Усмешка анёла
13 января 2016, 15:24

Усмешка анёла

Сёння яму 50. Залаты юбілей.
Поделиться

Вадзім не пачуваўся задаволеным у гэтую снежаньскую раніцу. Ён сядзеў у інвалідным вазку, з якім за апошнія тры дзясяцігоддзі жыцця звыкся настолькі, што лічыў бадай што часткаю свайго цела. Сёння яшчэ і апошні працоўны дзень у сыходзячым годзе. Наперадзе святы.

Вадзім пагаліўся, ласьён прыемна лашчыў скуру. Ён хуценька паснедаў, хуценька — у яго ўласным уяўленні, бо кожны рух даваўся з цяжкасцю. Потым апрануў свежую кашулю і пінжак, цяжкі ад узнагарод. Сёння адказны дзень. Вадзіму трэба акурат а дзясятай раніцы быць у паліклініцы на камісіі, бо трэба пацвердзіць інваліднасць. Якая бязглуздзіца! Быццам страчаныя тры дзясяткі гадоў таму ногі вырастуць нанава.

Ногі — гэта яго боль і трагедыя. Той цяжкі бой, у якім Вадзім страціў амаль усіх сваіх баявых сяброў і ўласныя ногі, падзяліў ягонае жыццё на два кавалкі. Да яго ён быў вясёлым юнаком, што радаваўся кожнаму пражытаму дню. Але пасля ад радасці нічога не засталося. Толькі боль. Боль быў фізічным, бо куксы вышэй кален ніяк не гаіліся на працягу некалькіх гадоў. Боль быў фантомным, ён незвычайны і страшны, балелі пальцы, ступакі і лыткі. Але ж іх ужо не існавала. Яны былі адцяты спрытным хірургам яшчэ ў палявым шпіталі недзе каля Кандагара. Ад гэтага болю можна было сапраўды звар’яцець. А яшчэ быў маральны боль ад таго, што нікому непатрэбны калека сам змагаецца за кожны рух, за кожнае імгненне жыцця.

 

Вадзім узгадаў Алену. Нічога дзіўнага, ён узгадваў яе кожны дзень. Ён не шкадаваў сябе, не шкадаваў страчаныя магчымасці, проста ў нейкім аморфным, віртуальным асяродку яна існавала побач з ім заўсёды. Алена — яго першае і адзінае каханне. Вадзім памятаў кожнае імгненне з тых, калі яны былі разам. Яны пазнаёміліся ў навагоднюю ноч ля галоўнай гарадской ялінкі. Дзяўчына ўважліва глядзела на нейкую ёлачную цацку, а юнак спрытным рухам зняў бліскучую прыкрасу і працягнуў ёй. Яны  сустрэліся позіркамі — і гэтага было дастаткова, каб запаліць палкае вогнішча кахання. Віхура кахання ўзняла іх да самага неба. Вадзім страціў тую мяжу, што падзяляе рэальнасць і мрою, яву і мары.

Як вынік, экзамены ў інстытут ён з трэскам праваліў. Алена, як і марыла, стала першакурсніцай медыцынскага. А ён падаўся на падрыхтоўчыя курсы, планаваў нешта на наступны год, але потым быў прызыў і Афган…

У яго было шмат начэй, у якія сон  сыходзіў ад яго ў далячыні. Вадзім зноў і зноў думаў пра Алену. Быццам імкнучыся аднавіць усе дэталі, што так хацелі знікнуць з ягонай памяці назаўсёды. Ён збіраў іх па крупінках. Тыя ашчэпкі шчасця, якіх ніколі ўжо не атрымаецца ўз’яднаць і склеіць. Вадзім разумеў, што нічога лепшага ўжо не будзе ў ягоным жыцці.

…Калі Вадзім вярнуўся да бацькоў, прайшоўшы шпіталі, рэабілітацыйныя цэнтры, шматлікія камісіі і агляды, ён зразумеў адно: ён патрэбен толькі бацькам. Яшчэ тады, калі яго пераправілі ў Саюз, на першым этапе ўласных пакут ён паставіў бацькам умову — ні ў якім выпадку не казаць аб тым, што з ім здарылася, Алене, нават калі яна будзе пісаць ці тэлефанаваць. Надта вялікім было каханне, каб падвергнуць яе такому выпрабаванню. А яшчэ да таго болю, што стала прапісаўся ў ягоным целе і  душы, Вадзім не хацеў дадаваць боль, калі яна захоча ўсё ж звязаць жыццё з інвалідам.

 

Бацькі памянялі добрую кватэру ў цэнтры на лядашчы дамок на ўскрайку. І толькі дзеля таго, каб ён мог выязджаць у двор на інвалідным вазку. Як ні стараліся дактары, але з пратэзамі Вадзіму не шчасціла. Куксы моцна балелі і крываточылі, так нічога і не падабралі. Сказалі, што ў яго асаблівая адчувальнасць і моцны фантомна-болевы сіндром, а яшчэ моцнае псіхалагічнае ўзрушэнне. Нічога нельга зрабіць, застаецца жыць з тым, што ёсць.

Мама пакінула працу. А бацька шчыраваў дзень і ноч, а яшчэ стараўся абладзіць гэты дамок, каб у ім было магчыма больш-менш жыць у нармальных умовах адзінаму сыну.

Вадзім пакутаваў і гэтыя пакуты нельга было параўнаць з самымі цяжкімі непрыемнасцямі, што могуць уварвацца калючым, жорсткім ветрам у жыццё чалавека. Невыносныя пакуты ад таго, што стаў калекам, што яго маладосць зруйнавана раз і назаўсёды, ды і не толькі маладосць. Пакутаваў ад таго, што не можа нічым дапамагчы бацьку. А ён здае з кожным днём, і Вадзім адчувае, што прычынай бацькавых хвароб з’яўляецца таксама ён. Хлопец мучыўся ад таго, што не мог зарабіць капейчыну, бо не паспеў атрымаць прафесію.

Боль і пакуты не зламалі Вадзіма. Ён удзячны бацькам, што пры іх падтрымцы не наклаў на сябе рукі, не спіўся і з’ехаў на сваім інвалідным вазку на самае дно.

Шмат тых хлопцаў, што пабывалі там, за рэчкай, напаткаў менавіта такі незайздросны лёс.

 

Але жыццё станавілася ўсё цяжэйшым. Цяжка захварэла матуля. Пенсія ў Вадзіма мізэрная. Грошай на лекі не хапала. Аднойчы яму прапанавалі прасіць міласціну. Казалі, што гэта добры бізнес, абяцалі вялікі працэнт. Бо, маўляў, ён перспектыўны і паспяховы. Начапі медалі ды выедзь на вазку ў горад, і хто адмовіць салдату? Ён мучыўся, пакутаваў, але не згаджаўся.

Калі матулі зрабілася зусім дрэнна, ён быў згодзен ужо на ўсё. Але выратаваў бацькаў сябар, бо прапанаваў арганізаваць у іх доме невялікую вытворчасць. Ён быў добрым настаўнікам, і Вадзім неўзабаве стаў добрым спецыялістам па вычынцы скур і шыццю шапак з футра. Гэта было сапраўднае выратаванне. Толькі матулю тое не ўратавала. Мамы не стала. А бацьку зрабілася яшчэ цяжэй ад гэтай жыццёвай ношы. Не мінуў нават год, як следам за матуляй сышоў у лепшы свет бацька.

Татаў сябар, добры чалавек, меў пэўныя сувязі. Грошы Вадзіма і падтрымка неабыякавага чалавека зрабілі цуд. Паўгода ў нямецкай клініцы дазволілі Вадзіму абыходзіцца амаль без інваліднага вазка. Лячэнне, рэабілітацыя і лепшыя спецыялісты па пратэзіраванні паставілі Вадзіма на ногі пасля доўгіх гадоў абрыдлага сядзення. Ён даволі хутка навучыўся хадзіць з пратэзамі. Жыццё стала больш разнастайным і насычаным. Бракавала толькі радасці ад кахання, і мары заставаліся толькі марамі. Сёння яму пяцьдзясят. Нават павіншаваць няма каму. Ён цяжка ўздыхнуў, сам не заўважыўшы гэтага. Але пара, у паліклініку спазняцца не варта.

 

У кабінеце была толькі медсястра. Яна прапанавала Вадзіму прысесці на кушэтку. На стале стаяла малюсенькая ялінка з адной толькі цацкай — бліскучым анёлам з узнятымі крыльцамі. Цацачны анёл нібыта зачапіў сваім крылом нейкія патаемныя струны ў душы Вадзіма. Перад вачыма паплылі малюнкі з мінулага жыцця, а ў вушах зайграла да болю знаёмая мелодыя. Неўзабаве адчыніліся дзверы, і ў кабінет зайшла прыгожая жанчына ў белым халаце. Стрымана павіталася. Ён толькі глянуў у яе бок, а сэрца сціснулася і абрынулася ўніз. Вадзім пільна ўгледзеўся ў гэты твар. Пацямнела ў вачах. Так, гэта была яна, некалі ягоная Алена. І голас амаль не змяніўся…

Вадзім апусціў галаву. Ледзьве дыхаючы, ён назіраў за ёю бакавым зрокам. Алена ўзяла ў рукі яго медыцынскую картку. Некалькі хвілін падаліся Вадзіму вечнасцю. Раптам яна ўзняла позірк на яго, а ён рэзка апусціў вочы долу, каб не сустрэцца з ёю позіркамі. Тады яна паднялася з-за стала і накіравалася да яго.

— Вадзім, паглядзі мне ў вочы, — прамовіла яна стрымана і шэптам паўтарыла тое самае яшчэ раз.

Ён падняў вочы, саромеючыся ўласных слёз. Яны сустрэліся позіркамі. Алена таксама плакала.

— Як ты мог? Хто даў табе права вырашаць за мяне? — па шчоках сцякалі буйныя слёзы.

Вадзім закрыў твар далонямі. Плечы ўздрыгвалі. Ён не плакаў нават у самыя дрэнныя часы свайго жыцця. Наогул, ён не памятаў, калі апошні раз плакаў. Ягоная доля навучыла быць і жорсткім, і моцным.

 

Алена нечакана павярнулася і выйшла ў калідор. А ён ніяк не мог прыйсці да цямы, у соты, тысячны, мільённы раз праклінаючы лёс, што пасылае яму адны толькі выпрабаванні. Яна вярнулася досыць спакойнай, наўмысна строгай і засяроджанай. Села за стол і пачала наўмысна спакойным голасам задаваць пытанні і запаўняць чарговую старонку ў пухнатай медыцынскай картцы. Ён абыякава адказваў, а ўнутры нясцерпны боль паліў яго змучаную душу.

Раптам рэзка адчыніліся дзверы. Высокі, прыгожы і зусім малады мужчына ў белым халаце літаральна ўварваўся ў кабінет. Твар яго быў разгубленым і ўстрывожаным.

— Мама, што здарылася? Не пужай мяне так, я кінуў пацыентаў і прымчаўся да цябе, парушаючы ўсе магчымыя правілы дарожнага руху!

Алена ўзяла яго за руку і падвяла да кушэткі.

— Пазнаёмся, Вадзім, гэта — твой бацька. Я ведала, што мы вернемся ў гэты горад. Ён жывы, дзякуй Богу.

— Ён таксама Вадзім, — толькі і паспеў падумаць бацька, што імгненне таму пазнаёміўся з сынам. Ён адчуў млявасць ва ўсім целе. Раптам столь і падлога памяняліся месцамі, усё стала як у тумане, выразным быў толькі анёл. Ён усміхаўся і махаў Вадзіму крылом.