Яшчэ дзве вёскі перадатаваны, або Яжаўкі “пастарэлі” на 44 гады
Але, як выявілася, абедзве вёскі атрымліваюць іншыя дні нараджэння. Нядаўна аўтар гэтых радкоў працаваў з дакументамі на старапольскай мове і зрабіў для сябе ксеракопіі іх. Гэта метрычныя запісы, з якіх вынікае, што 9 лютага 1763 года (па новым стылі) жыхарка Ястрабля Хвядора Караліха была кумою пры хрышчэнні дзіцяці ў цар-кве. Так што бліжэйшы юбілей Ястрабля прыйдзецца на 2018 год, калі вёсцы споўніцца 255 гадоў!
Прыемная навіна і для Яжавок: вёска мае больш даўнюю гісторыю, чым лічылася. Зноў глядзім метрычны запіс, толькі іншы. У ім гаворыцца, што 30 жніўня 1756 года (дата па новым стылі) Ян і Яўфімія Карчэўскія з Яжавок сталі хроснымі бацькамі Андрэю Кісялевічу. Так што трэба пагадзіцца: у вёсцы цяпер іншы дзень нараджэння, а бліжэйшы юбілей чакаецца ў 2016 годзе — Яжаўкам споўніцца 260 гадоў. Дарэчы, у апошнія дні жніўня нярэдка праходзяць ўрачыстасці з нагоды новага навучальнага года. Чаму б на першым уроку не згадаць юбілей вёскі і прычыны яе перадатавання?
Камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая адна мае права ўносіць змяненні ў датаванне населеных пунктаў, ужо атрымала ўсе доказы аб неабходнасці гэта зрабіць для Ястрабеля і Яжавок.
Усім — і жыхарам Ястрабля, і жыхарам Яжавок — жадаю дажыць да новых і новых юбілеяў. Гэта і для мяне свята. Нават двайное. Бо знайсці першыя пісьмовыя звесткі адразу пра дзве вёскі — такое шчасціць ня часта і далёка не ўсім даследчыкам гісторыі, нават сталічным, у якіх шмат архіваў ледзь не пад рукою.