Паспешлівае свята
17 июля 2015, 11:00

Паспешлівае свята

Поделиться

Калі стаіць яшчэ у полі жыта,
Няўжо дажынкі на сяле спраўляюць?
Забыўшыся, што зерне выцякае,
Няўжо іграюць, танчаць і спяваюць?
Ды не, такога зроду не бывае,
Бо гэта быў бы найвялікшы грэх,
А вось з клубнічным святам паспяшаюць,
І тэрмін свята — проста курам смех.
Яшчэ ў клубніцах мы сярод работы,
А тут, глядзіш, — клубнічныя “дажынкі”,
І як тут ад уборкі адарвацца,
Калі ірдзеюць ў полі ягадзінкі?!
І свята нам ніяк не наўме,
Спачатку трэба скончыці работу,
Хоць мы усе хацелі б адпачыць
З вялікай радасцю, жаданнем і ахвотай.
Чаму ж ніхто ў народа не спытае,
Што, дзе, калі і як у нас рабіць?
Чаму раён келейна вырашае,
Дзе быць базару, калі святу быць?
А свята святам. Усё было як трэба:
Выставы, гульні ды за хорам хор.
Здавалася б, што так яно і трэба
І быццам на душы тваёй мажор.
Ды чалавеку, што прыйшоў на свята,
Было трывожна, на душы карцела:
Пабойцесь Бога, што за адпачынак,
Калі клубніцы ў полі пераспелі?!
Таму так многіх не было на свяце,
Спяшылі людзі ў поле, працаваць,
Бо ягады — не бульба, ў зямлі не адляжацца,
Паспелі — тут жа трэба іх збіраць.
Клубніцы шчэ збіралі тры нядзелі
Пасля “дажынак”, што бягом зрабілі.
Ці то камусьці трэ было для галачкі?
Ці то спяшаўся хтосьці на Мальдзівы?
Клубнічны фестываль праводзіць трэба
Пазней на дзве, а то й на тры нядзелі,
Каб людзі, завяршыўшы свой сезон,
Спакойна адпачыць магчымасць мелі.