У Васіля Жуковіча — юбілей

Аўтар каля трох з паловай дзясяткаў кніг паэзіі, сатыры і гумару, зборнікаў вершаў, казак і загадак для дзяцей, а яшчэ — тэкстаў шматлікіх песень, празаічных твораў (аповесці і апавяданняў), перакладаў вершаў шматлікіх паэтаў — ад Адама Міцкевіча і Івана Франко да Наваі і Махтумкулі… Творы нашага слыннага літаратара ўключаны ў школьную праграму для дзяцей.
З Васілём Аляксеевічам пашчасціла шмат разоў сустракацца ў Мінску і Брэсце, а таксама ў Лунінцы і Мікашэвічах, дзе ён выступаў у навучальных установах. Пастаянна чытае і нашу “Информ-прогулку”, прычым не проста “прабягае па дыяганалі”, а з цікавасцю, як сам прызнаваўся, знаёміцца з тэкстамі лунінецкіх журналістаў і пазаштатных аўтараў. І дае добразычлівыя ацэнкі іх творчасці. Увогуле, добразычлівасць, чалавечнасць — адна з найгалоўнейшых рыс ягонага характару. І аніякага ценю “фанабэрыі” або ганарлівасці, хаця, аб’ектыўна кажучы, пры сваіх творчых дасягненнях адзін са старэйшых і вядомейшых беларускіх літаратараў меў бы на тое маральнае права.
А яшчэ Васіль Жуковіч — шахматыст са шматгадовым стажам, які нават у свой юбілейны дзень прыняў удзел у шахматным спаборніцтве ў сталіцы. І не толькі гуляе ў шахматы, але і складае задачы і эцюды, не адзін верш прысвяціў старажытнай гульні і яе аматарам. Не аднойчы быў чэмпіёнам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
З юбілеем, наш даўні і шчыры сябар! Здароўя, даўгалецця, творчага і жыццёвага плёну і новых кніг!
На здымку Міколы Ільючыка, які зроблены ў час пісьменніцкага сходу ў Брэсце ў 2011 годзе, — шаноўны Васіль Жуковіч з аўтарам гэтых радкоў.
Закончыць жа хочацца вершам В.Жуковіча:
* * *
Выгодаў шмат гатоў аддаць я
За шолах жыта і бяроз
У краі, дзе магіла маці,
Дзе нарадзіўся і узрос.
Аддам спаўна душы багацце
Краіне самых светлых кроз,
Каб не памерла мова маці,
Адно з якой мой шчасны лёс.