Красуны
28 ноября 2014, 10:00

Красуны

Штогод у канцы лістапада ўсталёўваюцца халодныя дні, а з імі - першае снежнае покрыва. І, заўважана, кожны раз за пару дзён, а то і напярэдадні снегападу ў нашы гаі і паркі прылятаюць паўночныя госці - снегіры.
Поделиться

З нягучным флейтачкавым свістам яны пралятаюць над вясковымі вуліцамі, апавяшчаюць пра снег. Прыказка сведчыць: “Прыляцелі снегіры — ляжа снег на двары”. Мо таму народ і назваў гэтых птушак снегірамі.

У апошнія гады і на Палессі пачалі сяліцца гэтыя прыгожыя птушкі. Але свае — рэдкасць, а найбольш з’яўляюцца паўночныя госці. Недзе аж з тайгі прылятаюць да нас, каб перажыць зіму.

Сядзяць прыцішаныя птушкі на галінах ясеня і высвістваюць просценькую мелодыю: “фю-фю”, “люб-люб”. Ну каму ж не любы такія спевакі! Пеўнікі-снегіры каранастыя, рубашачкі на іх чырвоныя, на галовах з водбліскам шлемы, на шыях — шэрыя шалікі. А вось снягіркі куды як сціпла апрануты, як верабейкі: бежава-шэрыя і без глянцу.

Але чым ужо не абдзелены снягірачкі, дык гэта талентамі. Песні насвістваць — не горш за напарнікаў. Хіба толькі галасок цішэйшы. Дарэчы, не ва ўсіх птушак самкі спяваюць. Снегірыныя напевы вельмі кранальныя і прыемныя, таму аматары пеўчых птушак, бывае, і прыручаюць чырванагрудых самчыкаў.

Даверлівыя гэтыя птушкі. Спакойна аглядваюць назіральніка, блізка да сябе падпускаюць птушкалова, таму і страчваюць свабоду. Дома, прыручаныя, бяруць корм з рук. На волі снегіры зімой клююць насенне пустазелля, а таксама крылаткі ясеня і ягады рабіны і каліны. Хаця ягады снегірам не патрэбны, а толькі семечка, а мякаць кідаюць на дол. Вось чаму пасля харчавання гэтых пташак пад дрэвамі ўбачыш мноства раздробленых пладоў.

Снягір — птушка невялікая, але ў мароз — напышана, што дае ёй цяпла. У такой вопратцы ён не баіцца ні сцюж, ні вятроў. Ногі кароценькія, апушаныя, вельмі прыстасаваныя для моцнага прымацавання да галін і лоўкіх скачкоў. Лётае птушка лёгкімі хвалямі.

Вядома прывязанасць снегіроў — іх пары вызначаюцца на ўсё жыццё. Калі адзін з іх гіне, то другі “сем’янін” вельмі цяжка перажывае адзіноцтва, пры спеве выдае трывожныя посвісты…

Снягір — краса зімы. Ён цудоўна глядзіцца на любым дрэве, ці то на зялёным, хвойным, ці на някідкім зімой лістападным. Асаб-ліва мілы на белым фоне.