У верасні 39-га
18 сентября 2014, 15:53

У верасні 39-га

Са школьнага падручніка мы ведаем, што 17 верасня 1939 года, гэта значыць, 75 гадоў назад, адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР і ўваходжанне яе ў склад СССР (аналагічны працэс адбыўся і з Заходняй Украінай). Пра тыя падзеі нам нагадвае вуліца 17 Верасня, якая ёсць у Лунінцы , як і ў шмат якіх іншых беларускіх гарадах.
Поделиться

Нагадаем, што 1 верасня 1939 года нападам фашысцкай Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Згодна з афіцыйнай савецкай гісторыяграфіяй, да сярэдзіны верасня Польская дзяржава была фактычна разбіта і нямецкія войскі гатовыя былі захапіць землі заходніх беларусаў і ўкраінцаў, што належалі Польшчы з 1921 года. Вось таму Чырвоная Армія і пачала свой вызваленчы паход: каб уратаваць “супляменнікаў” ад фашызму.

Аднак дакументы, якія пазней сталі здабыткам галоснасці, паказваюць, што такая ідылічная карціна не адпавядае рэчаіснасці. Падзел Польшчы быў замацаваны яшчэ за тыдзень да пачатку вайны сакрэтным дапаўненнем да савецка-германскай дамовы, або “пакта Молатава — Рыбентропа”. Палякі расцанілі наступ савецкіх войск як “нож у спіну”. Паход Чырвонай Арміі зацягнуўся амаль на два тыдні. У шэрагу месцаў адбыліся ваенныя сутыкненні з польскім войскам, загінулі або былі параненыя сотні людзей.

Лунінец, дарэчы, быў заняты савецкім войскам не 17 верасня, а трохі пазней, паколькі часткі Чырвонай Арміі рухаліся ад савецка-польскай мяжы (яна праходзіла па рацэ Случ за Мікашэвічамі) у бок Пінска і Берасця досыць павольна. А наперадзе ў іх быў сумесны ганебны савецка-фашыстоўскі “саюзны” парад у Берасці…

Але, як сведчаць лунінецкія старажылы, насельніцтва нашага горада вітала чырвонаармейцаў як вызваліцеляў. Па-першае, сапраўды, у людзей быў страх перад навалай вайны, што магла ахапіць наш край з захаду, з Польшчы. Па-другое, добра спрацавала савецкая прапаганда, якая стварыла “вызваленчы” імідж (як не згадаць тут падзеі 2014 года ў Крыме?).

Так ці інакш, а савецкіх салдат лунінчане сустракалі кветкамі. Як згадвала адна са старых лунінчанак, яе бацька радасна падышоў да чырвонаармейца-вартавога, якога паставілі новыя ўлады каля пешаходнага моста побач з вакзалам, і сказаў: “Як жа мы вас чакалі!” А чырвонаармеец толькі сумна пасміхнуўся ў адказ: “Можа, і дарэмна чакалі”… І сапраўды, вельмі хутка пачаліся рэпрэсіі супраць шмат якіх катэгорый насельніцтва, высылка нашых землякоў у Сібір і Казахстан. Усталяванне новых парадкаў у чэрвені 1941 года перапыніла вайна, якая дайшла-такі і да нашых мясцін. Пачаліся гады гітлераўскай акупацыі з яе шматлікімі пакутамі і ахвярамі. І не аднойчы за ХХ стагоддзе перакочваліся праз Беларусь гістарычныя хвалі, несучы нашаму народу новыя выпрабаванні.

З верасня 39-га прайшло ўжо тры чвэрці стагоддзя. Беларускі народ збольшага стаў адзіным на палітыка-геаграфічнай карце (хаця ў тым жа 1939 годзе згубіў Віленшчыну, што адышла Літве, а пасля вайны — Беласточчыну, якая была аддадзена савецкім кіраўніцтвам Польшчы). Вяртанне да перадваенных рэалій, канешне ж, немагчыма. Але памятаць пра няпростыя старонкі гісторыі ўсім нам варта…