Паданнi Лунiнецкага краю
13 января 2016, 15:28

Паданнi Лунiнецкага краю

Дрэмле памятка дзён, Што ў нябыт уцяклі… Янка Купала
Поделиться

Гісторыя праз паданні

Наша гісторыя вынікае з бязмернай даўніны. А што мы пра яе ведаем? Пра далёкіх продкаў сваіх, пра ўзнікненне назваў рэк і балот, урочышчаў і вёсак? Пра жыццё прадзедаў, як яны жылі, што рабілі і ў што верылі? Няма сведкаў тых часоў, але ёсць паданні.

І хаця яны кімсьці прыдуманыя, часам фантастычныя, ды ўсё ж у аснову ляглі факты, з якімі нельга не пагадзіцца.

Бывае, паданні прыдумваюцца і ў наш час, але яны аўтарскія і зусім не аб’ектыўныя. Так, адзін з сучасных пісьменнікаў з Мінску напісаў пра вёску Перунова, што даўно, у паганскія часы, на гэтым месцы шумела пушча, у якой высіліся велічныя дубы. У час навальніц у гэтыя дрэвы білі перуны. Людзі, што жылі паблізу, стварылі тут свяцілішча і прыходзілі маліцца язычніцкаму богу Перуну. Таму месца назвалі Перуновым.

Але ж на самой справе вёска ўзнікла з хутароў, якія засяляліся з 1907 года на дзяржаўных надзелах, што былі адведзены і ацэнены аграномам-каморнікам Перуновым для продажу ўласнікам. У 1960-х гадах хутары сселены ў вёску з назвай Перунова.

Мікашэвічы

Паданне даўняе, але рэальнае.

Даўно гэта было. Тады Волхва была бурнай ракой, імкліва несла грычынскія воды між балот і гонкіх вольхаў (адсюль і назва яе). Рачной плынню навымывалася шмат балотнай руды. Спачатку ніхто нават не здагадваўся пра яе карысць. Але знайшоўся разумны чалавек, які ведаў, што з такой руды выплаўляюць жалеза. Чалавек той па імені Мікаш змайстраваў домніцу-печ. Прыехалі аднекуль і майстры-кавалі, адкрылі тут кузню. А на паўднёвым баку, на больш узвышаным месцы, Мікаш з майстрамі пабудавалі хаты. Утварылася маленькая вёсачка. Даўно ўжо няма той домніцы-рудні, а месца па-ранейшаму носіць назву Рудня, і вёска найменавалася ў гонар сталявара Мікаша і яго дзяцей Мікашавічаў.

Рака Смердзь

Першае ўпамінанне пра раку ў выглядзе падання падаецца ў кнізе “Воспоминаніе о древнем православіи в Западной Руси” (Москва, 1867):

“Татары, покончив с Туровом, двинулись к Давид-Городку, засевши, стали делать набеги по ближним рекам… Река Смерть так называется потому, что татары предавали смерти всякого, кто на ней смел появиться…”

Татары захапілі Давыд-Гарадок, тут стаў станам хан Гаюк. Збіраючы дань, татары часта наведваліся ў Лахву. Хто не мог здаць даніну, забівалі і кідалі ў раку. Тады рацэ была нададзена назва Смерць.

У паданнях распавядаецца пра набегі мангола-татараў у 1250-х гадах. На самой жа справе рака іменавалася Лахвай да канца XVIII стагоддзя, а вось прыблізна з 1800 года да 1830-х сапраўды насіла назву Смерць, а амаль з сярэдзіны XIX стагоддзя называецца Смерддзю. А што ж прымусіла людзей пераіменоўваць назву? Паданне сведчыць:

У даўнія часы рака Лахва штогод забірала ахвяру. Казалі, іншы раз рака плакала ці стагнала. Калі ў ціхія вечары над ракой нейкая нябачная сіла плача дзіцячым галаском, то пільнуюць людзі дзяцей ці не, а абавязкова ўтопіцца малалетка, ці зімой на лёдзе, ці летам купаючыся, а то і так штосьці пацягне дзіця ў ваду. Калі галосіць жаночы голас — будзе ахвяра жанчына, а калі нешта стогне — мужчына ўтопіцца. Бывала 2-3 ахвяры за год. Людзі забілі трывогу. Сабралі святары і правялі анафему — праклялі раку і надалі ёй назву Смерць. І ахвяраванне спынілася, не лічачы выпадковых тапельцаў.

Любань

Да таго, як Смердзь выпрамілі (1860-я гг), яе рэчышча пралягала праз Любань і Лахаўку, таму гісторыі вёсак звязаны з гэтай ракой.

Гэта было больш за 400 гадоў назад. Шмат дзікіх звяроў і птушак вадзілася ў тутэйшых лясах і балотах. Любіў у гэтых мясцінах паляваць князь Радзівіл, які меў памесце ў Лахве.

Неяк прыехаў князь са сваёй світай на паляванне. Імжэў дождж, было мокра. Прамоклі, прамерзлі паляўнічыя. Трэба было дзесьці абагрэцца, абсушыцца. У хуткім часе выехалі на паляну, вялікую, светлую. А на паляне — поле, на ўзгорку па-над Смерддзю — некалькі хатак. Тут якраз і сонца з-за хмар вызірнула, прыгрэла. Хораша стала. Князь аж павесялеў ад задавальнення.

— Люба мне тут! — усклікнуў ён. — Люба мне!

Тут і спыніліся. Спадабалася мясціна і дружыне княжаскай.

— Што за мясціна? Як называецца? — пытаюць адзін аднаго людзі са світы.

— Любанне, — быў адказ.

І спынілася дружына адпачыць, абсохнуць, павесяліцца. У дварах ды ў хатах, дзе жылі дробныя шаўцы-шэўчыкі — так іх называлі ў той час. Пазней шэўчыкі набылі вядомасць, прозвішча атрымалі — Шэўчыкі. Разрасліся іх сем’і, атрымалі зямельныя надзелы сыны, зяці. Вырасла вёска Любанне. З гадамі крыху змянілася назва — у Любань перайменавалася.

Лахаўка

Ёсць паданні і пра Лахаўку. Хочацца адзначыць, што вёска, як і Лахва, — адно са старажытнейшых пасяленняў. Сведчанне таму — у наваколлях вёскі знойдзены старажытныя каменныя прылады быту; ва ўрочышчах Сава і Селца месцяцца даўнія курганы, і на тых жа Селцах знойдзена шмат чарапкоў колішняга посуду.

Шмат варожых нападаў перажыла Лахаўка, у тым ліку мангола-татараў і крымскіх татараў. Паданні распавядаюць:

Неяк летам, калі высахлі надпрыпяцкія лугі, з Давыд-Гарадка ў Лахаўку ўварваліся татары. У адну з хат, дзе знаходзілася маладая маці з дзіцяткам, з’явілася старая татарка. Жэстамі паказала, што хоча з’есці гэтае немаўлятка. Загадала распаліць агмень і ўскіпяціць вады. Матка — у плач. Але хочаш ці не, а прыйшлося падпарадкоўвацца. Села старая на парозе, пільнуе, каб не ўцякла мацерка з дзіцём. Задрамала. Разгарэўся агонь, забулькала вада ў гаршку. Трэба будзіць татарку. Але, замест гэтага, маладзічка ўзяла гаршчок з варам і ўвесь кіпень выліла старой на галаву. Тая завішчала, заенчыла і ногі выправіла. Зацягнула маладзічка труп у кусты, што былі побач, каля хаты. Каня адвязала і прэч наганіла. А сама ў лес збегла. Але конь разумны, не ўцякае, стаіць каля трупа, капытамі б’е ды іржэ. Наехалі татары, знайшлі мёртвую старую. У адместку ворагі шмат каго з лахаўчан зарэзалі, а многіх у няволю ўзялі. А хаты спалілі. Знішчылі мангола-татары і ганчарню на Селцах (на ўскрайку вёскі).

Другое паданне сведчыць:

Зноў-такі з Давыд-Гарадка, але ўжо зімою, у Лахаўку наехалі татары. Грабеж ды разбой чынілі. У кожную хату завіталі няпрошаныя госці. Завітала нейкая татарка і да старой Аўдолі. Аўдоля — жанчына бедная. Што ў яе возьмеш? Адзінае, што прываблівала вока татаркі, гэта кадка капусты ды агуркі ў бочцы. Пачала татарка агуркі ў мяшок класці. Выбірала, выбірала, амаль да дна дабралася. І калі зноў у чарговы раз татарка нізка нахілілася ў бочку, не ўтрымалася Адоля, схапіла яе за ногі ды галавой у расол. Тая і захлынулася. Зноў адпомсцілі татары: хаты папалілі, а вяскоўцаў паланілі ці пабілі.

Лахаўка

Маюцца паданні і пра паходжанне назвы вёскі Лахаўкі, але варыянты наймення паселішча супярэчаць адзін другому. Адзінае з іх вынікае сапраўднае, што тут адбывалася вірлівае жыццё: быў лодачны прычал, перавалачная база на дарозе ў Давыд-Гарадок, тут вёўся гандаль; а вёска, акрамя цяперашняй назвы і назвы Малая Лахаўка, іменавалася яшчэ і Малая Лахва.

Старое рэчышча Смердзі абвівала Лахаўку з поўначы і ўсходу, і штогод вясной, калі разлівалася Прыпяць, становячыся адзінай воднай прасторай, рэчка давала аб сабе ведаць: вада магутнай плынню імкнулася на ўсход, змываючы патокамі масты, дарогі і грэблі. Потым вада сыходзіла і летам кожная яма ў рэчышчы, кожны вірок поўніўся рыбай. Людзі лавілі яе волакамі, кашамі. На кожным заломе рэчышча быў вірок, і ў чый надзел ён трапіў, так і іменаваўся: Базылёў, Езавітаў, Сімонкаў. І кожны быў з аерам, з жоўтымі гарлачыкамі, шырокае лісце якіх утварала цэлае скопішча.

Але быў адзін з віркоў з белым дном і даволі чыстай вадой. Мы любілі там купацца, а бацькі не дазвалялі, казалі: “То — Маньчына ямка. Калісьці яна ўтапілася там з дзіцяткам. Яна і зараз, калі на небе маладзічок, начамі плача там. Не купайцеся, бо можа ўцягнуць у ваду і ўтапіць”. І іншыя верылі, другія лічылі, што гэта выдумка, нейкае паданне. А насамрэч, там было ўтапленне.

У Карпавай Ганны, вельмі беднай удавы, была дачка Манька. Зусім яшчэ маладая, не паспела яшчэ як след навучыцца ткаць кросны, шыць бялізну і ежу гатаваць. А з войска прыйшоў Ільюшчын Якаў — хлопец з заможнай сям’і. Убачыў Маньку, спадабалася, засватаў — пажаніліся. Пакуль не было дзіцяці, маладзічка спраўлялася са сваімі абавязкамі. А нарадзілася дачушка — пачалася няўпраўка, і пачаўся нагнёт: свякроў поедам ела, а муж з кулакамі кідаўся. Манька цярпела, цярпела — не вытрымала, да мацеры ўцякла. А тая зганіла, з хаты выгнала: “Ты — жонка, павінна з мужам быць”.  — “А калі нельга, то што рабіць?” — “Нельга? То йдзі ды ўтапіся”. А Манька, і праўда, з гора-бяды, ухапіўшы маленькую, не раздумваючы, як ішла, нават не азірнуўшыся, пайшла ў вір.

Кажуць, маці, раскайваючыся, таксама ў тым віры хацела ўтапіцца, ды людзі ўратавалі.

Рака Марочна

А вось наступнае паданне — сапраўднае.

Даўно тое было. Аднойчы панскі спраўнік паехаў па нейкіх справах у Дрэбск. Убачыў у прыгоннай сям’і вельмі пекную дзяўчыну. Загадаў цівунам даставіць яе ў Лахву. Хацеў пацеху сабе зрабіць. А дзяўчына не аддалася, вырвалася ў адной сарочцы. Не па дарозе, напрасткі пабегла. А паміж Дрэбскам і Лахвай рака Марочна ў той час працякала. На дварэ холадна, зазімак. Рака не плынная, таму лядком пакрылася. Вось па тым лядочку і пабегла дзяўчына. Край мінула, сярэдзіну, а не дабегшы да берага метраў дзясятак, увалілася. З палонкі ніяк выбрацца не можа. Крычала, клікала каго-небудзь на дапамогу — нікога, і Бога маліла — не дапамог.

Мінулі стагоддзі, высахла Марочна, а на тым месцы б’е крыніца. То, кажуць, дзявочыя слёзы льюцца з-пад зямлі.

Рака Марочна

На Лунінеччыне ёсць два даўнія поцягі рэчак Марочных. Па шырыні і глыбіні далін-рэчышчаў (усходняй, што цягнецца каля Краснай Волі, Перунова да Лахвы, і заходняй — між Лахвай і Кажан-Гарадком) можна толькі здагадвацца, якімі патокамі вады валодалі гэтыя рэчкі. Дарэчы, у мінулым стагоддзі ў час меліярацыі пры пракладцы каналаў і ў адной і ў другой даліне былі выкапаны старажытныя драўляныя баржы, што сведчыць аб глыбіні тых рэк.

Змяніліся кліматычныя умовы — зніклі рэчкі. Вось як гаворыцца пра знікненне Марочнай у паданні, запісаным  Васілём Туміловічам у Кажан-Гарадку:

Была некалі рака Марочна, а цяпер жа там — балота, куп’е, поле. А расказваюць: некалі даўным-даўно валодалі людзі вялікімі чарамі, маглі або самі скідацца ваўкамі, або другога каго ў ваўка ці іншую звярыну ператварыць. Любыя маглі на чалавека наслаць “урокі” — урабіць сваімі чарамі. І сталася так, што ўтапілася ў той Марочнай рэчцы адзіная ў мацеры дачка. Горка заплакала няшчасная маці і пракляла тую рэчку. Рэчышча Марочнай перасохла, зарасло сітняком і пляшнёю, пакрылася куп’ем. Не сталі біць з-пад зямлі крыніцы і засыціла рэчку балотным мулам. Брыдкія жабы насялілі тое балота і шчэзла Марочна-рака.

Васіль Мікалаевіч Туміловіч — гісторык, краязнавец, аўтар многіх брашур і артыкулаў. У 2001 і 2003 гадах выдаў зборнікі “Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель” і “З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка”, у якіх значнае месца займаюць і паданні.

У шэрагу паданняў ёсць і гістарычнае, пра Відуш-Гару, што знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад вёскі.

 

Больш за 2000 гадоў назад у гэтых мясцінах падарожнічаў старажытнарымскі філосаф і пісьменнік Публій Авідый Назон, а смерць спасцігла яго тут. На гэтай гары і пахавалі Авідзіуша.

Багданаўка і Сваха

Спрадвек на нашай зямлі вяліся вой-ны, пакутавалі ад якіх найперш жанчыны ды дзеці. У паданні апавядаецца:

Недзе з боку Пінска да Пагосцкага возера блізіліся ворагі. Некалькі чалавек з бліжэйшых вёсак, пераправіўшыся праз Бобрык, пайшлі па лесе ў пошуках прыстанішча. Ішлі, ішлі і раптам адкрылася лясная паляна. “Ну, Бог даў ніўку. Тут і прытулімся,” — вырашылі яны. Зладзілі буданы. Здавалася б, часовыя. Але мясціна спадабалася, і збудавалі некалькі хатак. Заснавалася сяленне Богданіўка.

Нават пра балоты маюцца паданні. Самая вядомая пра балотны абшар Сваха, што месціцца між Багданаўкай і Бастынню (крыху паўночней).

У час нейкага нашэсця ворагаў людзі з суседніх вёсак схаваліся на балоце. Пакуль там жылі, яны не толькі пазнаёміліся, але і парадніліся — былі сасватаны дзве ці тры пары. Іх звяла нейкая хадавая, гаварлівая жанчына — “сваха”. Дык і балота так назвалі.

Азёры Белае і Чорнае

Даўно гэта было. На месцы цяперашняга Белага возера сярод сасновага бору месцілася вёска. Мірнае жыццё парушыла вайна. Неяк разведка данесла, што ў паўднёвым кірунку з’явілася варожае войска. Была ўзнята трывога, і ўсе мужчыны выправіліся па паўднёвай дарозе, каб сустрэць ворагаў воддаль ад вёскі. Але чужынцы прыйшлі з усходу, з боку ракі Цны. Спачатку перабілі ўсіх старых, потым на вачах у матак выразалі дзетак, а над жанчынамі вырашылі паглуміцца. Безабаронныя маткі звярнуліся да духоўных сіл — і ўсё сяленне пачало апускацца ў зямлю, з’явілася возера з белай вадой. Знікла і шмат ворагаў. Астатнія з жахам пачалі адступаць да ракі, і калі яны сабраліся ў атрад, раптам зямля правалілася і паглынула іх — з’явілася возера з чорнай вадой. Так ўзніклі азёры Белае і Чорнае.

Вярнуліся ваяры, спачатку не ўцямілі, адкуль замест вёскі возера, а калі зразумелі, упалі над вадой на калені, слёзна прасілі прабачэння, што не змаглі абараніць. Тыя слёзы падалі ў ваду і адразу ж ператвараліся ў кветкі, якія празвалі “любеліяй”, пазней змянілася назва — “лабелія”.

З тых часоў Белае возера ў вялікай людской пашане, а да Чорнага нават сцежкі талковай няма.

Легенды і паданні з’яўляюцца і ў наш час. Творчыя людзі ў мастацкай форме даносяць нам звесткі мінуўшчыны. Так па-мастацку напісаны паданні аб паходжанні назваў паселішча Крысцінова і вёскі Лунін настаўніцай Палескай СШ Людмілай Пятніца, што змешчаны ў зборніку “Лунінецкі сшытак” №9-10 за 2010 год.