Надвор’е — па катах, цi Якасныя зiмы — не для нас
05 февраля 2015, 12:00

Надвор’е — па катах, цi Якасныя зiмы — не для нас

Калі верыць прагнозам сіноптыкаў, з надыходам лютага да нас вяртаецца зіма з характэрным для яе надвор’ем. Хаця ў нашым выпадку лепей было б сказаць, што яна не вяртаецца і працягваецца, а толькі-толькі пачынаецца. Снежань быў незвычайна цёплым, студзень таксама. Снегапад ды замаразкі працягваліся літаральна па некалькі дзён. Нават санкі, пра прагулкі на якіх так мараць дзець, дастаць не ўдавалася.
Поделиться

Незвычайна цёпла было і на Вадо-хрышча. Звычайна ж у гэты дзень мароз літаральна трашчыць. Нездарма ж вадохрышчанскія маразы славяцца сваёю моцнасцю. Па народных прыкметах, калі ў гэтае свята мяце завіруха, то мясці яна будзе яшчэ доўгі час. Паколькі сёлета на Вадохрышча завірухі не было, дзень быў даволі цёплы і пахмурны, то, пэўна, калі зіма і прыйдзе на Палессе, то ненадоўга.

Пэўна, многія баяцца паўтарэння вясны 2013-га, калі на працягу сакавіка вышыня снежных гурбаў часам дасягала верхавін платоў. Тады, здавалася, вясна не прыйдзе ніколі. Асабліва цяжка прыйшлося вясковым жыхарам ды гараджанам з прыватнага сектара. Каб расчысціць дарожку ад дзвярэй у хату да веснічак, даводзілася патраціць нямала часу і сіл.

Старыя людзі ўспамінаюць, што ў часы іх дзяцінства такія суровыя зімы былі заўсёды. У школу хадзілі па “тунэлях” у снезе, за якімі былі бачны толькі брылі дахаў. Некалькі хвілін на вуліцы — і шчокі ружовыя, нібыта нафарбаваныя!

— Затое не хварэлі, — кажа з гэтай нагоды мая знаёмая, якой нядаўна споўнілася семдзесят гадоў. — Жылі ў вёсцы. Нас, дзяцей, у бацькоў было сямёра. Не было ні вопраткі добрай, ні абутку. Гумавыя боты ды лапці на ўсе поры года. Вясною, ледзь снег сыдзе, мы, малыя, басанож на вуліцу бяжым. Ледзяшы грызлі, калі набегаемся ды піць захочам. І ніякая хвароба нас не брала. Памятаю, захварэла толькі аднойчы. Дык маці малаком з мёдам адпаіла. Нават у ложку ляжаць не давялося. Гэта зараз у паліклініцы ды ў бальніцы бываю гэтулькі ж часу, колькі і дома. А ўсё чаму? Меліярацыю правялі, у прыроду ўмяшаліся. Вось і клімат змяніўся. Ні зіма на зіму зараз не падобная, ні лета на лета. І ўраджаі зараз не тыя, што раней. Патрэбная колькасць цэнтнераў ды тон дасягаецца толькі з дапамогаю розных хімікатаў. Дзе ж тое здароўе будзе?! Ды што нам, старым, казаць. Вунь маладыя як хварэюць і дзеці таксама. Няхай у наш час не было такіх выгодаў, як зараз, затое ўсё якаснае было. І садавіна, і агародніна, і мяса, малако. І зіма нават у нас была якасная…

Жанчына, канешне ж, мае рацыю. Аднак, пэўна, мала хто з нас, маладых, разбэшчаных усемагчымымі выгодамі і разнастайнасцю прапаноў сучаснасці, змог бы жыць у тых, былых, умовах… Аднак мы не пра гэта. Вернемся да зімы.

Яшчэ адзін мой добры знаёмы, малады хлопец, кожны год зімовае надвор’е прадказвае па… катах. Калі яны восенню напушаныя, тоўстыя, з бліскучай шэрсцю — быць зіме марознай і снежнай. Сёлета ён не памыліўся. Казаў, што каты (якіх кожны дзень сустракаем на вуліцы) выгляду не змянілі. Значыць, зіма будзе цёплай. Так і атрымалася. А вось апошнім часам хлопец заўважыў, што чацвераногія сябры ўсё ж крыху “распушыліся”.

— Значыць, будзе мароз некаторы час, — кажа “сіноптык”. — Невялікі, можа, да мінус дзесяці, не болей.

Ці спраўдзіцца гэты прагноз, пакажа час. А пакуль просім вас, паважаныя чытачы, расказаць: ці ведаеце вы прыкметы, па якіх можна вызначыць далейшае надвор’е? Дасылайце лісты на электронны адрас [email protected] Чакаем!