Адметнае свята
24 октября 2014, 09:39

Адметнае свята

17 кастрычніка ў Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага адбылася традыцыйная літаратурная вечарына памяці гэтага паэта і пісьменніка, чыя маладосць і пазнейшая творчасць шмат у чым звязаны з Мікашэвічамі.
Поделиться

Пачалося літаратурнае свята з расповеда пра жыццё Уладзіслава Іосіфавіча (1929-73), якое з пэўнымі элементамі тэатралізацыі прадставілі вядучыя Ксенія Купрыяновіч, Данііл Цуба і Мікола Якубовіч (ён выступаў у ролі Ня-дзведскага). Вершы паэта-земляка і песні на ягоныя словы выканалі Леанід Арыновіч, Арына Шлыкава, Ілья Аляксейчык, дуэт Аляксандра Насовіча і Настассі Пуцель, трыа ў складзе Паўла Заруцкага, Ганны Серавокай і Вольгі Гаўрыленка.

Гімназісты - дыпламанты 2014 года

Дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Высоцкі нагадаў аб слаўных літаратурных традыцыях гэтай навучальнай установы, аб славутых беларускіх творцах, што тут выступалі ў розныя гады. На жаль, адзначыў ён, у мінулым годзе пайшлі з жыцця народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін (ён так і не паспеў пабываць у Мікашэвічх, хаця цікавіўся дзейнасцю гімназіі, не аднойчы перадаваў прывітанні ўдзельнікам вечарын), Генадзь Бураўкін (двойчы бываў тут), а таксама лунінецкі творца Віктар Філатаў, нязменны ўдзельнік мікашэвіцкіх творчых імпрэз… Не ўсе змаглі прыехаць на вечарыну і сёлета, але свае віншаванні перадалі сястра Ул.Нядзведскага Віня Іосіфаўна, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, шэраг іншых творчых асобаў.

На творчым рахунку Эдуарда Акуліна звыш за 50 песень

Жыццё і творчасць не стаяць на месцы, і паступова расце змена цяперашнім паэтам. Па традыцыі былі ўшанаваны лепшыя з юных літаратараў гімназіі. Граматамі за творчыя поспехі ў літаратурнай дзейнасці сёлета адзначаны 9-класніца Настасся Ерамяевіч, 7-класнік Уладзімір Цярэня, 6-класнікі Цімафей Аляксейчык і Настасся Давідовіч. Прыемнымі дапаўненнямі да дыпломаў сталі салодкія прызы, якія забяспечыў фундатар — прадпрыемства “БелСІТ” на чале з Пятром Іванавічам Сапунжы. А ўручылі ўзнагароды дыпламантам ганаровыя госці — вядомыя беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, бібліятэчны і выдавецкі дзеяч з Мінска Людміла Васільеўна Несцяровіч, старэйшына лунінецкіх літаратараў Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч…

Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін у “прэзентацыі” не маюць патрэбы — з іх творчасцю добра знаёмыя тыя, хто цікавіцца беларускім мастацкім словам, да таго ж яны шматкроць бывалі на Лунінеччыне, у тым ліку ў Мікашэвічах. На гэты раз перад пачаткам гімназічнай вечарыны яны выступілі ў СШ №3 г.Мікашэвічы, а потым — перад пачатковымі класамі гімназіі.

Людміла Васільеўна Несцяровіч - сапраўдны рыцар беларускай кнігі

Леанід Дранько-Майсюк чытаў вершы і свае, і Нядзведскага, запрасіўшы дапамагаць сабе гледачоў, што тыя ахвотна і зрабілі. Агучыў ён і верш пра мікашэвіцкі граніт, своеасаблівы “пастскрыптум” да свайго ж верша 2010 года. Эдуард Акулін распавёў аб працы над бардаўскімі песнямі і выканаў некаторыя з іх. Абодва творцы прадставілі новыя нумары часопіса для дзяцей і юнацтва “Верасень”, які рэдагуе Э.Акулін. На гэтай аптымістычнай ноце і скончылася вечарына, хоць потым былі яшчэ чэргі па аўтографы, фотаздымкі на памяць з гасцямі…

Сталічныя паэты адзначылі той гасцінны і творчы дух, які пануе ў Мікашэвіцкай гімназіі. Яны перакананы, што ў гэтым вялікая заслуга калектыва навучальнай установы на чале з С.П.Высоцкім: яго намеснікаў, настаўнікаў, бібліятэкара, іншых супрацоўнікаў і, канешне ж, саміх вучняў. Нездарма Мікашэвічы з’яўляюцца адной з прыкметных кропак на літаратурнай карце нашай краіны.