Застауся у памяцi людской
06 марта 2015, 15:00

Застауся у памяцi людской

Старшы лейтэнант Мікалай Гарадзецкі трагічна загінуў у далёкім ужо 1992 годзе пры выкананні службовых абавязкаў.
Поделиться

Жонка страціла мужа, а чацвёра дзяцей — бацьку. У гонар мілыцыянера, што мужна выконваў свой прафесійны доўг, названа вуліца ў Лунінцы, ёсць вуліца Мікалая Гарадзецкага і ў вёсцы Дзятлавічы. Цікава, што могуць сказаць пра гэтага чалавека жыхары вуліцы імя героя? Запытаемся ў іх саміх.

Уладзімір Лук’янавіч Чарнавокі: “Пра Колю Гарадзецкага магу сказаць, што гэта быў сапраўдны абаронца грамадзян. Справядлівы, заўсёды ўмеў разабрацца ў сітуацыі. Вельмі прыстойны чалавек. Заўсёды ішоў на выручку. З суседзямі жыў добра, паважаў усіх. У сям’і было чатыры дзяўчынкі, але ён вельмі хацеў сына. Меў спакойны і разважлівы характар. Загінуў, як кажуць, на баявым пасту. Бандыты рабавалі сельскія крамы. І вось ён вырашыў зрабіць засаду ў магазіне вёскі Бараўцы. Ноччу банда ўзламала замкі і залезла ў магазін, дзе іх і сустрэў Коля. Была жорсткая  барацьба, доўгая і непрадказальная. Вынік: Колю застрэлілі. Ён змог неяк паведаміць у райаддзел і выклікаў дапамогу. Але, на вялікі жаль, дапамога спазнілася…”

Рыгор Мікалаевіч Гарадкавец: “Пахавалі Колю ў Лунінцы. На яго апошнія провады сабраліся амаль усе Дзятлавічы, бо яго вельмі паважалі ў сяле. З Лунінца прыехалі міліцыянеры, было чалавек сто, усе з чорнымі павязкамі на рукавах. У цэнтры вёскі, каля помніка, адбыўся кароткі развітальны мітынг”.

Іван Сцяпанавіч Чарнавокі: “Сям’я Гарадзецкіх была добрай, жылі сапраўды па-суседску, гэта былі прыязныя і ветлівыя людзі. Дом, у якім яны жылі, прадалі іншым людзям, самі ж пераехалі ў горад”.

Мікалай Лаўрэнцьевіч Раговіч: “На мітынгу ў Дзятлавічах і на пахаванні шмат людзей не маглі стрымаць слёз. Плакалі, бо шкада было маладога і прыгожага  чалавека, які загінуў так нечакана рана”.

Іван Фёдаравіч Тадорскі: “Жыхары пажадалі, каб вуліцу Дзяржынскага, на якой мы жылі, перайменавалі ў вуліцу Мікалая Гарадзецкага, што і было зроблена рашэннем сельскага Савета. Я непасрэдна займаўся гэтымі пытаннямі.  Для мяне вобраз Мікалая Гарадзецкага — гэта вобраз культурнага, светлага і чыстага чалавека. На вялікі жаль, цяпер гэта рэдкасць”.

Як бачым, герой-міліцыянер жыве ў назвах вуліц, у людской памяці, у дзецях. На яго прыкладзе вучацца сучасныя праваахоўнікі.