Высокародная праца

Высокародная праца

29 октября 2015, 13:42
805
16 кастрычніка Мікашэвіцкая гімназія адзначыла традыцыйнай літаратурнай вечарынай чарговую гадавіну памяці паэта і пісьменніка Уладзіслава Нядзведскага (1929-1973), чыё імя носіць гэтая навучальная ўстанова.

На пачатку імпрэзы вядучыя Раман Крывулец і Дзіяна Глушэнь нагадалі прысутным асноўныя вехі жыцця Уладзіслава Іосіфавіча, які пасля гібелі бацькоў ад рук фашысцкіх карнікаў рос ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, займаўся ў мясцовай школе, зрабіў тут першыя крокі ў творчасці. І пазней шэраг вершаў і аповесць “Хлопцы з другога корпусу” прысвяціў палескаму мястэчку, што стала яму родным. Цяпер у гімназіі існуе музей

Ул.Нядзведскага, адкрыты мемарыяльная дошка і помнік-бюст.
Вершы Нядзведскага “Размова з адсутнымі”, “Светлякі”, “Колер крыві”, “Дома”, “Дыплом” чыталі са сцэны гімназісты Андрэй Мазгоў, Ягор Крываў, Арцём Лабко, Андрэй Ярашэвіч, Ян Высоцкі. Песню “Я рад за сяброў” выканала вакальная група навучэнцаў.

Дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Высоцкі агучыў прывітанні ад сям’і Нядзведскіх, а потым назваў сёлетніх пераможцаў ў творчай дзейнасці. Граматамі і салодкімі прызамі былі адзначаны 8-класніцы Анастасія Арыновіч і Аліна Насовіч, 10-класніца Анастасія Ерамяевіч. Узнагароды ўручылі госці вечарыны — вядомыя пісьменнікі з Мінску. А потым настала чарга для іх выступаў.
Паэт і публіцыст Сяргей Іванавіч Законнікаў, паэт і кінасцэнарыст Уладзімір Вікенцьевіч Мароз, паэт і гумарыст Анатоль Мікалаевіч Зэкаў ужо шмат разоў выступалі на лунінецкай зямлі, у тым ліку ў сценах Мікашэвіцкай гімназіі, таму наша газета не аднойчы распавядала пра іх біяграфіі і творчыя здабыткі. Нагадаем толькі, што з трох гэтых літаратараў двое з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ёсць на іх рахунку і медалі еўрапейскіх паэтычных конкурсаў… Госці не толькі чыталі свае творы, але і разважалі пра адвечныя маральныя каштоўнасці, пра неабходнасць павагі да роднай мовы, да Радзімы, да працы старэйшых пакаленняў. Гэтаму ж прысвяціла выступ даўні сябар гімназіі, выдавецкі і бібліятэчны дзеяч з Мінску Людміла Васільеўна Несцяровіч.

Старэйшы лунінецкі літаратар Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч распавёў пра сваё знаёмства з Нядзведскім, прачытаў прысвечаныя яму вершы. Віталі гімназісты таксама сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Міколу Ільючыка, паэтку Надзею Дзедзіну, журналістаў Галіну Самуйлік і Наталлю Лялюк… Ад нашай газеты мінскім гасцям былі ўручаны сувеніры, у тым ліку фотаальбомы Андрэя Вышынскага. Людмілу Несцяровіч “ИП” адзначыла памятным медалём Віктара Філатава (1954-2014). Усе жадаючыя маглі набыць кнігі гасцей і атрымаць іх аўтографы.

Цяперашні час сваёю імклівасцю як быццам не надта спрыяе памяці і павазе да мінулага. Але гэта толькі падаецца, бо там, дзе памяць берагуць і ўшаноўваюць, як адбываецца тое шмат гадоў у Мікашэвіцкай гімназіі, гэтая высокародная праца дае свае каштоўныя вынікі.

Лаўрэаты грамат гімназіі 2015 года

Сяргей Законнікаў

Уладзімір Мароз

Людміла Несцяровіч

Анатоль Зэкаў