Чарнобыльскі вецер
27 апреля 2016, 12:24

Чарнобыльскі вецер

29 красавіка адбудзецца прэзентацыя кнігі А. Тамковіча ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханаса Раў журналіста Аляксандра Тамковіча “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да Сада Надзеі”. У ёй змешчаны і матэрыял, які прысвечаны Лунінеччыне.
Поделиться

Па раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, (дзякуючы нямецкай амбасадзе ў Мінску), я праехаў каля пяці тысяч кіламетраў, а першым быў менавіта Лунінец. Але ім пачынаюцца ўспаміны пра тыя паездкі не толькі па гэтай прычыне. Лунінец адзіны населены пункт, дзе пад час працы над кнігай мне давялося пабываць двойчы.

І другі раз стаў лагічным працягам першага, бо за некалькі дзён да Раства Хрыстова (20 снежня 2014 года) я даведаўся, што праз тры месяцы туды прыедуць нямецкія партнёры з пабрацімскага Ротвайля, якія шмат год наведваюць Лунінец за тыдзень да Вялікадня па Юліанскаму календару.

 

Аднак аб усім па парадку.

Лунінец знаходзіцца на паўднёвым усходзе Брэсцкай вобласці. Да беларускай сталіцы ад яго 260 кіламетраў, а да Чарнобыльскай станцыі, якая месціцца амаль на мяжы Украіны і Беларусі, усяго на 100 км больш. Гэта абставіна і адыграла сваю ракавую ролю 26 красавіка 1986 года.

У тую трагічную раніцу вецер дзьмуў менавіта з Украіны. Дзве траціны радыеактыўных рэчываў, якія пасля катастрофы на атамнай станцыі падняліся ў неба і сталі смяротна небяспечнымі хмарамі, “аселі” на Беларусь. Больш за ўсё пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласці, аднак дасталося і чатыром раёнам суседняй Берасцейшчыны.

Калі на першамайскай дэманстрацыі пра катастрофу ў Чарнобылі ніхто з лунінчан яшчэ нічога не ведаў, то на традыцыйным парадзе 9 мая некаторыя былі ў курсе таго, што на ЧАЭС здарылася нешта страшнае, і трэба (перш за ўсё дзецям) ад яго хавацца.

Аднак ўсе гэта было толькі на ўзроўні чутак. Афіцыйная камуністычная прапаганда подла маўчала…

Акрамя гэтай бяды (ў сэнсе дрэннай экалогіі) ў Лунінца ёсць яшчэ і дзве сваіх. Гутарка пра вельмі шкоднае для людзей і прыроды Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства (РУВП) “Граніт”, што месціцца ў горадзе Мікашэвічы. А таксама “магільнікі” радыёактыўных адходаў у блізкім Століне (напрамую 40 км), пра якія раней ведалі толькі вайскоўцы і мясцовыя жыхары.

…Існуе пяць розных версій узнікнення назвы горада Лунінец. Падрабязна спыняцца на кожнай няма сэнсу, таму абмяжуемся тым, што яго жыхары прынцыпова робяць націск менавіта на першым складзе, а не на трэцім.

А яшчэ Лунінец называюць клубнічнай сталіцай Беларусі. І, сапраўды, сярод тых, хто з пачатку сезона прывозіць іх на продаж у Мінск, машын з гэтага райцэнтра больш за ўсё, а кошт ягад на месцы збору ў 2-3 разы больш танны за вядомы мінчанам Камароўскі рынак.

Другое пытанне – наколькі небяспечныя гэтыя ягады?

Мінскія ўлады шмат гавораць пра жорсткі радыяцыйны кантроль, але ў многіх на гэты конт ёсць сур’ёзныя сумневы.

Як і адносна таго, што прадукты ежы з «забруджаных» рэгіёнаў сёння цалкам бяспечныя для здароўя людзей, бо ўсе ведаюць, як гэтыя «нарматывы» дасягаюцца. «Забруджаныя» прaдукты банальна «разбаўляюць» чыстымі ад радыенуклідаў.

Малако ў Лунінцы – самы яскравы прыклад. Сёння яго ўжо вольна прадаюць, а раней катэгарычна забаранялі даваць малым дзецям. У малочныя кухні прывозілі ў спецыяльных бутэльках.

Наколькі ўсё зараз стала бяспечным, сказаць складана, адназначна толькі тое, што тыя, хто ведае, як што робіцца, самі гэту «чысціню» амаль не ўжываюць…

Чаго не скажаш пра тых, хто стала жыве ў забруджаных раёнах. З большасці людзі забыліся на тое, што на іх землях нельга збіраць грыбы і ягады, піць малако кароў, якія там пасуцца. Так, радыяцыі на паверхні зямлі стала менш, чым было раней, але тая нікуды не падзелася, а толькі “апусцілася” крыху глыбей.

Пра аб’ектыўнасць афіцыйнай статыстыкі разважаць вельмі цяжка, аднак і яна час ад часу літаральна шакуе сваімі лічбамі. Не так даўно былі абнародаваныя дадзеныя пра тое, што 42% грыбоў і 30% ягад Беларусі маюць павышанае ўтрыманне цэзія-137.

І гэта пры тым, што ў спіс не ўвайшла самая чыстая ад радыяцыі вобласць Беларусі — Віцебская, а з часоў катастрофы ў Чарнобылю мінула ўжо 30 год.

Знаёмая бяда з радыёактыўным цэзіям і жыхарам Лунінеччыны, аднак сумна тут не толькі ад гэтага. Лунінецкі раён займае адно з першых месцаў у Беларусі па забруджанасці мяліцыям, які аказвае вельмі негатыўны ўплыў на крывяносную сістэму чалавека. Менавіта па гэтай прычыне, нароўні з анкалагічнымі захворваннямі, сёння ў статыстычных даведніках Лунінечччыны “ідуць” інфаркты і інсульты. Па гэтаму паказчыку раён займае адно з першых месцаў у Беларусі.

Плюс (напэўна, лагічней гаварыць пра мінус) тое, што мяліцый надзвычай дрэнна ўздзейнічае на зрок, таму колькасць дзяцей у акулярах тут літаральна зашкальвае. Назіраецца таксама незвычайны рост захворванняў цукровым дыябетам. Яго дыягнастуюць нават у немаўлят…

 

…Таццяна Васільеўна Казлова, як модна зараз казаць, мадэрыруе амаль ўсю “чарнобыльскую” працу на Лунінеччыне, якая сфакусіравана ў створаным ёй Маладзёвым цэнтры.

Гісторыя жыцця гэтай вельмі цікавай жанчыны таксама вельмі цікавая і вартая таго, каб аб ёй расказаць падрабязна, таму прапануем вашай увазе ўспаміны, як кажуць, ад першай крыніцы:

— Я нарадзілася ў Лунінцы. Мая маці – Марыя Ігнацьеўна Жыляева, масквічка, пад час Вялікай Айчыннай вайны працавала ў школе, і як усе масквічы, капала акопы ля сталіцы СССР. А бацька, Васіль Аляксандравіч, у Лунінцы быў інжынерам на чыгунцы. Разам з начальнікам міліцыі яны паехалі на экскурсію ў Маскву, пайшлі на спектакль у Вялікі тэатр. Яго месца аказалася побач з месцам маці.

Так яны пазнаёміліся і неўзабаве пабраліся шлюбам. Маці пераехала ў Лунінец. Расказвала, што спачатку сустрэлі яе тут даволі насцярожана, бо мясцовыя жыхары атаясамлівалі маці з новай для іх савецкай уладай. Для Захаду Беларусі гэта было нешта чужое, выключна ўсходняе. Да 1939 года гэтыя землі ўваходзілі ў склад перадваеннай Польшчы.

З часам насцярожанасць адышла. Маці доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў у першай школе нашага гораду. І працавала, трэба падкрэсліць, вельмі добра. Ёй нават прысвоілі ганаровае званне выдатніка народнай адукацыі. Усе яе класы былі вельмі моцнымі (асабліва па рускай мове), таму настаўнікі, якія працягвалі навучанне дзяцей далей, імкнуліся “узяць” менавіта іх.

Пасля работы на чыгунцы бацька быў начальнікам склада паліва. Выйшаў на пенсію і вельмі хутка (не прайшло і года) памёр ад інфаркту.

Мы з маці засталіся ўдвух. У мяне яшчэ было два браты, але адзін памёр яшчэ да майго нараджэння, а другі прама пад час родаў.

Бацька паходзіў з вельмі музычнай сям’і. Амаль ўсе яго сваякі і продкі гралі на музычных інструментах – магдаліна, гітара і г.д.. Напэўна, менавіта па гэтай прычыне ён ўладкаваў мяне ў музычную школу, якую я праз сем год і закончыла. Аднак вабіла зусім не музыка. ВЕЛЬМІ хацелася стаць урачом. Адзін з бацькавых братоў працаваў гінеколагам, і я часта ездзіла да яго на работу, дзе той усё расказваў .

Пад час майго паступлення ў ВНУ ішлі адразу два (11 і 10 класы, праходзіла чарговая рэформа адукацыі -заўвага аўтара) школьных выпуску, таму канкурэнцыя была надзвычай вялікай. Іспыты здала даволі добра (дзве чацвёркі і пяцёрка), аднак патрэбных для паступлення балаў не дабрала.

Вярнулася назад у Лунінец і пачала займацца на завочных падрыхтоўчых курсах — пісала розныя работы. Трэба было працаўладкавацца, і ў сувязі з тым, што я добра скончыла музычную школу, мяне накіравалі ў Мікашэвічы (там не было настаўніцы па фартэпіяна) выкладаць музыку.

Ад Лунінца да Мікашэвіч 60 кіламетраў. Кожны дзень туды і назад ездзіла на працягу цэлага года. Потым паспрабавала паступіць зноў. На іспытах атрымала на адзін бал болей, то бок дзве пяцёркі і адну чацвёрку, але і гэтага аказалася мала.

Да іх рыхтавалася пад кіраўніцтвам выкладчыцы па хіміі, якая працавала ў педагагічным інстытуце. Яна і параіла пайсці з адзнакамі медінстытута да іх. Маўляў, потым можна будзе зрабіць трэцюю спробу. У тыя часы так паступалі многія, таму неўзабаве я стала студэнткай Віцебскага педінстытута, які тады насіў імя Кірава, а зараз атрымаў імя Машэрава.

У нас была цудоўная куратар курса. Са студэнтаў яна арганізавала музычную групу, і мы разам зрабілі шмат канцэртаў. Я так да іх “прыкіпела”, што праз год нікуды больш не пайшла.

Пасля педінстытута мяне накіравалі працаваць у школу для слабавідушчых дзяцей, дзе ўпершыню ў жыцці сутыкнулася з такой праблемай.

Пасля звальнення з арміі майго мужа Леаніда Іванавіча Казлова, мы зноў вярнуліся на Лунінеччыну. Я стала працаваць у школе вёскі Вулька Першая. Вяла там хімію і біялогію, а вечарамі (па просьбе дырэктара) яшчэ і хор.

Неўзабаве перабралася ў Дзятлавічы, якія таксама пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Адну з вёсак раёна (Добрая Воля) перасялілі ў чыстыю вёску Дабаўка.

Потым быў райцэнтр, дзе шмат год працавала ў першай школе настаўніцай хіміі. На паўстаўкі мяне сагітавалі выкладаць ў ліцэі, які з часам ператварыўся ў гімназію. Зараз навучаю тут дзяцей стала.

 

…За тыя тры месяца, што не бачыў Лунінец, можа ён і змяніўся, але асабіста гэтага не заўважыў…

Па-ранейшаму ціхі прыгожы горад, па-ранейшаму прыемная ветлівасць Таццяны Васільеўны Казловай, яе памочніцы Ірыны Верас і цудоўная прэзентацыя кнігі “Арытмія, альбо Код супраціву”, якую ў рэдакцыі “Информ-прогулки” здзейсніў галоўны рэдактар Андрэй Вышынскі, мой калега і сябар.

Дарэчы, ён не толькі больш за дваццаць гадоў таму арганізаваў і ўзначаліў адно з першых у краіне незалежных рэгіянальных выданняў (сышоў з пасады галоўнага рэдактара “чэсных” дзяржаўных “Лунінецкіх навінаў”), але і мае самае непасрэднае дачыненне да тэмы гэтага нарыса.

Справа ў тым, што тады Андрэй Вышынскі быў дэпутатам абласнога і гарадскога Саветаў народных дэпутатаў і, як чалавек неабыякавы, прымаў актыўны ўдзел у вывучэнні ўзроўню радыяцыйнага забруджвання роднага раёна і стварэнні адпаведнай мапы.

Так што ў розных “кюры” Андрэй Міхайлавіч разбіраецца не менш тых, хто карыстаецца рознымі дазіметрамі…

Да слова. Пра дазіметры.

Менавіта з гэтым прыборам у руках ўпершыню і ўбачыў Хіромі Фукузаву, які нарадзіўся ў Японіі, аднак ужо сорак год стала жыве ў Нямеччыне. Па гэтай прычыне разам з традыцыйнай дэлегацыяй нямецкага горада Ротвайль, які з’ўляецца пабрацімам беларускага Лунінца, ён і трапіў у Беларусь.

І ўвесь перадвялікадны (для праваслаўных) тыдзень на свае вочы бачыў, як зараз жывуць тыя, хто 26 красавіка 2016 года сумна “адзначае” 30-годдзе трагедыі на ЧАЭС.

Не буду пералічваць усе мерапрыемствы, якія былі прапанаваны гасцям з Нямеччыны. Адзначу толькі, што як заўсёды яны былі вельмі прадуманымі і насычанымі. Так што ні на хвіліну не пашкадаваў, што яшчэ раз трапіў у Лунінец. Асобна хачу адзначыць экскурсію, якую вучні названай вышэй гімназіі правялі ў сваім музеі на ангельскай мове і канцэрт, што ў Маладзёвым цэнтры, разам з дэманстрацыяй сваіх дасягненняў зладзілі яго ўдзельнікі.

Аднак вернемся да Японіі. На жаль, з недалёкіх часоў у японцаў ёсць свая сумная дата. Амаль праз чатыры месяцы пасля нашага “юбілею” — пяць год трагедыі на Фукусіме.

І асабіста не здзіўлюся, калі неўзабаве ў іх таксама з’явіцца нешта накшталт фонду “Дзецям Факусімы”…

А ўзровень радыяцыі (ужо нармальны) Хіромі Фукузава вымераў каля той самай гімназіі, дзе нас і чакала Таццяна Казлова, якая па маёй просьбе ўспомніла, як усё пачыналася:

 

-Самы пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Фонд Сораса адзначыў спецыяльнай узнагародай узровень нашай адукацыі, і я была на адпаведным фуршэце. Там і пазнаёмілася з Ірынай Грушавой. Дамовіліся пра сумесную дзейнасць. Яна папрасіла нас знайсці памяшканне для офіса, і неўзабаве прывезла туды швейцарцаў. Пры сустрэчы абмеркавалі напрамкі дзейнасці. Высветлілася, што акрамя чыста чарнобыльскай тэматыкі, Фонд робіць шмат цікавага. Да падобнай актыўнасці заклікалі.

Так у Лунінцы з’явіўся свой Маладзёвы цэнтр. Адразу ж пачалі ладзіць розныя маладзёвыя праекты, займацца праблемамі экалогіі, дапамагаць пенсіянерам і інвалідам.

Прыемна, што на першым Маладзёвым фестывалі (1995 год) перамагла менавіта каманда “Будучыня Лунінеччыны”. З часам склад нашых камандаў мянящся, але высокі ўзровень захоўваўся заўсёды. Як і назва.

Да таго ж, дзякуючы гэтым фестывалям, якія потым сталі форумамі, у нашай моладзі з’явілася магчымасць пасябраваць і наладзіць камунікацыі са сваімі равеснікамі з другіх рэгіёнаў Беларусі. У розныя гады ў фестывалях удзельнічалі каля дзвюх дзесяткаў каманд.

А пасля таго, як распрацаваная ў нас геліоўстаноўка “Прамень” перамагла сярод экалагічных праектаў краіны, дзякуючы Ірыне Грушавой, мы ўпершыню пабывалі ў Нямеччыне…

 

…На жаль, гэта датычыцца не толькі Лунінца. Складаецца такое ўражанне, што дзяржаве патрэбна толькі тое, што робіцца выключна з яе ўдзелам. Усё іншае – “варожая дзейнасць” так званай “пятай калоны”. Нават, калі гэта не так па вызначэнню і накіравана “варожая дзейнасць” на дапамогу людзям. Часам здаецца, што ў Беларусі жывуць розныя жыхары і жыццё ў іх абсалютна рознае.

Дарэчы, узровень “варожасці” даволі часта вырашаюць людзі, якіх цяжка назваць разумнымі…

Як вядома, штогод перад сумнай датай 26 красавіка Лукашэнка асабіста актыўна піярыць паездку ў раёны, якія больш за ўсё пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Маўляў, вы балбочыце на сваіх “Чарнобыльскіх шляхах”, а я займаюся канкрэтнай справай.

Цынізм  фразы перш за ўсё ў тым, што дзеля таго, каб ён у гэтай справе быў адзіным, менавіта існуючая ўлада любымі спосабамі перашкаджае іншадумцам дапамагаць тым, хто жыве ў забруджаных рэгіёнах. Можна прывесці цэлы стос прыкладаў, калі чыноўнікі прымушалі людзей адмаўляцца ад таго, што даюць ім не яны. Не шкадавалі нават дзіцячыя дамы, куды не пускалі “апазіцыйныя” лялькі і ежу, а ў бібліятэкі і школы — кнігі.

Бывалі выпадкі, калі прывезеныя з-за мяжы лекі своечасова не траплялі да цяжка хворых. Людзі паміралі ад анкалагічных захворванняў, а мытнікі наўмысна цягнулі з “растаможкай” таго, што магло б ім дапамагчы.

Каментаваць усё гэта нармальнымі словамі вельмі цяжка, таму абмяжуюся толькі шматкроп’ем….

З’яўленне ў Лунінцы новай ініцыятывы ўлады сустрэлі, мякка кажучы, без энтузіязму. Больш за тое, чыноўнікі не разумелі, навошта ствараць нешта новае, калі існуе і Дом творчасці моладзі, і адпаведныя рэчы ў школах.

Таццяне Казловай прыходзілася тлумачыць, што іх цэнтр працуе па выходных, калі моладдзю ніхто не займаецца. Наколькі гэта гучала пераканаўча, спрачацца няма сэнсу. Адзначу толькі, што калі спачатку і была нейкая падтрымка мясцовых уладаў, то з часам яна значна паменшылася. Аб гэтым красамоўна сведчыць тое, што за час існавання яны ўжо змянілі аж пяць месцаў дыслакацыі.

Што гэта такое, асобна тлумачыць няма сэнсу, бо кожны і так ведае, што адзін пераезд роўны двум пажарам. Асабліва, калі ўлічыць, што памяшканні, якія заўсёды выдзялялі Казловай, калі сказаць надта дыпламатычна, не былі самымі прыемнымі для людскіх вачэй…

Больш за тое, нават самыя небяспечныя і бяскрыўдныя перамогі ўспрымаліся, як нейкі выклік. А перад тым, як ўказаная вышэй геліоўстаноўка “Прамень” на адпаведным экалагічным конкурсе была названа лепшай у краіне, на Казлову пачаўся “наезд”, які цяжка сумяшчаецца з нармальнай логікай.

“Чэсныя” “Лунінецкія навіны” (так сёння ў Беларусі называюць падкантрольную дзяржаве прэсу) напісалі, што “Казлова займаецца справай, якая супярэчыць дзейнасці Лукашэнкі і разам з 12-цю вучнямі выступае супраць будаўніцтва атамнай станцыі”. Не засмуціла нават тое, што пошук альтэрнатыўных экалагічна чыстых крыніц энергіі не “лунінецкія інтрыгі”, а сусветны брэнд.

Глупства была настолькі відавочным, што хутка рэдактару гэтай газеты прыйшлося прасіць прабачэнне, аднак, як кажуць у тым анекдоце, “скрадзеныя лыжкі знайшліся, але асадак застаўся”.

Зрэшты, да падобных выпрабаванняў Таццяне Васільўне Казловай, як кажуць, не прызвычайвацца. Вядома ж, страта нервовых клетак — рэч непрыемная, але гэта нешта другаснае. На першым плане – вучыць моладзь дасягаць сваіх мэтаў, вучыць быць актыўнымі і добрымі:

 

— Дваццаць год таму з дапамогай Грушавых мы сталі кантактаваць з ініцыятывай з нямецкага гораду Ротвайль. Кіруе гэтай ініцыятывай цудоўная жанчына Ангела Геслер. Яна, як і я, настаўніца. Працуе ў школе для дзяцей з рознымі адхіленнямі па здароўю.

Наколькі мне вядома, з фондам “Дзецям Чарнобыля” яна пачала кантактаваць амаль адной з першых. Такіх добрых і энергічных кіраўнікоў я яшчэ не сустракала. Цікава, што Ангела Геслер эфектыўна працуе не толькі з сябрамі яе ініцыятывы, але і з мясцовым кіраўніцтвам. Бургамістр Ротвайля з гэтай нагоды нават узнагародзіў яе ганаровай граматай.

Яна заўсёды пад час нашых прыездаў арганізоўвае канцэрты ў гарадской ратушы. У нацыянальных беларускіх строях беларускія дзеці спяваюць беларускія песні. Як гэта прыгожа!

Большасць нашых сучасных праектаў звязана менавіта з Ротвайлям. Першы называецца “Няхай маленькі свет стане вялікім”. Ён – для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з Дома дзіцячага прытулку. Мы разам з імі ладзім канцэрты, адзначаем святы.

Назва другога праекта “Беражыся бедаў, пакуль іх няма”. Гэта супраць наркаманіі і СНІДУ. Гэты праект (цікавыя канферэнцыі, размовы, конкурсы і г.д.) накіраваны перш да ўсё так званай “рабочай моладзі”, то бок тым маладзёнам, якія вучацца ў прафесійна-тэхнічных каледжах, альбо працуюць на прадпрыемствах накшталт мікашэвіцкага “Граніту”.

Экалогіі прысвечаны трэці накірунак нашай дзейнасці, які называецца “Добрыя ідэі зменяць свет”. Гэты праект з рознымі тэмамі мы вядзём больш за 15 год. Зараз гутарка пра неабходнасць устаноўкі новых фільтраў для прадпрыемства (РУВП “Граніт”), якое не толькі самае буйное ў нашым раёне, але і больш за ўсіх іншых забруджвае навакольнае асяроддзе. Цікавяць і так званыя “адсевы”, то бок адыходы гэтай вытворчасці, у якіх шмат шкоднага для здароўя людзей свінцу.

Акрамя гэтага ў фокус нашай увагі трапіла і тое, як розныя гатункі бульбы ўплываюць на развіццё цукровага дыябету.

Яшчэ раз хачу выказаць падзяку Ірыне і Генадзю Грушавым. Гэта ўнікальныя людзі! Дзякуючы ім толькі на аздараўленні за мяжой пабывалі каля пяці сотняў лунінецкіх дзяцей. І працягваюць ездзіць зараз.

А самае галоўнае – яны навучылі нас быць неабыякавымі.