Трафей да Новага года
24 декабря 2014, 10:00

Трафей да Новага года

Чалавечае жыццё - цікавая кніга. Некаторыя яе старонкі хочацца перачытваць зноў і зноў. Мне нярэдка ўспамінаецца расказ старога ветэрана, якога няма ўжо ў жывых.
Поделиться

Канец 1943 года. Пасля цяжкага ранення салдат патрапіў у прыфрантавы шпіталь. Раны памалу зацягваліся, і неўзабаве франтавіка адправілі ў тыл на далечванне. Дарога была вельмі цяжкай. У некаторых таварышаў адкрыліся раны, павязкі былі ў плямах крыві. Санітары спяшаліся пагрузіць у вагоны пакалечаных салдат. Многія з іх не маглі ісці, іх неслі на насілках.

У вагоне франтавік знайшоў сабе ўтульны куток. Але раптам адзін з санітараў заўважыў: “Салдат, тут едзе начальства. Пашукай сабе іншае месца. Зможаш сам ісці?” Знясілены салдат папрасіў кіёчак і пачаў збіраць свае няхітрыя рэчы. Раптам пад падушкаю намацаў нешта цвёрдае і прадаўгаватае. Адгарнуў ражок і ўбачыў бутэльку “Савецкага шампанскага”. Павеяла мірным жыццём, цёплымі ўспамінамі і ціхай радасцю. Не зусім цямячы, што робіць, паранены хуценька запіхнуў бутэльку ў рэчавы мяшок і, апіраючыся на кіёчак, павольна накіраваўся ў другі канец вагона.

Калі ўладкаваўся на новым месцы, паклаў трафей каля забінтаванай нагі і акуратна прыкрыў коўдрай. Неўзабаве пачулася лаянка. Відаць, адзін з начальнікаў выявіў прапажу. Па вагоне пайшлі санітары. Да параненых яны ставіліся са спагадай, а таму больш рабілі выгляд, чым шукалі. Праз некаторы час усё сціхла.

Цягнік прыпыніўся на незнаёмай станцыі, і параненым пачалі раздаваць вячэру — кашу з вялікім кавалкам мяса. Такое багатае меню ў многіх выклікала здзіўленне. Але медсястра растлумачыла: “Праз пару гадзін праб’юць куранты. З надыходзячым вас, хлопчыкі!”

Людзі, якія страцілі пачуццё часу ад болю і нягод, забылі пра тое, што сёння — Новы год. Салдат памалу намацаў каля нагі бутэльку з шампанскім і звярнуўся да суседа: “Выпіць хочаш? Тады пайшлі адзначым…” Адзін за адным яны пакульгалі ў тамбур.

Там, у марозных прыцемках, франтавікі па чарзе пілі саладкаваты напой — за будучую перамогу, за сем’і і абавязкова — за тых, хто не вярнуўся з поля бою…