Карысны вопыт суседзяў
20 июля 2015, 09:26

Карысны вопыт суседзяў

Паэтэса з горада Бяроза Валянціна Осіпава - даўні сябар лунінецкіх літаратараў. Некалькі гадоў таму адбыўся абмен творчымі візітамі паміж пісьменнікамі з нашых гарадоў: спачатку лунінчане завіталі ў Бярозу, а праз некалькі месяцаў бярозаўцы сталі гасцямі Лунінца… Сёння мы гутарым з Валянцінай Дзмітрыеўнай аб тым, як у Бярозе мясцовыя прадпрыемствы спрыяюць творчаму жыццю землякоў, дапамагаюць ладзіць цікавыя літаратурныя мерапрыемствы. Думаецца, такі вопыт мог бы быць карысным і для Лунінца…
Поделиться

— На жаль, цяпер часта можна пачуць скаргі, што людзі мала цікавяцца літаратурай…

— Так, аб зніжэнні цікавасці да нашай духоўнай спадчыны не раз узнімалася пытанне на высокіх трыбунах, але сістэмны крызіс чытання, на жаль, усё больш паглыбляецца. Не лепшым чынам абстаяць справы і ў нашых суседзяў — нездарма указам прэзідэнта Расіі 2015 год аб’яўлены Годам літаратуры. З чаго ж пачынаць, каб прышчапіць любоў да чытання ў дзяцей, абудзіць цікавасць да літаратуры ў апалагетаў нізкапробных тэлесерыялаў, змагацца з залежнасцю ад кампутараў?

— Як жа адказалі на такое пытанне ў Бярозе?

— На Бярозаўскім сыраробчым камбінаце не сталі доўга разважаць над ім і зацвердзілі добрую традыцыю — правядзенне штогадовага Міжнароднага літаратурна-музычнага фэсту «Славянскі вянок». У чэрвені гэтага года Бярозаўскі сыраробчы камбінат, нягледзячы на эканамічныя праблемы, перажываныя разам з краінай, у другі раз прымаў гасцей фестывалю. На гэты раз кола культурнага мерапрыемства прыкметна пашырылася, сярод удзельнікаў — шмат таленавітай моладзі. У Бярозу былі запрошаны літаратары не толькі з Беларусі, Расіі і Украіны, але і з Польшчы.

— Хто ж быў сярод удзельнікаў?

— З уступным словам выступіў Леанід Грэчка, адзін з арганізатараў і ідэйных натхняльнікаў літаратурнага свята. Сучасную беларускую літаратуру  прадстаўлялі Анатоль Крэйдзіч, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі; бярозаўская паэтка Алена Усцілоўская; Наталля Кандрашук, член Міжнароднага Саюза пісьменнікаў «Новы сучаснік», Алёна Папко, лаўрэат конкурсу Максіма Багдановіча 2014 года. Сярод запрошаных быў і Георгій Ліхтаровіч, які, на вялікі жаль, з-за хваробы не змог прыняць удзел у літаратурным свяце. Са сваімі новымі творамі гледачоў пазнаёмілі расійскі паэт Уладзімір Сарочкін, член Саюза пісьменнікаў Расіі, кіраўнік Бранскага абласнога аб’яднання, і Наталля Мішына, неаднаразовы лаўрэат паэтычных конкурсаў, уладальнік стыпендыі імя Праскурына, заснаванай адміністрацыяй Бранскай вобласці. Украінскую паэзію на гэты раз прадстаўлялі Юля Кручак, паэтка, мастачка, заснавальніца дабрачынна-мастацкага фонду «АрТерапія», лаўрэат літаратурных конкурсаў «Маладая рэспубліка паэтаў» і «Новыя імёны Ўкраіны»; Аксана Гаджый, паэтка, дызайнер, журналістка, адна з лепшых рэкламістаў Украіны, а таксама Лэсик Панасюк, неаднаразовы лаўрэат паэтычных конкурсаў, удзельнік многіх фэстаў і мастацкіх акцый, разам з Аксанай Гаджый — заснавальнік групы «Elk + Deer». З сучаснымі дасягненнямі польскай культуры гледачоў і гасцей фестывалю пазнаёміла Барбара Драздзінска, старшыня таварыства «Польшча — Беларусь» у Лодзі, спявачка, якая актыўна прапагандуе беларускую культуру ў Польшчы; Марцін Бальчэўскі, празаік, фатограф і журналіст, дырэктар арганізацыйнага бюро фестывалю «Пульс літаратуры», і Рафал Гавін, паэт, крытык, рэцэнзент і фельетаніст.

— Што і казаць, прадстаўнічы пералік гасцей… А наколькі ім спадабалася на нашай палескай зямлі?

— Адзначу, што ў суквецце «Славянскага вянка» на гэты раз упершыню былі ўплецены творы не толькі майстроў прозы і паэзіі, але і тых, хто робіць свае першыя крокі на літаратурнай ніве. Са сваімі арыгінальнымі вершамі публіку пазнаёміла дзевяцікласніца Ксенія Курневіч, бацькі якой працуюць на Бярозаўскім камбінаце і актыўна падтрымліваюць таленавітую дачку ва ўсіх пачынаннях.

Літаратурныя выступленні перамяжоўваліся музычнымі творамі, на прафесійным узроўні выкананымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці сыраробчага прадпрыемства. Асабліва ўпрыгожыў паэтычныя чытанні сваімі нумарамі Белаазёрскі ўзорны ансамбль народнага танца «Журавінка».

Праграма фестывалю была даволі насычанай. Акрамя літаратурнай часткі, у задачу мерапрыемства ўваходзіла знаёмства з гарадскімі славутасцямі: госці наведалі месца знакамітага Картузіянскага кляштара, дзе зараз вядуцца рэстаўрацыйныя работы. А яшчэ замежным гасцям была прадастаўлена магчымасць пабываць у музеі-сядзібе Тадэвуша Касцюшкі, агледзець Ружанскі і Мірскі замкі, што асабліва ўразіла і задаволіла гасцей  “Славянскага вянка”. Яны аднадушна выказалі захапленне арганізацыяй культурнага свята і сардэчнай гасціннасцю, аказанай бярозаўскім прадпрыемствам, якое ўзяла на сябе ўсе клопаты па правядзенню Міжнароднага літаратурна-музычнага фэсту.

— Што ж, пажадаем, каб фестываль гэты праходзіў яшчэ шмат гадоў. І, магчыма, будуць на яго запрошаны і нашы землякі-лунінчане…