КУКУЦЁЛКА
05 апреля 2016, 08:04

КУКУЦЁЛКА

Мала хто ведае, што водны аб’ект “Рыбгас “Лахва”, які размяшчаецца між вёскамі Лахва і Любань, спрадвеку мае назву Кукуцёлка (з націскам на другі склад). Яшчэ 100 гадоў назад такое найменне мела балота, што месцілася тут.
Поделиться

Cажалкі сучаснага рыбгаса зай-маюць плошчу ў 166 га, балота ж займала значна большы прастор. З боку лахвенскіх зямель яно абмяжоўвалася пясчанымі ўзвышшамі Паповыя горы, Рэхаўня, Сястраніцы і ўсходнім краем мястэчка, а з любанскага боку межавала з урочышчамі Ражон, Гневанне, Падамножак і Любанне. Але, як вядома, балоты раптоўна не ўзнікаюць, яны фарміруюцца на працягу тысячагоддзяў. Значыць, у Кукуцёлкі ёсць багатая гісторыя.

З даўніх друкаваных крыніц вядома, што некалькі тысяч гадоў назад на тэрыторыі сучаснага Палесся існавала мора, якое празвалі Герадотавым. Упершыню пра мора згадвае старажытны грэчаскі вучоны Герадот, які жыў 2,5 тысячы гадоў назад. Пра гэтыя мясціны, прыроду і насельнікаў, што жылі побач, ён яскрава напісаў у кнізе “Мельпамена”.

У даўнія часы значная частка Палескай нізіны з’яўлялася водным царствам. Стрыжнем гэтага вялізнага вадаёма была рака Прыпяць. Яе пойма — нязмерныя прасторы, куды ўлівалася мноства рэк і безліч балоцістых ручаёў. У кнізе апавядаецца і пра заліў, што далучаўся да мора з поўначы і ўтвараў суцэльную прастору. Гісторыкі мяркуюць, што той заліў — Грычын.

Пра тое, што на Палессі існавала мора, сведчаць знойдзеныя ў час меліярацыйных работ у сярэдзіне мінулага стагоддзя вялікія якары, а ў рэчышчах зніклых ужо рэчак дзвюх Марочных і Сіценкі — ёмістыя судны або баржы.

Мора і заліў былі акружаны ўзгор’ямі. У існуючым і зараз паданні гаворыцца, што нейкі магутны князь раскапаў горы і спусціў сабраныя за імі воды, якія бурным патокам памкнулі ў Чорнае мора. На месцы мора засталіся балоты ды азёры. Найбуйнейшым балотам стаў былы заліў Грычын, а пры спуску вады імклівыя патокі праклалі шлях з Грычына ў Прыпяць і з’явіліся бурлівыя рэчкі, цяпер ужо зніклыя Хартовіца, Луцкова, Бабіна, упамянутыя ўжо Сіценка і Марочныя, у тым ліку Гнеўка (а мо — Гнеўна) і Журавінная, на шляху якіх лягло во-зера Кукуцёлка.

 

Паўстагоддзя назад мне давялося збіраць звесткі пра гэты аб’ект. Вось што расказвалі старажылы.

Параскоўя Якаўлеўна Шэўчык (1878 г.н.):

— У ранейшыя часы па сярэдзіне Кукуцёлкі працякала рэчачка. З таго боку (лахвенскага) былі панскія сенакосы, а з гэтага — балота і лясная чашча: густыя лозы і вербы, а дубы і алешыны з небам гаманілі. Любанцы на сваім балоце капалі тарпу (торф) і карысталіся ляснымі набыткамі. А на панскай палавіне Кукуцёлкі накошвалі шмат сена, бо сенажаць удобрывалі ўгнаеннямі. Маці казала, былі выпадкі, што нашы людзі ўкрадаліся туды і жалі траву. Тых, хто трапляўся стражнікам, вялі ў панскі маёнтак і каралі — білі пугамі.

Аляксей Андрэевіч Шэўчык (1929 г.н.):

— У мяне быў дзед Улас. Невысокі, каранасты, дужы. Расказваў, што ў гады яго маладосці ў Кукуцельскім лесе раслі тоўстыя лозы, з якіх дзерлася шырокае лыка для лапцей. Аднойчы пайшоў і дзед за лыкам. Узваліў вязку кары, і толькі рушыў, а насустрач — мядзведзь. Дзед спуду як зароў! Мядзведзь — ходу. Дзед — таксама.

Са сказанага вышэй вынікае: тоўсты пласт торфу — сведка былога возера, а лясная пушча сведчыць аб даўняй забалочанасці гэтай мясціны.

 

Пры Радзівілах, якія панавалі ў Лахве з 1520-х па 1820-я гады, бліз Кукуцёлкі былі пабудаваны гаспадарчыя будынкі фермы (сядзіба ж — палац, сад, касцёл і інш. — месцілася за паўвярсты на поўдзень ад мястэчка). На балотным абшары знаходзіліся лугі-сенажаці, далей на поўнач — шляхецкае поле.

Пры акупацыі Расіяй нашых зямель панскае памесце перапрадавалася. Апошнім гаспадаром яго быў памешчык фон Дэрвіз. У 1906 годзе Дэрвіз землі плошчай 25 тысяч гектараў між Смерддзю і Ланню прадаў Мінскаму сялянскаму банку. У гэтым жа годзе гэты банк накіраваў групу ліквідатараў (ацэншчыкаў зямлі па катэгорыі і разбіўкі яе на ўчасткі — хутары) на чале з вучоным-аграномам Уладзімірам Раманавічам Рыдзігерам. Рыдзігер, жывучы ў Лахве, упадабаў лугі і сенакосы Кукуцёлкі і ў 1912 годзе для доследаў адкрыў “балотную гаспадарку”. Па выніках вопытаў ім была напісана і на-друкаваная ў Мінску першая навуковая праца. У 1915 годзе, у сувязі з Першай сусветнай вайной, балотная станцыя спыніла сваю дзейнасць.

Новае жыццё Кукуцёлка набыла пры польскай уладзе ў 1923 годзе. Літаральна праз два гады з пачатку акупацыі нашых мясцін палякі арганізавалі работу па стварэнні рыбгаса. У рабоце былі задзейнічаны сотні людзей з блізкіх і далёкіх вёсак. Уручную капалі ўвадныя і абвадныя каналы, насыпалі дамбы, узводзілі шлюзы. Добрая аплата давала вынік — праз два гады была зарыблена першая сажалка (на жаль, дата адкрыцця невядома). Для запаўнення сажалак вадой па рэчышчы ракі Журавінная была пракапана канава Маянтковая, а для спуску вады выкапалі значна даўжэйшую — да возера Лахаўскае, што каля Прыпяці — даўжынёй 13 кіламетраў.

У час вайны работы ў рыбгасе не вяліся, а адноўленыя былі ў 1951 годзе.

Па-за межамі рыбгаснага аб’екта засталося некалькі незадзеяных участкаў, парослых алешнікам, лозамі, дзікімі травамі, якія напамінаюць аб даўнім існаванні тут балота з неразгаданай назвай Кукуцёлка.