«Касiяпея» узышла двойчы

«Касiяпея» узышла двойчы

30 ноября 2015, 08:05
Автор:
254
20 лістапада адбыліся дзве літаратурныя вечарыны з удзелам сябраў аб’яднання «Касіяпея» пры нашай газеце. Абедзве - у рамках месячніка папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.

Першая была падрыхтавана ў Лунінецкай раённай бібліятэцы супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання на чале з Валянцінай Рагалінскай і мела назву «Край, дзе акрыляецца душа». Супрацоўніца бібліятэкі Ала Іовіч нагадала старонкі гісторыі айчыннай літаратуры і зрабіла агляд выставы «Сучасныя беларускія выданні». Прагучалі лірычныя песні ў выкананні Максіма Перапёлкіна, а фальклорныя спевы выканаў народны калектыў «Світанак» Дзятлавіцкага СДК на чале з Аленай Яскевіч. Яна таксама пазнаёміла гледачоў з дыхтоўным фотаальбомам Анатоля Клешчука «Карагод беларускіх абрадаў», дзе адлюстравана і дзятлавіцкае «Ваджэнне Кусты» на Тройцу. Са сваімі творамі выступілі сябры «Касіяпеі» Вадзім Жылко, Мікалай Ільючык, Людміла Хмялеўская, Вольга Грыдзюшка, Лілія Віктарава і Максім Казун. Удзельнікамі сустрэчы таксама былі сябры клуба чытачоў «Мудрасць» пры бібліятэцы на чале з Галінай Мар’інай.

* * *

А другая вечарына праз пару гадзін пачалася ў Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы. Яе загадчыца Аксана Маркевіч разам з супрацоўніцамі Анастасіяй Нікалаевіч і Сняжанай Мехведзь падрыхтавалі выставы кніг і дэкаратыўна-мастацкіх твораў бібліятэкараў і чытачоў. Вечарына мела назву «І не знікаць паэтам вечна». Аксана Маркевіч адкрыла яе расповедам пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча — да 85-годдзя пісьменніка, потым у вершаванай форме прадставіла гасцей з Лунінца, правяла некалькі віктарын. Выступілі Вадзім Жылко, Мікалай Ільючык, Вольга Грыдзюшка, Лілія Віктарава, мікашэвіцкі аўтар Мікалай Галавач… Даўняя чытачка «ИП» Лідзія Неўдах распавяла пра сваё стаўленне да газеты і журналістаў. Госцем імпрэзы быў клуб пажылых людзей «Натхненне» пры Мікашэвіцкім філіяле ТЦСАН на чале з Вольгай Шэляговіч.