Вясновая сустрэча

Вясновая сустрэча

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы прайшла чарговая літаратурная вечарына з удзелам гасцей з Лунінца, сябраў літаб’яднання “Касіяпея” пры нашай газеце.

Загадчыца бібліятэкі Аксана Маркевіч павіншавала прысутных з Сусветным днём паэзіі, распавяла пра сакавіцкіх юбіляраў — вядомых беларускіх творцаў Кандрата Крапіву і Аляксея Зарыцкага. Дарэчы, да вечарыны работнікі бібліятэкі прымеркавалі выставу разьбы па дрэве свайго чытача Васіля Серавокага.

Са сваімі творамі і развагамі на літаратурныя і краязнаўчыя тэмы выступілі перад прысутнымі лунінецкія літаратары Вадзім Жылко, Сцяпан Нефідовіч і Васіль Туміловіч. У падарунак бібліятэцы былі перададзены новыя выданні. Жыхарка Мікашэвічаў Алена Кудач прачытала ўласныя вершы, прысвечаныя роднай школе-інтэрнату, а таксама майстэрскі выканала байку. Кіраўнік клуба “Натхненне” пры філіяле ТЦСАН Вольга Шэляговіч распавяла пра дзейнасць гэтага творчага аб’яднання.

Сустрэча праходзіла ў шчырай, нязмушанай атмасферы, з чаепіццем.