Людзі гавораць аб тым, што хвалюе
12 мая 2016, 17:40

Людзі гавораць аб тым, што хвалюе

На дзіцячых пляцоўках зараз ажыўленне. Пацяплела, і матулі з энтузіязмам вядуць сваіх дзетак “дыхаць свежым паветрам”. А дакладней – капацца рыдлёвачкамі ў пясочніцах, катацца з горачак ды гойдацца на арэлях.
Поделиться

Пакуль малыя гуляюць, жанчыны сядзяць на лавачках ці стаяць каля дзяцей, і размаўляюць паміж сабою. І шмат чаго можна пачуць, апынуўшыся побач. На дзіцячых пляцоўках абмяркоўваюцца пытанні, якія па-сапраўднаму важныя для насельніцтва нашага горада.

— Чаму пясочніцы не закрыць крышкамі? – адна з матуль з абурэннем паказвае сяброўкам у пяску тое, чаго там быць не павінна. – Катоў у двары шмат, і ўсе яны сюды, у пясочніцу, ходзяць. А дзеці гуляюць. Малыя дык і ўвогуле могуць гэты пясок на густ паспрабаваць. У мінулым годзе мы пясочніцу на ноч плёнкай закрывалі. Ды што вы думаеце? Адна, другая ноч мінула, а потым плёнка знікла. Разам з цаглінамі, якімі яе фіксавалі. Застаецца адно – зрабіць драўляную накрыўку. Але ці самастойна гэта рабіць, ці звярнуцца ў ЖКГ? Было б добра, калі б улады больш увагі надавалі менавіта дзіцячым пляцоўкам.

— А вы заўважылі, што ў паліклініцы паявіліся спавівальныя столікі? – гэта ўжо другая маці. — Вельмі зручна. А як быў мой Арцёмка малы, дык з кабінета ад доктара выйдзеш і не ведаеш, як тое немаўлятка апрануць. Клалі на лавачку ці на падваконнік, а што рабіць? Вось яшчэ было б добра, калі б у дзіцячай кансультацыі не даводзілася ў чэргах сядзець. А то бывае прыйдзем па талону, на свой час, а чакаць даводзіцца доўга, таму што бацькі з дзецьмі да годзіка ідуць без чаргі. Нічога не маю супраць, але няхай бы для такіх малышоў быў асобны час прыёму. Вось учора мы з сыночкам прыйшлі да педыятра толькі за тым, каб даведку атрымаць, а сядзелі ў чарзе, дзе дзеці кашлялі і чыхалі, добрых паўгадзіны.

— Што датычыць дзіцячых пляцовак, дык іх даўно ўжо пара цалкам аднаўляць, — гэта ўжо трэцяя матуля. – Паглядзіце, гэтыя арэлі ды горка стаялі тут яшчэ ў нашым дзяцінстве. У некаторых жа дварах ёсць пластыкавыя ігравыя комплексы. Чаму не паставіць такія ўсюды? Зразумела, яны каштуюць грошай. Але ж палітыка нашай краіны прапагандуе павышэнне нараджальнасці. Дык чаму не пачаць з умоў для будучых дзяцей? Тым больш, што ў нашым горадзе ні парка няма, ні забаўляльнага цэнтра. Атрымоўваецца, усе клопаты пра малых кладуцца на плечы бацькоў. А дзе ж падтрымка дзяржавы?

— Часта гасцюем у сяброў у Кобрыне, у Брэсце, — кажа маці, што першаю завяла гаворку. – Там выходзіш на прагулку з дзіцём і атрымоўваеш задавальненне. Цудоўныя паркі, шмат атракцыёнаў, дзіцячыя кавярні. Ну, зразумела, Брэст – абласны цэнтр. А Кобрын? Раённы горад, як і наш. Але ж для дзяцей і ўвогуле, для людзей, там значна больш умоў. Калі ж сябры прыязджаюць да нас, заўсёды паўстае пытанне, куды іх адвесці, што паказаць. Добра, што зараз ёсць басейн і лядовая арэна. Яны выратоўваюць…