Дзень Перамогі — дзень асаблівы

Дзень Перамогі — дзень асаблівы

09 мая 2016, 16:07
387
Свята Перамогі адзначаюць сёння жыхары Мікашэвічаў.

Пачаўся дзень з шэсця святочна-ўпрыгожаных калон прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў па вуліцах Першамайскай, Чыгуначнай і плошчы Каржа.

Першай павітала ветэранаў, гараджан і гасцей горада старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Галіна Сыцевіч. Галіна Паўлаўна падкрэсліла, што ў гэтым годзе дамы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны спецыяльна пазначаны, каб усе ведалі, хто тут жыве, не праходзілі міма, аказвалі дапамогу. Ветэранаў штогод становіцца менш. Па Мікашэвіцкаму гарсавету іх засталося толькі восем чалавек.

Павіншавалі таксама старшыня Лунінецкага райсавета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, намеснік дырэктара ААТ «Спецжалезабетон» Тамара Меляшкевіч, старшыня Мікашэвіцкага саюза ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў Леанід Жыбарт, навучэнка 11 класа Мікашэвіцкай гімназіі Алёна Верамейчык і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Казіміравіч Булат. Хвілінай маўчання мітынгоўцы ўшанавалі памяць загінуўшых у баях. Пад зброевы залп ўсклалі кветкі і вянкі ля помніка героям-вызваліцелям, дзе вахту памяці неслі піянеры Мікашэвіцкай гімназіі.

Мерапрыемства працягнуў гарадскі канцэртны аркестр з г.Баранавічы пад кіраўніцтвам Васіля Прадуна. Гучалі песні і мелодыі ваенных гадоў. Многія з прысутных нават пайшлі таньчыць.  

Далей святочнае мерапрыемства перанеслася ў канцэртную залу ДК «Граніт», дзе прайшоў тэатралізаваны канцэрт «Дню Перамогі — слава!». Артысты Палаца Культуры ў чарговы раз парадавалі сваімі музычнымі і танцавальнымі нумарамі. На плошчы ДК працуе выязны гандаль, дзіцячыя атракцыёны. Дзень пакуль не закончыўся, але ўсе чакаюць дыскатэкі, якая пачнецца ў 21 гадзіну вечара, а скончыцца ў 1 гадзіну ночы. Са святам!