Германія. Ротэнбург-на-Таубэрэ
Пасля Швейцарыі апошняя наша экскурсія была ў адзін са старажытнейшых гарадоў Германіі - Ротэнбург-на-Таубэрэ. Ён уваходзіць у знакамітую “рамантычную дарогу Германіі”. Знаходзіцца ў даліне ракі Таубэр. Галоўная яго асаблі-васць – гэта сярэдневякоўе, якое захавалася да гэтага часу.

Японскія турысты гавораць, што калі хочаш уведаць Еўропу, дык пабывай у Парыжы, Венецыі і Ротэнбургу.
Сапраўды, невялікі гарадок акаляе вас старажытнай гарадской сцяной з вежамі і бастыёнамі, брукаванымі колавымі вулачкамі, фахверкавымі домікамі з чарапічнымі вастраверхімі дахамі і т.д. А колькі тут усялякіх славутасцяў. Узяць хаця б «Шынок паноў дарадцаў”, які з’явіўся тут у 1446 годзе. Высокі франтон, які ўпрыгожаны валютамі (завіткамі), сонечны і гарадскі гадзіннікі.
Калі ж падымешся на аглядную пляцоўку гарадской ратушы, дык ад захаплення дух займае. Якое хараство, якая даўніна, якое месца прыгожае…
Словамі ўсяго не выкажаш. Лепш паглядзець, сфатаграфаваць, пахадзіць па горадзе, насалодзіцца даўніной.