Старшакурснікі папярэджвалі, што ў інтэрнат, калі пашанцуе, заселяць іх толькі на другім курсе. Першыя цяжкасці не напужалі. Маладосць, самастойнасць і прага да дарослага жыцця клікалі наперад.

— Алё, я па абвестцы… У вас здаецца пакой для студэнтаў? — Віця так хваляваўся, што забыўся павітацца, але на тым канцы, відаць, не пакрыўдзіліся, — Добра, адрас скажыце. А кошт? Так, нас двое. Першы курс.

— Ну, што, не занялі яшчэ? — Міша ўсхвалявана перамінаўся з нагі на нагу.

— Не, не занялі. Нейкі дзядзька, жыве адзін, здае цэлы пакой, ды і кошт нармалёвы.

— Паедзем глядзець ці адразу рэчы забяром?

— А што глядзець? Хіба ў нас ёсць выбар? Перакантуемся колькі дзён, калі што не спадабаецца, то будзем шукаць нешта іншае, — Віця падвёў вынік і прапанаваў не чакаць аўтобуса, а ехаць з вакзала на таксоўцы.

 

Кіроўца доўга калясіў па гарадскіх ускрайках, пакуль знайшоў патрэбную вуліцу. Нарэшце таксоўка спынілася ля вялікага драўлянага дома, схаванага ў засені дрэў. Вузкія вокны пазіралі верхнімі шыбамі з-за высокага шчыльнага плоту. Недзе ў двары грозна брахаў сабака. Таксіст выняў паклажу з багажніка і, атрымаўшы за праезд, з’ехаў. Хлопцы ў нерашучасці стаялі на вуліцы, але забразгацелі замкі і да іх выйшаў невялікага росту дзядок у вайсковым фрэнчы, галіфэ і запыленых хромавых ботах.

— Гэта вы і ёсць мае пастаяльцы? — замест прывітання запытаўся дзядуля і далонню прыгладзіў валасы з патыліцы наперад, быццам намагаючыся схаваць досыць вялікую лысіну.

— Так, гэта мы. Прывітанне! — Адказаў Віця за сябе і за сябра.

— Забірайце манаткі і праходзьце ў хату, чаго ж стаяць на вуліцы.

Юнакі пабралі рэчы і пайшлі ў прачыненую браму. За спінай гучна забразгалі нейкія зашчапкі і замкі. Дзядок спрытна абагнаў хлопцаў і адчыніў дзверы ў веранду, а потым у вузкі калідор.

— Вось ваш пакой, тут будзеце жыць. Вось акурат два ложкі, стол для заняткаў, рэчы можна злажыць у шафе. Тэлевізара ў мяне няма, ды вам ён і не патрэбен, больш часу на вучобу будзе. Пойдзем, кухню пакажу, — дзед пайшоў па калідоры, хлопцы за ім.

Невялічкая кухня. Стол засланы бруднай цыратай, некалькі зэдлікаў, стары халадзільнік з дзіўнай, калісьці бліскучай ручкай месцамі пакрыўся іржой. На некалі белых баках — пухнатыя жоўтыя плямы, увесь усыпаны чорнымі кропачкамі, пакінутымі мухамі. На такім жа брудным плафоне вісела стужка-ліпучка для мух са шматлікімі ахвярамі.

— Халадзільнік працуе, можаце карыстацца, посуд у серванце, увогуле сталуйцеся самастойна, мне часу няма, ды і не люблю я гэтым займацца, — дзядуля павярнуўся да хлопцаў: — Ну што, ідзём далей. Гэта мой пакой, там вам рабіць няма чаго, а вось яшчэ адзін вялікі пакой, але сонечны бок, у ім летам горача, а зімою холадна — вокнаў шмат. Тут хіба што радыёлу можна паслухаць, нават некалькі кружэлак маецца.

Радыёла стаяла на вышываным абрусе, зверху засланая такой жа вышыванай сурвэткай, пажаўцелай ад часу. Побач стаяў гаршчок з перасохлай глебай, з якой вытырквалася засохлая сцябліна з некалькімі лісточкамі і венчыкам таго, што некалі было кветкай, відаць, герані. На масіўнай бачыне радыёлы, пакрытай лакіраваным шпонам, была замацавана латунная шыльдачка. Міша паспеў прачытаць на ёй: “Сотруднику Герасимову И.Л. за образцовое выполнение служебных обязанностей”. Нечакана над вухам юнака бзынькнула муха і прызямлілася побач з тым, што некалі было цвітучым вазонам.

— Прыб’ю, зараза! — нечакана нешта гучна свіснула ў паветры, і хлёсткі  ўдар паставіў брудную пляму на сурвэтцы. Распластанае насякомае скончыла жыццё, каб больш не надакучаць гаспадару.

Толькі зараз хлопцы заўважылі ў руках дзеда самаробную мухабойку — моцны кіёк з замацаваным на адным канцы кавалкам пругкай гумы. Па ўсім відаць, мухам тут не салодка.

— Грошы будзеце плаціць на пачатку месяца, суму вы ведаеце. Вечарамі не швэндацца, дзевак не вадзіць і ніякіх п’янак! Зразумелі? Глядзіце ў мяне! Калі што, дык прыплясну, як тую муху. У вас пытаюся — зразумелі?

Невялікія, але пранізлівыя, як свярдзёлкі, вочы гаспадара зірнулі пранізліва і непрыемна.

— Зразумелі, — у адзін голас адказалі  хлопцы.

— Усё, ідзіце ў пакой і размяшчайцеся там, а мне трэба яшчэ Рэкса пакарміць. Вам не раю да яго набліжацца, пакусаць можа.

— Прабачце, калі ласка. Але ж мы нават не пазнаёміліся. Мяне завуць Віця, а гэта Міша.

Віктару падалося, што стары ўздрыгануўся, пачуўшы апошняе імя.

— Якая розніца, як каго завуць. Ладна, завіце мяне Ігар Леанідавіч.

Сабака перастаў брахаць. Дзед нешта казаў яму там, у двары, але слоў было не разабраць.

 

— Ну і трапілі мы з табою, Віцёк… Не падабаецца мне тут.

— І мне не падабаецца, але ці ў нас ёсць выбар? Перакантуемся па першым часе, а там будзе відаць, што далей рабіць, — Міша пачаў спешна распакоўваць валізы. Яму патрэбна было вярнуцца на вакзал, каб вечаровай электрычкай паехаць дамоў. Балазе жыве ў нейкай гадзіне язды ад горада. Забыўся ўзяць рабочую вопратку, хоць і папярэджвалі — першыя два тыдні для першакурснікаў замест вучобы праца на калгасных бульбяніках.

Віця разглядаў інтэр’ер знятага пакоя. Зацікавілі фотаздымкі ў раме на сцяне. На вялікім сямейным фота — муж, жонка, дзяўчынка ў сукенцы з карункамі, бялявы хлопчык у белай кашулі і чорных шорціках на адной шлейцы. Яшчэ некалькі фотаздымкаў той жа самай прыгожай жанчыны. Поўная супрацьлегласць мужу. А яшчэ кажуць, што людзі, жывучы ў шлюбе, робяцца падобнымі адзін да аднаго. Нічога падобнага. Дзіцячых фотаздымкаў няшмат.  Вось дзяўчынка — ёй гадоў трынаццаць, ужо з выразнымі адмецінамі жаноцкай прыгажосці. А вось юнак з пушком пад носам — першай прыкметай даросласці. Віктар разглядаў пажаўцелыя фота з чужога жыцця, ад якіх веяла холадам і сумам.

— Мішка, а скажы, суворы наш дзядок. Ні дзевак, ні п’янак, ні гулянак… Ты заўважыў, на кухні пад ракавінай цэлая батарэя пустых пляшак з-пад “Маскоўскай”. Дзядок наш не промах, я табе кажу.

— Цішэй ты, а то яшчэ пачуе. Увогуле, непрыемны тып, але ж набярыся цярпення. Спадзяюся, што надоўга тут не затрымаемся.

— Але ж ты сягоння застаешся тут адзін, я прыеду толькі заўтра пад вечар, спачуваю.

— Ды не бухці ты,і без цябе мотарна. Неяк жа пераначую, не з’есць ён мяне і мухабойкай не прыхлопне, — Віця хацеў усміхнуцца, але нічога не атрымалася.

— Ладна, бывай, да заўтра! Не сумуй, можа, гэта толькі на першы погляд ён такі непрыемны.

— Пажывём — пабачым.

 

Віця чуў, як Міша аб нечым размаўляў са старым, як бразгацелі замкі і зашчапкі, адгароджваючы гэты сумны і змрочны свет Ігара Леанідавіча ад летняга і квітнеючага перадапошняга жнівеньскага надвячорка.

З пакоя выходзіць не хацелася, і амаль да самага вечара Віця сядзеў за сталом, праглядаючы накупленыя за дзень газеты. Чытаў непатрэбныя аб’явы, спрабаваў разгадваць красворды, але сёння галава была запоўнена нейкімі цяжкімі думкамі, і амаль усе крыжаванкі засталіся запоўненымі толькі напалову. Потым паспрабаваў раскласці рэчы. Стос сшыткаў паклаў на стол, вопратку на ложак. Потым адчыніў, каб агледзецца і вызначыцца, што і якім чынам там прыладзіць,  правую палову шафы. Левую заняў Мішка. Унутры на дзверцы вісеў вымпел з чырвонага аксаміту. Віця прачытаў надпіс золатам: “Победителю…” Паверх наступнага слова было прышпілена некалькі медалёў і нейкі дзіўны знак ці, можа, нават ордэн. На акруглым шчыце скрыжаваныя серп, молат і меч, а ўнізе нейкія дробныя літары.

За дзвярыма пакоя пачуўся тупат старэчых ботаў, і Віця спешна вярнуўся да ложка, каб забраць рэчы ды пакласці іх у шафу.

—      Ну, я бачу, асвоіўся ўжо. Добра. Кладзіся спаць, святло не палі дарма, — праз парог буркнуў дзед, зачыніў дзверы пакоя і паклываў па нейкіх  сваіх справах.

— Баявы дзядуля, вайсковец, ветэран, нават узнагароды мае, — падумаў сам сабе Віця, — гэтым тлумачацца і фрэнч, і галіфэ, і боты.

Ад такой высновы не прыйшла палёгка. С цяжарам нейкай прыгнечанасці, пачуццём трывогі і маркотнымі  думкамі ўладкоўваўся Віця на няўтульным, чужым і халодным ложку ў непрыветлівай і сумнай хаце.

 

…Крытая брызентам машына доўга ехала па горадзе, потым нейкі час трэслася па прасёлку. Ляскалі барты на калдобінах, пранізлівы восеньскі вецер біў у абвіслы  брызент, нібыта хацеў нечым дапамагчы, падбадзёрыць страціўшых усялякую надзею людзей. Але яны маўчалі. Што гаварыць? Аб чым і навошта? Ужо ўсё сказана.

Праз нейкі час машына спынілася на лясной прагаліне. Вецер завываў сваю жалобную песню недзе ў верхалінах векавых сосен. Ахоўнікі, што сядзелі на лаўках абапал бартоў, спрытна загарнулі брызент над заднім бортам, звыкла саскочылі на зямлю, зладжанымі рухамі адчынілі задні борт грузавіка. З кабіны выйшаў зусім малады лейтэнант, які толькі што сядзеў побач з шафёрам, і скамандаваў:

— Выходзім па адным! Становімся ў калону па два!

За некалькі дзесяткаў метраў ад месца выгрузкі стаялі два легкавікі з уключаным святлом. Мітусіліся нейкія людзі. Доўгія цені ад іх у святле фар здаваліся страшэннымі зданямі. Злосны брэх сабак, кароткія каманды — і загад спыніцца. Да калоны падбеглі двое ў форме. Узялі пад рукі першага і подбегам павялі ў той бок, дзе ў святле фар жаўцеў свежы земляны насып. З цемры хуткімі крокамі падышоў да насыпу яшчэ адзін. Яго рука рэзкім і адточаным рухам узнялася да ўзроўню патыліцы таго, хто толькі што стаяў у калоне. Суха шчоўкнуў стрэл — і на земляным насыпе на адзін цень стала меней.

Тыя, што ў форме, зноў жа подбегам вярнуліся да калоны, а стралок вярнуўся да легкавіка і стаў нябачны. Праз імгненне ўсё паўтарылася акурат як першы раз. Тыя ж вывераныя і дакладныя рухі. Такі ж самы гук — і …

Наступны нешта гаварыў свайму няветліваму і маўкліваму суправаджэнню, нешта даводзіў, але гамана, вецер і ракатанне аўтамабільных матораў глушылі вымаўленыя сказы. Толькі асобныя словы вырываліся на волю з палону змешаных гукаў: “Не вінаваты”, “разбяруцца”, “таварыш”.

 

Наперадзе толькі адзін. “Я — наступны”, — нягучна прашаптаў Віця і пастараўся ўзгадаць нешта прыемнае. Мамін твар і яе бяздонныя сінія вочы… Першую паездку з татам у горад, калі ўсё было невядомым і страшным, але было так добра і надзейна трымацца за бацькаву руку… Аксанку, яе мілыя пухнатыя вусны і той першы пацалунак…  “Я — наступны, і мой цень таксама знікне назаўсёды з гэтай зямлі. Навошта? За што?” — адказаў не было. Вось падхапілі і таго, хто перад ім. Можа, ён страціў прытомнасць, а можа, ногі проста адмаўляліся ад апошніх крокаў па гэтай зямлі. Моцныя рукі павалаклі яго да распрасцёртай яміны, што гатовая была прыняць назаўсёды і супакоіць навечна яшчэ аднаго і даць вечны прытулак усім тым, хто не патрэбен тут, на гэтай зямлі, у гэтай краіне.

— Што, сволач, ногі не ідуць! Прыб`ю, зараза, як муху! — знаёмы, недзе раней чуты голас прывёў у напружанне, але Віця не ўзгадаў, дзе ён чуў гэтую лаянку.

Сухі шчаўчок, і сваю справу зрабіў няўрымслівы і дакладны механізм нагана, кіраваны цвёрдай і спрактыкаванай рукой.

Моцныя рукі балюча ўпіліся ў плечы і пацягнулі да таго месца, дзе апошняе святло — няхай сабе і штучнае, ад фар, але ўсё ж святло — упіраецца ў земляны насып з жоўтага жвіру. Навокал цемра. З яе, як драпежная птушка, вылецеў той, з наганам. Яны сустрэліся позіркамі. Ігар Леанідавіч выцер узмакрэлы лоб насоўкай, ёю ж працёр лысіну. Гімнасцёрка, галіфэ і нават фуражка з бліскучым чорным казырком і сінім аколышкам былі запырсканы свежай крывёю.

Віця моцна закрычаў, але голас згу-біўся недзе там, у глыбіні цела. Крычала сэрца, лямантавала душа, але сасмаглыя вусны нічога не маглі прамовіць.

— А — гэта ты! Прыб`ю, як муху! — Ігар Леанідавіч працягнуў рукі ў Віцеў бок. Правая — з наганам, левая — падрыхтаваная да драпежніцкага захопу, гатовая ўпіцца ў самае горла.

— А-а-а! — нямы крык жаху і роспачы прымусіў юнака прахапіцца.

 

…Усё знікла. Віця сеў на ложку, спадзяючыся зразумець, дзе ён і што адбываецца. Водбліск вулічнага ліхтара ў шыбах, рыпенне спружын чужога ложка ды стрыманы брэх Рэкса вярнулі да рэчаіснасці. Хлопец выцер далонню халодны пот з ілба. Прысніцца ж такое! Юнак падняўся. Прайшоўся па пакоі. Падлога прыемна халадзіла ногі. Паміж фіранкай і аконнай шыбай бзынькнула муха, што трапіла ў паву-цінне. Віця націснуў пімпачку на га-дзінніку. Драбнюсенькая лямпачка абу-дзіла сонныя лічбы на цыферблаце – толькі палова другой. Да раніцы яшчэ далёка.

Віця зноў уладкаваўся на ложку. Шмат думаў. Стараўся ўзгадаць нешта прыемнае, каб супакоіцца. Нават спрабаваў лічыць авечак, але дарэмна. Сон не ішоў.

Толькі пад раніцу, забыўшыся ў нейкай стомленай дрымоце, на імгненне заплюшчыў вочы. У агромністай густой цёмна-барвовай лужыне ляжала некалькі стрэляных гільз. На адной з іх сядзела муха і задаволена пацірала лапкамі. Прыкры пах крыві, перамяшаны са смуродам пораху, прымусіў Віцю прахапіцца ад кароткага сну-забыцця.

Першы сонечны прамень крок за крокам абуджаў прастору пакоя. Недзе з кухні даносіўся водар салодкага варыва. Там жа чулася тапаценне старэчых ног. Ігар Леанідавіч рыхтаваў сняданак. А Віця быў задаволены тым, што нарэшце скончылася гэтая доўгая, непрыемная ноч у чужой хаце. Пасля абеду з’явіцца Мішка, можна будзе з’ездзіць у цэнтр, пагуляць і адпачыць перад першым навучальным днём. Хаця якая там вучоба! Урачыстая лінейка ды нейкія арганізацыйныя моманты ў першай палове дня, а потым некалькі замоўленых аўтобусаў павязуць студэнтаў-першакурснікаў падымаць з кален чарговы знясілены ў барацьбе за ўраджай калгас…

Віця выпіў гарбаты і пайшоў у двор. Рэкс для прыстойнасці гаўкнуў некалькі разоў і прыветліва завіляў хвастом, чакаючы, што гэты новы чалавек падыдзе бліжэй, а можа, нават пагладзіць яго ці пачэша за вухам. Але хлопец не наважыўся набліжацца да сабакі, тым больш адказваць узаемнасцю на сабачыя спробы пасябраваць.

 

Каб заняць час, юнак бадзяўся ў двары, некалькі разоў запар перакладваў рэчы, асобна злажыўшы ў заплечнік тое, што будзе патрэбна ўзяць з сабой у калгас, дзе так зачакаліся дармовай працоўнай сілы. Нават спрабаваў чытаць, але набытыя ўчора рэкламныя газеты былі нецікавыя, а кніжак ніякіх з сабою ён не браў. Затое зверху на шафе ляжаў запылены стос пажаўцелых газет. Цяпер такія не прадаюцца. Віця з цікавасцю перагортваў адну за другой, але ўсе артыкулы былі падобны паміж сабой, розніліся толькі прозвішчамі ды яшчэ нейкай нязначнай канкрэтыкай. На нейкіх заводах выплаўлялі сталь, а шахцёры ставілі рэкорды ў здабычы вугалю, касманаўты асвойвалі каляземную прастору, а хлебаробы — цалінныя землі, савецкія людзі змагаліся за мір ва ўсім свеце і дапамагалі афрыканскім камуністам. І ўсё пад мудрым кіраўніцтвам камуністычнай партыі. Многае з прачытанага было не зусім зразумелым для юнака, які толькі што скончыў сярэднюю школу і меў дачыненне да ўсяго прачытанага толькі ў межах школьнага курсу найноўшай гісторыі. А час ішоў, і Віця разумеў, што Міша з’явіцца ўжо зусім хутка.

 

З гаспадаром яны на працягу дня перакінуліся ўсяго некалькімі словамі. Стары больш размаўляў з сабакам ці з мухамі, што назалялі яму на кухні. Раз-пораз адтуль даносілася лаянка і чуліся ўдары самаробнай мухабойкі.

— Прыб`ю, зараза! — крычаў стары, зрэдку падмацоўваючы словы дзеямі.

— Калі ўжо прыедзе твой напарнік? — нечакана запытаўся Ігар Леанідавіч, а пабачыўшы, што Віця схіліўся над старой газетай, дадаў: — Што, цікава?

— Хутка прыедзе, недзе менш за гадзіну засталося, — зірнуўшы на гадзіннік, адказаў Віця.

— Эх, што за краіна была! — кіўнуў стары ў напрамку газетнага стоса. — Як мы жылі тады! Але хіба вы нешта разумееце, цяперашнія.

Ад узгаданага стары атрымаў пэўнае задавальненне, прыцмокнуў ажно з нейкай асалодай і падыбаў з пакоя. Яго задавальнення жыццём хапіла ненадоўга, і з кухні зноў пачулася лаянка.

 

Мішка паспеў на гарадскі аўтобус і прыехаў без спазнення. Бразгат засавак і брэх сабакі адарвалі Віцю ад зжаўцелай прэсы, ад не такіх ужо і далёкіх падзей мінулага. Хлопец чуў, як сябар павітаўся на кухні з гаспадаром. Але замест адказу на прывітанне Ігар Леанідавіч спытаў:

— Ну што, прывёз?

— Прывёз, чакайце, зараз дастану.

Па-здрадніцку бразнула шкло, і Віця зразумеў, аб чым была іх размова ўчора перад ад’ездам.

— Гэта тое, што вы прасілі, а гэта прэзент для вас ад бацькі. Ён сам робіць, з адборнага жыта і недзе градусаў пад пяцьдзясят.

— Добра, што паслухаў. Ідзі ўжо, а то напарнік засумаваў без цябе.

Мішка стрымгалоў уляцеў у пакой, спрытна жбурнуў заплечнік на ложак і падсеў да сябра, што схіліўся над газетай.

— Вітаю! Што пішуць?

— Касмічныя караблі баразняць прасторы сусвету, савецкія войскі выконваюць свой інтэрнацыянальны абавязак, а правадыры партыі змагаюцца за мір ва ўсім свеце… Дзесьці так.

— А чаму без настрою?

— Ды так. Як кажуць, меней ведаеш, лепей спіш. А я, на жаль, зусім не спаў. Хоць канкрэтна нічога яшчэ не ведаю, толькі здагадкі маю.

— Віцька, кінь ты дурное. Пасядзім зараз разам з дзедам, павячэраем. Я харчу прывёз з вёскі, ды і яшчэ сяго-таго. Дарослыя ж ужо, зразумей ты нарэшце! — Міша балюча ляснуў сябра па плячы.

— Нейкі ты надта вясёлы вярнуўся. Нешта прыемнае выдалася?

— Ну,  дык я таксама не спаў, амаль не спаў, бо дапазна з Ірынкай быў. Я табе расказваў пра яе. Ёй яшчэ гадок  у школе, а потым абяцала, што ў наш універ будзе спрабаваць паступаць. А ты чаму не спаў? Новае месца, разумею. Так бывае, пакуль звыкнеш. А што дзед? Злосны ён нейкі. Так ці не? Але, я абяцаю, пабачыш сам, сёння ён будзе ў гуморы, — Мішка сам ставіў пытанні і сам жа на іх і адказваў.

— Міша, нам трэба шукаць іншае жытло. Здаецца, я ведаю, хто на самой справе гэты Ігар Леанідавіч, — Віця перайшоў на шэпт.

— Віцёк, ты мяне пужаеш сваімі загадкамі. І хто ж ён такі, што ты ўжо і жыць у гэтым доме не хочаш?

 

Стол накрылі ў вялікім пакоі. Старому не хацелася цягаць посуд і ўсё астатняе з кухні, але Мішка хадзіў за Ігарам Леанідавічам, назаляючы просьбамі, і той урэшце здаўся.

— Ну і назола ты, хлопча. Як муха тая прычапіўся. Музыка, бач, яму патрэбна, радыёлу слухаць. Яшчэ і дзевак прывядзеш, бо танчыць захочаш, — стары  доўга бурчэў нешта сабе пад нос, раз-пораз памахваючы мухабойкай.

Мішу раздражнялі і мухі, і іх парэшткі, што былі паўсюль, закаравелы посуд і агульная неахайнасць гэтай бруднай кухні. Таму ён з задавальненнем насіў у пакой посуд і ўсё, што патрэбна для вячэры. Калі паселі за стол,  з веданнем справы наліў той самай, бацькавай, прыгатаванай па адмысловаму рэцэпту. І прапанаваў:

— Ну што, за знаёмства!

Не чакаючы нікога, Ігар Леанідавіч узяў шклянку і адным махам выпіў. Мішка паспрабаваў гэтак жа, але закашляўся, з вачэй пацяклі слёзы, і салёны гурок ледзьве ўтрымаў унутры выпітае, што рвалася вонкі. Віця пазіраў то на аднаго, то на другога.

— Ну што ты як малы, бяры ўжо, — з абурэннем звярнуўся да сябра Міша, — Ці ганьбуеш намі?

Прынятыя градусы зрабілі сваю ва-р’яцкую справу ў Мішынай галаве. Час ад часу ён кідаў нейкія рэплікі ў бок сябра. Віця зразумеў — Мішка са скуры лезе, каб спадабацца старому. А таму быццам і справы не было да таго, што адбываецца за сталом і аб чым спрачаюцца гэтыя падшыванцы, якія раптам зрабіліся такімі дарослымі. Ігар Леанідавіч моўчкі выпіваў, амаль не закусваючы. Глядзеў стомленым позіркам на маладых і думаў аб нечым сваім.

 

Віця назіраў, што адбываецца, слухаў Мішку, у якога ўжо заплятаўся язык, а думкі рабіліся ўсё больш бязглуздымі. Сустрэўшыся позіркам з Ігарам Леанідавічам, нечакана ўстрапянуўся. Маленькія вочы з пранізлівымі зрэнкамі і пажоўклымі бялкамі, як свярдзёлкі, працялі наскрозь. Здавалася, што яны бачаць навылёт. Нечакана дзядуля прамовіў:

— А ты што ж? Нейкі падазроны ты. Не п’еш, маўчыш увесь час. Я з табою разбяруся зараз, выдзяляцца ўздумаў. Прыб’ю, гад, як муху прыхлопну!

Ён азіраўся наўкол, быццам шукаючы сваю гумовую зброю.

— Ігар Леанідавіч, давайце яшчэ па адной, — паспрабаваў разрадзіць становішча Міша, — пасядзім, пагамонім…

Стары выпіў і даволі цвёрдай хадой выйшаў з пакоя.

— Ну што ты, адно псуеш усё, — Мішка шэптам звярнуўся да сябра, — нармалёвы дзед. Што ты з яго хочаш? Выпіў бы з намі, што ты выпендрываешся… Сапраўды, лепшы за ўсіх хіба што?

— Не лепшы, але піць не буду, — цвёрда адказаў Віця.

— Міша, ці як цябе там, заводзь шарманку, няхай спявае, а мы прадоўжым, — Ігар Леанідавіч, фальшыва пасміхаючыся, паставіў на стол пляшку, якую прывёз яму ад бацькі Міша.

Мішка поркаўся нейкі час ля старой радыёлы, пакуль уцяміў, што з ёю трэба зрабіць. Лёгкі шоргат і нясмелае патрэскванне ў дынаміку змянілася спакойнай мелодыяй, што асцярожна запаўняла прастору пакоя. Як даўно не гучала тут музыка?

— Ігар Леанідавіч, а за што вас узнагародзілі гэтай радыёлай? Там шыльдачка на ёй замацавана. За якія такія службовыя абавязкі?

— Была адказная справа пад Смаленскам, прыйшлося папацець, — з нейкім задавальненнем адказаў стары, перакуліўшы чарговую шклянку. — Зараз яшчэ вам пакажу ўзнагароды Радзімы.

Ігар Леанідавіч няцвёрдай хадой пайшоў да шафы. Мішка пазіраў на сябра з недарэчнай усмешкай на вуснах. Маўляў, глядзі, з кім я маю справу, не тое, што ты. Дзядуля прыклыпаў да стала, трымаючы вымпел з начэпленымі  ўзнагародамі.

— Вось, саплякі, гэты медаль я атрымаў таксама за смаленскую камандзіроўку, — Ігар Леанідавіч тыцнуў крывым пальцам з жалобным аколышам на пазногці. — Але часцей працаваў тут, на месцы. Мяне заўсёды цанілі, узнагароджвалі, прэміі давалі…

— Ігар Леанідавіч, а чым вы займаліся канкрэтна? — Міша не даў старому скончыць фразу.

— Што ты лезеш, зас…ц, са сваім “канкрэтна”, чаму перабіваеш старэйшых?! Бач ты, асмялеў! Ведаю вас такіх, маладых ды нахабных. Трапілі б да мяне, то па-іншаму размаўлялі б! “Канкрэтна”, а падвялі б да ямы, то і слёзы цяклі б, ды яшчэ што іншае.

— Да якой ямы? — захмялелы розум не дазваляў Мішку скончыць гэтую размову ці перавясці яе ў нейкае іншае рэчышча.

— Не твая справа, смаркач! — зароў Ігар Леанідавіч, бразнуўшы медалямі аб стол. — Налівай лепш, памоўчвай і не злуй мяне сваімі пытаннямі!

 

Мішка наліў і пайшоў да радыёлы, каб змяніць кружэлку. Вярнуўшыся, заўважыў, што стары ўжо спустошыў шклянку, толькі што напоўненую. Размова не клеілася. Нават самагонка больш не магла спрыяць дыялогу людзей, што, можна сказаць, выпадкова сустрэліся ў жыцці. Нешта сталася не так. Можа, Мішу выбіў з каляіны грубы тон старога, а можа, хлопец стаў аб нечым здагадвацца. Хутчэй, не. Піць яму больш не хацелася, размаўляць — таксама. Ён моўчкі вячэраў, вінавата пазіраючы ў бок сябра. Ігар Леанідавіч ўжо сам напаўняў шклянку, выпіваў залпам. Каліва ежы было б толькі на карысць, але стары быццам забыўся пра яе, толькі нюхаў акрайчык чорнага хлеба і нешта бубніў сабе пад нос. Хоць нейкія словы разабраць было можна: “зас…цы”, “прыб’ю”, “мухі”…

— А чаму ніхто не спытае, як я жыву, з кім жыў, хто на гэтых здымках, што на сцяне вісяць? Вам падавай, чым займаліся, канкрэтна, пра службу выведаць хочацца. Хрэн вам, а не пра службу, сакрэт, таямніца!

— Чаму ніхто не спытае пра майго хлопчыка, бачыце фота на сцяне, яго тасама Мішкай звалі, няма маёй кры-віначкі, — стары нечакана заплакаў. Плечы ўздрыгвалі, а ён сядзеў, шчапіўшы рукамі галаву, шморгаў носам і гаварыў нешта зусім ужо неразборнае.

— Ну вось, бакі залітыя, цяпер лішак праз вочы выліваецца, — прашаптаў Міша, павярнуўшыся да Віці. Той змаўчаў, толькі палец прыклаў да вуснаў. Маўляў, маўчы, дурань, не плявузгай чаго не трэба.

— Што там шэпчашся, ахламон? Прыб’ю! — зароў стары, заглушваючы спеў старой кружэлкі. — Смяешся з мяне, смяешся, бо я плачу!

— Што вы, Ігар Леанідавіч, ніхто з вас не смяецца. Наадварот, нам вельмі цікавае ваша жыццё і гераічнае мінулае. Дык гэта ваш сын, мой цёзка? А дзе ён зараз? А што гэта за жанчына, мо жонка? А дзяўчынка-прыгажуня? — Міша сыпаў пытаннямі, спрабуючы замяць непрыемную сітуацыю.

Ігар Леанідавіч апустошыў шклянку, занюхаў хлебным акрайчыкам, спакойна і цвёрда, быццам і не было той першай і другой пляшак, вымавіў:

— Мішка мой на возеры патануў. У лагеры піянерскім. Заўсёды на канікулах у лагер прасіўся, а мне пуцёўку давалі без праблем, у лагер ці ў санаторый. Агароджана ўсё было, вады той па калена, а трэба таму здарыцца. Думаў не перажыву, але ж горшае было наперадзе. Праз год дачушку з жонкай на праспекце машына падбіла. У адной труне пахавалі, побач з сыночкам. Не захацеў сам быць на тым свеце мой Мішка, паклікаў да сябе ўсіх, акрамя мяне. А я жыву. Навошта? Каму цяпер патрэбен? Быў некалі ўсім патрэбен, сям’і, дзяржаве, а цяпер? Дзе тая дзяржава? Няма. Сям’і таксама нямашака. Па суседству жыве тут адна карга старая, з настаўнікаў. Самотная. Рэпрэсіравалі іх, як ворагаў народа, толькі яна з Поўначы і вярнулася, астатнія прапалі ў лагерах. Дык яна аднойчы мне ляпнула на вуліцы: “Гэта табе Божая кара!” Які Бог? Якая кара? Дзе Ён? Я ж ведаю: і прысуд, і яго выкананне, і сама кара — усё ад чалавека. Ад моцнай асобы. Я гэта ведаю, і лепш за астатніх ведаю!

 

Стары схапіўся за бутэльку і выліў усё яе змесціва ў шклянку. Рэзкім рухам перакуліў і, не паспеўшы нават занюхаць, нечакана грымнуўся аб падлогу, быццам і не сядзеў за сталом.

— Што гэта ён? — спужана прамовіў Віця. — Паглянь, жывы хоць?

— Жывы, што з ім станецца, дыхае, — адказаў Міша. — Ён за ўвесь час не з’еў амаль нічога, толькі нюхаў скарыначку нейкую.

— Ведаеш, ты як хочаш, а я сыходжу адсюль зараз жа, не магу я тут знаходзіцца, — Віця падняўся з-за стала, узяў на ложку адну з падушак і паклаў пад галаву Ігару Леанідавічу. — Складваю рэчы — і на прыпынак.

— І куды ты паедзеш? Ноч хутка, неўзабаве і аўтобусы перастануць хадзіць.

— Ты хоць разумееш, хто ён і чым займаўся? Ты разумееш, Міша? Ці табе без розніцы, з кім выпіваць?

— Дык я гэта хацеў як лепш. Каб бліжэй пазнаёміцца.

— Пазнаёміўся… Я табе больш скажу пра ягоныя камандзіроўкі пад Смаленск, хутчэй за ўсё ў Катынь, а праца тут — магчыма, Курапаты ці нейкае іншае месца, якіх у нашай краіне нямала.

— Дык што, ты хочаш сказаць, што ён з тых, хто… — Мішка ў момант працверазеў і толькі лыпаў здзіўленымі вачыма.

— Што тут казаць, і без казання ўсё ясна як белы дзень. Я ўсё вырашыў, зараз жа сыходжу.

— А што з гэтым? — Мішка кіўнуў у бок Ігара Леанідавіча.

— А што з такім станецца? Праспіцца,  назаўтра і не ўзгадае пра цябе, а пра мяне тым больш.

 

Віця пайшоў збіраць рэчы, а Міша стаяў ля радыёлы, пальцам нервова раскручваючы кружэлку. У нейкі момант ён спахапіўся і, быццам баючыся апёку, прыбраў руку. Абвёў позіркам стол. Некалькі мух беспакарана поўзалі па талерках, карыстаючыся момантам. Стары моцна захроп у сне, яму не было ніякай справы да таго, што адбываецца ў ягонай хаце, і тым больш да таго, якія думкі віруюць у маладых галовах студэнтаў-кватарантаў.

— Так, я гатовы!

— Ну куды? Заўтра разабраліся б! Нешта прыдумалі б, — заныў Міша.

— Калі ты са мной, то рэчы адвязём да маёй стрыечнай сястры, яны з мужам здымаюць кватэру недалёка ад вакзала. Да раніцы можам перакантавацца ў іх, растлумачым усё. Зразумеюць і дапамогуць, а не — тады на вакзале пабудзем, раніцай на ўніверсітэцкую лінейку, а потым у калгас. Пакуль будзем там, то нешта праясніцца, — цвёрда прапанаваў Віця. Здавалася, што ён пралічыў усё да дробязей. — Вырашай сам, а я пайшоў.

Горад заціхаў. І без таго спакойны раён прыватнага сектара насцярожана сцішыўся перад надыходам вечара. Віця спакойным крокам ішоў у напрамку аўтобуснага прыпынка. Ззаду цяжка сапеў Міша, нешта незадаволена буркаў сабе пад нос, а потым знянацку зацягнуў песню, якая зусім нядаўна гучала з дынаміка старой радыёлы.