«Покліч Палесся»: Лунінецкі раён — з дыпломам, а Валерыя Валынчыц — каралева прыгажосці
19 сентября 2014, 12:02

«Покліч Палесся»: Лунінецкі раён — з дыпломам, а Валерыя Валынчыц — каралева прыгажосці

У вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці адбыўся фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся». Сёлета ён праходзіў ужо ў трэці раз - у рангу міжнароднага форуму.
Поделиться

На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы сярод творчых калектываў з пяці краін годна прадстаўлялі Беларусь і наш раён народныя ансамблі «Шляхцічы» Лунінецкага ГДК і «Вандроўнікі» Дварэцкага ЦСДК.

На набярэжнай ля ракі Прыпяць размясціліся тэматычныя падворкі. На «сядзібе» нашага раёна работнікі ўстаноў культуры і творчыя калектывы дэманстравалі паляўнічы пір у час радзівілаўскага палявання на Палессі, адштурхнуўшыся пры гэтым ад падання пра тое, як князь Радзівіл у час палявання сказаў пра палескія мясціны: «Люба мне!», ад чаго і ўзяла сваю назву вёска Любанне (Любань). Наведвальнікі падворка маглі пазнаёміцца не толькі з этнаграфічнымі традыцыямі Лунінеччыны, але і з рэцэптамі мясцовых страў.

На лясной паляне для гасцей фестывалю працавалі майстар-класы, у тым ліку «Разьба па дрэве» (майстар Сяргей Пятровіч Гнедзька з Вялікіх Чучавічаў) і «Бандарства» (Аляксей Уладзіміравіч Жогла з Багданаўкі).

Быў у праграме фестывалю і канцэрт аўтэнтычных фальклорных калектываў. Народнае аматарскае аб`яднанне «Світанак» Дзятлавіцкага ЦСДК прадставіла фрагменты старажытных летніх і асенніх каляндарна-земляробчых і сямейна-побытавых песень. Калектыў узнагароджаны дыпломам за значны ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры.

Сваё майстэрства праявілі дырэктар Язвінскага СДК Жанна Лапаціна і мастацкі кіраўнік Галіна Абрамчук з гульнявой праграмай «Лунінецкія клубніцы».

У час свята ручніка на адпаведнай выставе былі прадстаўлены 6 ручнікоў з нашага раёна, якія выткалі майстрыхі Алена Васільеўна Капліч і Марыя Рыгораўна Баўкуновіч з Сінкевічаў, Вольга Фёдараўна Мелюх з Вулькі 1, Марыя Іванаўна Арэхва з Велуты і Валянціна Сяргееўна Абраменя з Луніна.

У канцэртным марафоне бралі ўдзел народны ансамбль «Сустрэча» Кажан-Гарадоцкай ДМШМ, ансамбль «Весніца» Палескага СДК і ўжо згаданыя калектывы «Світанак», «Шлях-цічы» і «Вандроўнікі».

Упершыню ў рамках фестывалю адбыўся конкурс прыгажосці і эстрадна-сцэнічных талентаў «Палеская прыгажуня-2014». Сярод 20 удзельніц з 11 раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей былі і нашы зямлячкі Валерыя Валынчыц (настаўніца Палескай ДМШМ) і Марыя Юрчык (настаўніца Дварэцкай ДМШМ).  У фінале дзяўчаты паказалі свае творчыя здольнасці, харэаграфічныя і эстрадныя таленты. Пераможцай конкурсу стала 20-гадовая Валерыя Валынчыц, а ўзнагародамі шасці прызёрам былі залатыя ўпрыгожанні з жэмчугам і тапазамі.

Удзел у праекце «Уладар сяла» прыняла сям`я Абравец з Луніна. Ёй давялося змагацца з іншымі ўдзельнікамі ў час конкурсаў «Вітаем па-палеску», «Лоўля рыбы», «Па дровы», «Чыстка бульбы». У выніку нашы землякі заваявалі прыз сімпатый гледачоў.

Творчая дэлегацыя Лунінеччыны за актыўны ўдзел у фестывалі «Покліч Палесся» і папулярызацыю нацыянальнай культуры ўзнагароджана дыпломам за подпісам кіраўніка аргкамітэта, віцэ-прэм`ера беларускага ўрада Міхаіла Русага і каштоўным падарункам (ноўтбукам).

Нельга не адзначыць, што свой ўнёсак у поспех лунінчан зрабілі не толькі самадзейныя артысты, але і кіраўнікі і прадстаўнікі шэрагу ведамстваў. У тым ліку шмат падрыхтоўчай працы пры афармленні «падворка» і іншых сцэнічных пляцовак выканала гаспадарчая група аддзела ідэалогіі і культуры на чале з Віктарам Рыгоравічам Паулічам. Былі скарыстаны экспанаты Лунінецкага музея, паляўнічыя трафеі лунінчаніна Івана Соца, карціны Валянціна Мурко…

А завяршыўся фестываль святочным феерверкам і лазерным шоу ў небе над Прыпяццю.