Сабачае шчасце

Сабачае шчасце

30 ноября 2015, 07:55
458
Упершыню ў жыцці я пачуў гэты выраз будучы падлеткам. Гэта той узрост, калі ты ўпершыню ў жыцці, употай ад усіх, бацькавай брытвай пагаліў пушок пад носам, калі ўпершыню ў жыцці заўважыў, што поруч з табою за адной партай сядзіць не проста дзяўчынка, а прыгожая аднакласніца. У такім веку ты адчуваеш сябе дарослым і лічыш, што ты сапраўды можаш размаўляць з дарослымі на тэмы, якія зусім не тычыліся цябе яшчэ некалькі месяцаў таму, бо ты быў тады яшчэ дзіцём.
Старэйшы брат жыў у горадзе гарнякоў. Гэта была Украіна, але падзел быў толькі ўмоўным, бо ўсе тады пражывалі ў адной краіне. Я адведваў сям’ю брата на канікулах. Я любіў гэты горад, я любіў свайго старэйшага брата. Ведаю, і брат любіў мяне, меншага ў сям’і.

Аднойчы мы з братам пайшлі ў краму. У мясным аддзеле стаяла доўгая чарга. “Давалі” каўбасу. Канечне ж, ніхто не даваў яе задарма, каўбасу трэба было купляць за грошы, а перад тым выстаяць даўжэзную чаргу. Такі быў час, такім было жыццё ў краіне развітога сацыялізму. Казалі, што яшчэ крыху трэба пачакаць — і настане сапраўдны камунізм. Толькі тады ўсяго будзе ўдосталь, не будзе чэргаў, і нават грошай не будзе, яны страцяць сваё прызначэнне і кожны будзе браць для сябе тое, што яму патрэбна.

Чарга рухалася марудна, а народу прыбывала. І тыя, хто стаяў бліжэй да хваста чаргі, не маглі схаваць хвалявання. А ці варта стаяць у чарзе, калі каўбасы на ўсіх усё роўна не хопіць? Самыя цікаўныя падыходзілі да прылаўка, каб на ўласныя вочы ўпэўніцца, што кантэйнер яшчэ не пусты, што ў ім пакуль дастаткова апетытных мясных батонаў, туга сцягнутых шпагатам. Чарга хвалявалася, каб які нахабнік не набыў каўбасу без чаргі. Але дарма, хвалявацца не было нагоды. Чарга ў той час — гэта святое. Яна раўняла і рабацяг з горнага камбіната, і медыкаў з гарадской паліклінікі, і нават кабет, што высыпалі з такой нагоды са шматлікіх кабінетаў гарвыканкама…

— Больш адной палкі ў адны рукі не даваць! — гучна прапанаваў нехта з чаргі.

— Правільна, — падтрымала кабета, што стаяла побач з намі, — а то бяруць і куму, і брату, і свату!

— Па адной дык па адной, — з лянотай адазвалася прадаўшчыца, што ўзвышалася над прылаўкам, — мне ўсё роўна.

 Адчыніліся дзверы і ў гастраном зайшла кволая бабулька ў выцвілым паліто і берэціку, з-пад якога выглядала пасма сівых валасоў. Яе заўважылі толькі тады, калі яна падышла да шкляной вітрыны, дзе ляжала каўбаса з цэннікам. Тая самая, за якою стаяла даўжэзная чарга. А яшчэ там ляжала купка круценікаў брудна-шэрага колеру. На цэнніку значылася: “Каўбаса ліверная”.

Бабуля аб нечым ціхенька запыталася ў той, што была ў не зусім белым халаце і кіравала ўсім працэсам у мясным аддзеле. Мясным яго можна было назваць хіба што толькі ўмоўна, бо мяса там не было нават на напамін. Не паспела старая дачакацца адказу, як натоўп незадаволена загудзеў.

— Бабуля, ідзі ў чаргу, але наўрад ці варта гэта рабіць, усё роўна ўсім не хопіць, — падаў голас высокі малады чалавек з чорнымі ад руды і жалезнага пылу ці, можа, ад мазуты рукамі.

— Не адпускайце нікога без чаргі, — прагнюгавіла жанчына без узросту, з пышнай “хіміяй” рудых валасоў  на галаве, — мы ўсе стаім, і ўсім на працу трэба, мяне хворыя чакаюць.

— Напэўна, медсястра, — падумаў я, заўважыўшы, што пад малінавым паліто апрануты белы халат.

— Ходзяць тут! Магла б прыйсці і ў іншы час, пенсіянерам усё роўна няма чаго рабіць… Швэндаюць тут, — пафарбаваная бландзінка незадаволена сцяла губкі і звыклым рухам рукі паправіла акуляры.

Натоўп незадаволена загудзеў. Але прадаўшчыца на правах галоўнай буркнула:

— Чаго расшумеліся, бабулька паў кіля ліверкі хоча, для сабачкі стараецца.

Што тут пачалося! На ўсялякі выпадак я, хаця і лічыў сябе дарослым, нават прыціснуўся бліжэй да старэйшага брата. Мабыць, толькі самы лянівы не выказаў сваё ўласнае меркаванне наконт бабулькі і лівернай каўбасы. Крама запоўнілася гулам, асобныя выкрыкі былі чуваць досыць моцна:

— Няхай у чарзе стаіць, ну і што з таго, што “сабачая радасць” ёй трэба!

— Сама будзе жэрці, сабачкам толькі прыкрываецца!

— Дык дайце ёй ужо гэтага “сабачага шчасця”!

— Няхай стаіць, мы ж стаім. Ну і што з таго, што для сабакі!

— Бач ты, сабак каўбасой кормяць, тут людзям няма чаго есці!

Словы “сабачая радасць” і “сабачае шчасце” назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. З рэплік, што пачуў тады ў натоўпе, зразумеў, што гэтую танную каўбасу, якую робяць з ліверу і субпрадуктаў, людзі купляюць для хатніх сабак. А калі для сябе, то саромеюцца выбару і кажуць, што быццам для сабак.

 

Пакуль я разважаў, пакуль натоўп незадаволена гудзеў, спрытная працаўніца гандлю зважыла кольца ліверкі і гучна звярнулася да бабулькі, што пакора стала ў самы хвост даўжэзнай чаргі:

— Пятроўна, забірай сваю ліверку, пяцьсот сорак грам.

Забразгалі медзякі. Бабулька разлічылася за пакупку, паклала каўбасу ў сетку і, перад тым як сысці, ціхенька прамовіла словы падзякі да той, што кіравала ўсім і ўсімі на гэтым месцы, потым павярнулася тварам да чаргі і, схіліўшы галаву, прамовіла: “Дзякуй вам, людзі, што пусцілі без чаргі, дзякуй за ўсё”. Нетаропка пакрочыла да выхаду. Натоўп сцішыўся і сарамліва перамінаўся на стомленых нагах.

Каўбасы нам хапіла, але мне хацелася чамусьці не “Доктарскай” за два дваццаць, а лівернай за сорак капеек. Якое ж яно, сабачае шчасце і сабачая радасць часоў СССР? У свой час паспытаў і я славутай ліверкі. Яна падалася смачнай, але, што галоўнае, таннай. У гады студэнцтва куплялі яе часта і елі з задавальненнем.

Звычайная вячэра ў студэнцкім інтэрнаце ператваралася ў нешта большае, чым проста вячэра. Гэта было нешта сакральна-філасофскае, з разважаннямі не толькі пра сабачае, але і пра чалавечае шчасце. Гэта былі размовы аб палітыцы і ўзроўні жыцця ў той ці іншай краіне, а таксама мары аб усеагульным дастатку і агульначалавечым шчасці.

 Прайшлі гады, змяніўся час, але агульнае шчасце так і не наступіла. Распалася краіна на некалькі меншых, каўбасы цяпер не пералічыць колькі гатункаў. Але шчасця, што вымяраецца каўбасным эквівалентам, няма, бо бракуе грошай на набыццё адносна якаснай каўбасы. А яна ляжыць месяцамі за шклом вітрын з шасцізначнымі лічбамі на цэнніках. І зноў, як і ў тыя далёкія часы, знаходзяцца людзі, што саромеюцца ўласнай беднасці і купляюць паў кіля ліверкі “для сабачкі”.

Я ж працягваю разважаць і шукаць адпаведныя праявы чалавечага і сабачага шчасця. Яны, браты нашы меншыя, як і людзі, таксама маюць права на шчасце. Узгадваю выбітнага француза і яго “Маленькага прынца” са славутым: “Мы ў адказе за тых каго прыручылі”. Сапраўды, мы будуем і шукаем не толькі наша ўласнае, чалавечае, але і сабачае шчасце. Праўда, пошукі тыя не заўсёды ўдалыя. А можа, не там шукаем?

Канечне ж, шчасце не толькі ў матэрыяльным, не толькі ў каўбасе. Для шчасця патрэбна і любоў, і клопат, і каханне, і сям’я, і сяброўства, і задавальненне шматлікіх духоўных праблем… Цяпер я працягваю разважаць на тэму шчасця і раблю гэта не толькі тады, калі ем бутэрброд з ліверкай ці нейкай іншай каўбасой…

 

Кастрычніцкая раніца выдалася досыць халоднай і вельмі дарэчы быў прыезд рэдактара гарадской газеты ў прызначаны час да самых прыступкаў майго атэля. Пан Януш павітаўся і адразу ж папярэдзіў:

— У рэдакцыі сёння будзе мая жонка, і я прашу вас: з Асяй сёння можна гаварыць аб чым заўгодна, толькі не пра сабак.

Я ведаў, што Януш з Асяй заўзятыя сабачнікі, і тэма сабак і ўсяго, што з імі звязана, яшчэ ўчора была ці не самай ўлюбёнай для гэтых мілых, інтэлігентных людзей. Чаму ж цяпер табу?

— Я вам усё зараз растлумачу, — першым загаварыў Януш, калі мы ўладкаваліся ў салоне аўтамабіля і зашпілілі рамяні бяспекі.

Пакуль мы ехалі, я пачуў шчымлівую гісторыю з сабачага жыцця. Магчыма, я нарэшце даведаўся ў чым яно — сапраўднае сабачае шчасце.

З Анёлам я пазнаёміўся некалькі дзён таму. Януш прапанаваў наведаць Гнезна — старажытны горад, першую сталіцу Польшчы. Сказаў, што ў іх там нейкія справы, але пакуль жонка будзе займацца ўласна справамі, мы зможам агледзець горад. Недзе праз гадзіну даволі шпаркай язды машына спынілася ў ціхім дворыку. Агромністы рэкламны шчыт сведчыў, што гэта клініка і адначасова аптэка. Я прачытаў усе надпісы і зразумеў: у гэтым месцы аказваюць шмат паслуг для жывёл. Перапытаў у Януша, і ён пацвердзіў: клініка насамрэч ветэрынарная. І толькі пасля таго як Януш падняў заднія дзверы фургона, я зразумеў мэту нашага прыезду ў гэты горад і гэты двор.

— Гэта наш Анёл, пазнаёмся, — стрымана прамовіў Януш.

У салоне ляжаў агромністы сабака снежна-белага колеру. Анёл узняў галаву, з цікаўнасцю паглядзеў на мяне сумнымі вачамі, але працягнуць лапу на знак знаёмства адмовіўся.

— Лайка? — запытаўся я

— Так, самаедская лайка, — адказаў гаспадар.

— Сапраўды анёл, мянушка вельмі пасуе яму, — адзначыў я.

— У яго і żona ёсць, і дзяцей шмат было, — ломячы язык патлумачыў Януш: — Мы яго некалі з Францыі прывезлі, а потым і сяброўку яму купілі. Мы шмат з імі паездзілі па выставах, шмат прызоў і медалёў узялі, а шчанюкі ад іх раз’ехаліся па ўсім свеце…

— Ну, уставай ужо, пайшлі! — Ася акуратна тузанула за матузку, што была прышпілена да ашыйніка.

Анёл толькі паварушыў вушамі. Сумныя вочы быццам казалі: не чапайце мяне, дайце спакойна паляжаць. Ася трымала сабачую галаву, а Януш узяў сабаку за тулава і паставіў на брукаванку. У вялізнага сабакі трымцелі ад слабасці ногі. У вачах адлюстраваліся і боль, і смутак, і адчай. Ён жа быў такім моцным і спрытным, ён так шпарка бегаў з уласнымі дзецьмі і з дзецьмі сваіх гаспадароў, якіх шчыра любіў і быў адданы толькі ім…

— Стаміўся ў дарозе, — сказала Ася. — Няхай адпачне крыху. Вы ідзіце, займайцеся сваімі справамі, пасля сустрэнемся, апоўдні.

Яна назвала кавярню, дзе мы павінны сустрэцца пасля таго, як Анёлу паставяць кропельніцы, як той пройдзе ўсе на сёння сабачыя працэдуры. Ася засталася з Анёлам, а мы закрочылі ў бок старажытнай катэдры, што сваімі шпілямі краналася неба.

— Што за хвароба ў сабакі? — звярнуўся я да Януша.

— Вiałaczki, — адказаў той па-польску.

Я не зразумеў, больш таго, ніколі не чуў такога слова.

— Лейкоз, — паўтарыў Януш. — Разумееш?

— Так, разумею, лейкемія, альбо рак крыві…

Гэтае страшнае слова і яго сінонімы былі добра вядомымі, бо даводзілася сустракацца з людзьмі, што пакутавалі на гэтую страшную хваробу. Асабліва пасля Чарнобыля. Але тут не людзі, а сабака.

Януш расказваў, як яны любяць сабак, як клапоцяцца пра іх. Лепшая ежа, добрыя дактары і самыя перадавыя лекі… Хоць і разумеюць, што для сабачага веку і Анёл, і Дорыс, ягоная сяброўка па жыцці, маюць ужо досыць сталы ўзрост. Але ад гэтага любоў гаспадароў да сваіх гадаванцаў не стала меншай.

Мы доўга хадзілі па старых кварталах, наведалі некалькі вядомых месцаў, шмат размаўлялі пра архітэктуру і пра мастацтва ў цэлым. Але размова сама сабою вярталася да сабачай тэмы: як там Ася, як там Анёл?

У прызначаны час мы сустрэліся з Асяй. Яна чакала нас ля кавярні, а Анёл застаўся ў машыне. Мы не згаворваючыся адмовіліся ад дэсерту, хоць усе любілі салодкае. Хацелася як мага хутчэй вярнуцца да аўтамабіля, каб хворы Анёл не пачуваўся самотным.

— Што сказалі дактары і як Анёл перанёс працэдуры? — звярнуўся я да Асі.

— Анёл малайчына, ён не скуголіў і не плакаў, хоць кропельніца была досыць балючай і непрыемнай, — адказала яна неяк сумна.

— А што далей, якія прагнозы?

— Доктар сказаў, што ўсё вырашыцца гэтымі днямі. Калі ўсё будзе добра, то ў панядзелак прызначаць яшчэ адзін курс хіміятэрапіі.

Ася замоўкла. Дарогай маўчалі ўсе. Кожны думаў аб нечым сваім. Я ж думаў аб усеагульным шчасці. Няхай усё будзе добра, няхай будуць шчаслівымі гэтыя прыязныя людзі і іхнія сімпатычныя сабакі, няхай будуць шчаслівымі ўсе ў гэтай мілай краіне, дзе клапоцяцца і пра людзей, і пра сабак…

Так вы зразумелі? Не гаварыце сёння з Асяй пра сабак, калі ласка, ёй балюча будзе нават узгадваць пра іх.

— Януш, што здарылася? Анёл? — сумная здагадка непрыемна і балюча рэзанула па грудзях.

— Анёл памёр незадоўга да апоўначы, — пачаў сумную гісторыю Януш. — Мы з Асяй увесь час былі побач. Ён ляжаў на сваім кіліме, побач была Дорыс. Яе апошнім часам мы пакідалі ў доме, бо пасля хваробы Анёла яна не хацела заставацца адна ў вальеры. І не дзіўна, яны ж усё жыццё былі разам.

Януш уздыхнуў, зноў чамусьці націснуў на педаль акселератара, не зважаючы на абмежаванні і жылую зону. Я маўчаў, а ён працягваў сумную храналогію мінулай ночы.

— Потым Дорыс пачала скуліць, і мы адвялі яе ў калідор. Нечакана Анёл абвёў нас сумным позіркам, ягонае дыханне стала цяжкім і страціла рытм. З кожным імгненнем яно рабілася слабейшым. Нарэшце ён заціх зусім. Толькі тады, калі ў калідоры ціхенька завыла Дорыс, мы ўсё зразумелі…

— Шкада, — толькі і вымавіў я, разумеючы, што ўсе сказаныя мною словы будуць недарэчнымі.

— Але ж гэта яшчэ не ўсё, — Януш нервова пераключыўся на пятую і прыскорыўся, не звяртаючы ніякай увагі на знак абмежавання хуткасці.

Я маўчаў, бо не наважваўся распытваць. Праз імгненне Януш сам прадоўжыў размову.

— Вы не паверыце, але на досвітку памерла і Дорыс… Яна заставалася ў калідоры. Мы нават не паказвалі ёй мёртвага Анёла. Мы самі былі ўжо гатовы да горшага, таму ў нас быў падрыхтаваны адмысловы мяшок. Пагладзіўшы па снежна-белай поўсці нашага сябра, мы паклалі яго, змучанага хваробай і балючымі працэдурамі, у гэты мех. Я сам зашпіліў маланку, разумеючы, што ўсё скончана… Надыходзячы дзень вымагаў шмат высілкаў. Трэба было ўладкаваць усё з Анёлам, на працы аўрал, сам жа бачыш, як усё мітусіцца вакол гэтых выбараў — ні хвілінкі вольнай… Дык вось, я вырашыў вывесці Дорыс на прагулку на якую гадзінку раней звычайнага. Я паклікаў яе, але яна нават не паварушылася. Паклікаў гучней і адчыніў для яе дзверы. Марна.  Дорыс ляжала з заплюшчанымі вачыма, паклаўшы галаву на пярэднія лапы, нібыта спала. Калі я датыкнуўся да яе морды, мне стала ўсё зразумелым: Дорыс не дыхала, не варушылася, яна была мёртвай…

У мяне дух заняло ад пачутага. А Януш працягваў распавядаць, як з Асяй здарылася істэрыка. Прыйшлося тэлефанаваць сябру-тэрапеўту. Януш расказаў, што ў вялізным чорным мяху хапіла месца і для Дорыс, і цяпер яна спачывае разам з Анёлам, сваім верным і адзіным сябрам па жыцці…

Януш гаварыў увесь час, а я слухаў  і разважаў аб шчасці, сабачым шчасці.

Працоўны дзень у рэдакцыі прайшоў у звычайным рэжыме. Мы сядзелі з Асяй у адным кабінеце. Кожны займаўся сваімі справамі. Час ад часу перакідваліся нейкімі рэплікамі і разважаннямі пра надзвычай цёплую восень, пра палітычную сітуацыю  і пра магчымыя вынікі парламенцкіх выбараў, карацей пра ўсё, за выключэннем бадай што сабак.

— Так якое ж яно — сабачае, ды што там, чалавечае шчасце? — я працягваў разважанні на гэтую тэму, хаця на працягу стагоддзяў гэтым займаліся і філосафы, і паэты, і ўсе, каму не лянота.

Пытанні, сумневы, супастаўленні, параўнанні і зноў сумневы. А ўсё ж Анёл і Дорыс шчаслівыя! Тут ужо без сумневу.