Жахлівая рамантыка вайны
12 мая 2016, 16:36

Жахлівая рамантыка вайны

Максік ніяк не хацеў выходзіць з крамы. І ці дзіўна - столькі цацак! Усё можна браць, гуляцца, выпрабоўваць і, галоўнае, не губляць надзеі, што тата ўсё ж пагодзіцца і набудзе для яго новы пісталет. Той самы, з варанёнымі бакамі, цяжкі, што так добра лажыцца на далонь. Сапраўдная цацка для сапраўднага мужчыны.    
Поделиться

  Бацька ж даўно прыгледзеў для Максімкі радыёэлектронны канструктар. Сын мог атрымаць добры досвед і практыку ў складанні розных электронных прылад і схем. Дадатковыя веды маглі б быць карыснымі потым і на ўроках фізікі. Тата і сам быў не супраць гуляцца разам з сынам, бо ў ягоным дзяцінстве не было нічога падобнага. Аб такім канструктары ён мог толькі марыць.

   Максік адводзіў затвор, націскаў на спускавы кручок і верашчаў ад захаплення. Цэліў у прадаўцоў, у лямпачкі на столі, браў на мушку ляльку – даўганогую бяляўку з сінімі вачыма. Але тая ніяк не рэагавала, глядзела на яго ва ўпор нязменным бяздушным позіркам. Дзяўчына на касе, у адрозненне ад лялькі, адводзіла позірк і марыла, каб гэты разбэшчаны хлапчук як мага хутчэй сышоў з пакупкай, ці нават без яе.

   Павел ніколі не быў пацыфістам. Ніколі не быў сябрам ніякіх партый і арганізацый, што змагаліся за мір ва ўсім свеце. Нават у студэнцкія гады ігнараваў усялякія мерапрыемствы падобнага кшталту. Замест мітынгаў аддаваў перавагу паездкам у вёску, каб дапамагчы бацькам у простых будзённых справах. А яшчэ ён любіў бываць у бабулі.

   Баба Маня была незвычайным чалавекам. Яна любіла Паўліка. Заўсёды частавала яго нейкай смакатой, цікавілася яго поспехамі ў навучанні і ніколі не была абыякавай да ўсяго, што адбывалася ў ягоным жыцці. У бабы Мані былі натруджаныя рукі, зморшчаны твар і вельмі дзіўныя вочы. Павел ніколі больш такіх не бачыў. Здавалася, што бабуліны вочы не маюць ніякага колеру. Ён так і не змог вызначыцца, якога колеру яны некалі былі. Яны магчыма былі блакітнымі і страцілі свой колер разам са слязьмі, што так многа яна праліла. А можа яны былі зялёнымі, і той колер і адценне былі страчаны разам з болем і пакутамі, што давялося перанесці. Магчыма вочы бабы Мані былі карымі, як у матулі, і страцілі той насычаны колер з адвечным смуткам і роспаччу, што некалі вераломна ўварваліся ў яе жыццё і засталіся там назаўсёды…

   Аднойчы мама расказала Паўлу трагедыю іх сям’і. Гэта не было таямніцай. Але аб гэтым стараліся не гаварыць лішні раз нават аднавяскоўцы. Каб не вярэдзіць незагойную рану старой Мані, каб не пакутавала ад напамінаў. Вясковыя людзі вінавата адводзілі позірк, каб толькі не сустрэцца позіркам з Маняй, хоць ні ў чым ніхто з іх не быў вінаваты.

   У Лабаневічах кожны ведаў Маню. Колькі гадоў мінула с часоў той страшнай вайны, але яе гісторыя перадавалася праз пакаленні. Ля абеліска да Дня Перамогі сельсавет штогод ладзіў мітынгі з прадказальным сцэнарам. Школьнікі стаялі ў ганаровай варце. Ветэраны, якіх з кожным годам рабілася ўсё меней, гаварылі прамовы. А потым ускладвалі вянкі і кветкі да бетоннай пліты з імёнамі аднавяскоўцаў, што не прыйшлі з той вайны. Няхай сабе і не было на той пліце яшчэ дзвюх імён, але яны былі выбіты назаўсёды ў сэрцы кожнага, хто хоць нейкім чынам звязаў свой лёс з Лабаневічамі.

   Маня рана аўдавела. Мужа забілі перад вайной толькі за тое, што адмовіўся аддаць каня прадстаўніку новай улады – вызваліцелю, што прыйшоў з Усходу. Тое здарэнне потым спрабавалі выдаць за напад нейкіх міфічных рабаўнікоў. Але ж шыла ў меху не схаваеш. Засталася Маня з трыма дзеткамі. Сыны-пагодкі Максім і Яўхім, ды меншанькая дачушка Надзейка , што пачала рабіць толькі свае першыя крокі. Змоладу Маня спазнала ліхой долі. Пасля першых народжаных дзяцей астатнія нараджаліся мёртвымі, альбо сама цяжарнасць была няўдалай. І вось, нарэшце, доўгачаканая дачушка тупае сваімі кволымі ножкамі па грубай падлозе.

   Гора не загартавала яе. Але яна навучылася падпарадкоўваць свае эмоцыі, каб не засмучаць дзетак. Хоць не аднойчы плакала наўзрыд па начах, альбо адведваючы магілку мужа на вясковым пагосце. І вось новае выпрабаванне – вайна.

   Вайна пачалася ў нядзелю. Але ўжо праз некалькі дзён акупанты прыехалі ў палескую глуш. Паставілі пост ля чыгуначнага мосту праз раку. Акрамя гэтага паста нікога з іх у Лабаневічах не засталося. Навошта, хапіла памагатых з мясцовых, для якіх быў арганізаваны паліцэйскі ўчастак з пэўнымі паўнамоцтвамі. Усё жыццё ў вёсцы кантралявалі яны.

   Атрымаўшы ўладу, няхай сабе і з падачы немцаў, прыспешнікі фашыстаў спаўна скарысталіся магчымасцю ўдосталь парабаваць сваіх аднавяскоўцаў, паздзекавацца з іх і адпомсціць сваім крыўдзіцелям за рэальныя і надуманыя крыўды і знявагі. Нехта з паліцаяў і сапраўды быў пакрыўджаны папярэдняй уладай, а некага звабілі заробкі і паёк.

  Мясцовы люд баяўся лішні раз сустрэць на сваім шляху ўзброенага паліцая. Асабліва калі той быў п’яны. Мог прычапіцца без прычыны, паздзекавацца і нават забіць бяспраўнага чалавека быццам бы за сувязь з партызанамі. П’янкі былі частымі. “Абмывалі” расстрэл ваеннапалонных, што імкнуліся пераплыць  раку на чоўне. Замочвалі спаленую разам з амаль усімі жыхарамі суседнюю Карабанаўку, куды іх накіравалі на дапамогу мясцовым паліцаям. Пілі з нагоды знішчэння яўрэйскага гета ў суседнім мястэчку, у чым прымалі самы непасрэдны ўдзел…

   Старэйшы з паліцаяў, Юзік Крэчань, зусім не стары яшчэ чалавек. Пухнаты ў рабацінні твар, бяздушныя, быццам у рыбіны вочкі, каржакаваты і з адвечным смуродам перагару… Менавіта так яго апісваюць нават тыя вяскоўцы, хто на шчасце ніколі ў жыцці яго і не бачыў.

   Юзік быў ахвочы да дзяўчат, ці нават жанчын больш сталага веку. Але па-сапраўднаму заляцаўся ўсё ж да адной. Прыгажуня Ганна не давала пакою ні ўдзень, ні ноччу. Гармоны, падмацаваныя самагонкай, вымушалі рабіць яго недарэчныя ўчынкі. Неяк п’яны ў анучу паклываў да Гані і стаў прапаноўваць той замужжа. Шматлікія абяцанкі, спробы абняць дзяўчыну і пацалаваць смярдзючымі, бруднымі, з прыліплай махоркай, слінявымі вуснамі, выклікалі рэакцыю якой той ніяк не чакаў. Ганна, вылузаўшыся з нахабных абдымкаў, ухапіла бярозавае палена з прыпечка і агрэла ўзбуджанага кавалера прама па галаве. Ад чаго той расцягнуўся на падлозе і гучна захроп. Дзяўчына спужалася і пляснула ў таўсматы твар конаўку халоднай вады.

   Прыйшоўшы да цямы, з цяжкасцю асэнсаваўшы тое што здарылася, Крэчань брудна вылаяўся і выйшаў з хаты. Дзвярыма бразнуў з такой сілай, што забразгацелі шыбы, а жалезны язык з клямкі трывожна дзінькнуў аб падлогу. Гэты непрыемны гук доўга стаяў у вушах спужанай Гані.

   Юзік Крэчань шпарка крочыў па вясковай вуліцы. У яго памарочанай галаве быў гатовы план помсты, які ён быў гатовы ажыццявіць проста імгненна, ці ў любым зручным выпадку.

   Надвячоркам наступнага дня Ганна вырашыла развеяцца пасля непрыемнай сутычкі з нахабным Юзікам Крэчанем. Вясковая моладзь збіралася на ўскрайку вёскі ля старых бяроз. Гойдаліся на арэлях, палілі вогнішча, спявалі ці проста размаўлялі. Гэтыя бярозы чулі і словы прызнання, бачылі першыя няўмелыя пацалункі, адчувалі хваляванне шчымлівых дотыкаў… Пад імі нараджалася і сяброўства, і самае сапраўднае каханне. Ганя марыла сустрэцца з Максімам. Яны кахалі адно аднаго і, калі б не гэтая праклятая вайна, то пабраліся б ужо шлюбам. А так прыйдзецца чакаць да вяселля не ведама колькі.

    Максім і Яўхім былі не проста братамі, яны былі літаральна неразлучнымі. Заўсёды разам працавалі па гаспадарцы. Усе хатнія справы ляжалі на юначых плячах. Адпачывалі таксама разам, хадзілі ў бярозавы гай на ўскрайку вёскі і бавілі час з вясковай моладдзю.

   Як  заўсёды, ля вогнішча браты сядзелі побач. Ганна наўмысна села насупраць. У водблесках полымя твар Максіма здаваўся яшчэ прыгажэйшым і яшчэ больш мужным. Яна і не хавала свайго захаплення. Усе ведалі, што яны кахаюць адно аднаго і справа ідзе да вяселля.

   Маладыя людзі весела гаманілі. Усе нвокал свае. Ніхто нікога не баіцца і не саромеецца. Усе ў аднолькавых умовах, і ўсё так проста і зразумела ў іх маладым вясковым жыцці. Салаўіныя спевы ў арэшніку дазволілі забыцца пра вайну, пра ўсе непрыемнасці і жахі. Бо фронт недзе далёка, а да нямецкай камендатуры вёрст дваццаць. Жыццё ідзе, віруе. Вяскоўцы займаюцца звыклымі летнімі справамі, асноўная з якіх касавіца.

   Узышоў месяц і блізкі лес зрабіўся дзівосна таямнічым. Па галінах старых бяроз трывожна прабегся ветрык. Забрахалі сабакі. Удалечыні, з боку вёскі пачуліся п’яныя галасы. А неўзабаве сталі чутны і цяжкія крокі.

— Паліцаі, — шэптам прамовіў нехта з прысутных.

— Не бойцеся нікога, — упэўнена сказаў Максім.

  Чацвёра паліцаяў нахабна падышлі да вогнішча, дзе бавіла час жменька вясковай моладзі. Замест прывітання Юзік Крэчань гучна зароў:

— Што, дома не сядзіцца, маць вашу! Партызанку тут разводзіце!

— Дзядзечка Юзік, ну што вы такое кажаце…

Крэчань нават не павярнуўся ў той бок адкуль прагучаў спужаны дзявочы галасок.

— Я пакажу вам зараз дзядзьку, свалата вясковая, — рыбіны вочы Юзіка быццам вострыя свярдзёлкі ўпіліся прама ва ўпор, ды так, што Ганна зніякавела, а па спіне прабегла халодная хваля страху.

— Ты і ты, — паказаў Крэчань руляй вінтоўкі ў бок братоў Яўхіма і Максіма, — людзі бачылі як вы з лесу шлі! Ад партызанаў ?

— Нікуды мы не хадзілі, цэлы дзень на пакосе, — адказаў Максім.

— Разбяромся! А зараз хадзем, вы арыштаваныя, — зноў зароў Крэчань.

— Нікуды мы з табою не пойдзем , — азваўся Яўхім.

— Я пакажу вам зараз, трасца вашай мацеры, прыстрэлю зараз усіх тут агулам за сувязь з партызанамі і ўся справа, — паліцай перасмыкнуў затвор вінтоўкі.

  Тое ж самае зрабілі паплечнікі старэйшага паліцая. Хлопцы падняліся і панура пакрочылі ў суправаджэнні канвою ў бок вёскі.

   Моцна бразнулі дзверы. Там, звонку, двойчы праспяваў сваю песню стары заржавелы замок. Цемра. Хоць вока выкалі. У хляве пахла цвіллю і старым гноем.

— Што рабіць будзем? – устрывожана запытаўся Яўхім.

— Нешта прыдумаем, не бойся, — супакойваў Максім брата.

   Яны паселі на салому. Настала цішыня. Толькі недзе ў дальнім куце хлява прабегла мыш, ці пацук. Стала зноў ціха. Праз нейкі час хлопцы пачулі п’яны рогат сваіх канваіраў.

   Паліцаі “абмывалі” чарговы баявы поспех. Хіба не? Двух партызанаў арыштавалі. Раніцой напішуць рапарт начальству, пра няроўны бой, праяўлены гераізм і мужнасць пры затрыманні “лясных бандытаў”. Апошняя пляшка самагонкі апусцела, але расходзіцца па дамах ніхто не збіраўся.

— А хто будзе вартаваць гэтых жэўжыкаў? – звярнуўся да Крэчаня адзін з падначаленых.

— А што з імі здарыцца, няхай сядзяць у хлеўчуку пад замком, нікуды яны не дзенуцца, — азваўся, ледзьве валодаючы языком, самы маладзейшы з паліцаяў, — але ж шустры гэты Максім, а д яго што заўгодна можна чакаць.

— Хопіць трындзець, — гаркнуў Крэчань, — бярыце ліхтар і за мной!

  Хлопцы пачулі галасы, скрогат замка. Сэрцы трывожна забіліся. Паліцаі ўварваліся ў хлеў. У святле газавага ліхтара прастора напоўнілася ценямі, якія нібыта чорныя здані глядзелі на ўсё тое, што мела адбыцца тут.

— Што, сволачы, перад начальствам устаць не хочаце! – Крэчань кінуўся да юнакоў. З усёй сілы ўдарыў нагою ў твар. Максім ці то ад нечаканасці, ці то ад сілы ўдару выцяўся на саломе заліўшыся крывёю. Яўхім закрыў рукамі твар, але раптам атрымаў такі ўдар прыкладам у грудзі, што хруснулі рэбры. Нястрымны боль праняў усё цела і ён страціў прытомнасць.

— Чаго стаіце, я вас навучу што трэба рабіць з гэтымі смаркачамі.

   Паліцаі, быццам зграя дзікіх звяроў накінуліся на сваю ахвяру. Білі нагамі, прыкладамі, чым прыйдзецца. Не вядома колькі часу доўжылася збіццё. Твары палонных ператварылася ў крывавае месіва, здавалася, жывога месца не засталося на іх знявечаных целах. Крэчань, наносячы ўдары, паўтараў: “Свалата… Я пакажу табе і Ганну, я пакажу табе і вяселле”…

— Цяпер пойдзем, замыкайце хлеў, цяпер дакладна не збягуць, — прамовіў Крэчань, — самагонкі б яшчэ, ды ладна, хопіць на сёння.

   Шпаркімі крокамі Крэчань набліжаўся да сваёй хаты. Раптам у цемры разгледзеў нейкі сілуэт. Рука сама пацягнулася ка кабуры. Ён намацаў пісталет і ўпэўнена сціснуў рукаяць.

— Юзічак, гэта ты?

— Хто тут?

— Гэта я, Маня. Дзеці казалі, што хлопчыкаў маіх арыштавалі. Юзічак, даражэнькі, адпусці. Яны ж не вінаватыя ні ў чым, — кленчыла яна ўхапіўшы Крэчаня за руку.

— Юзічак, злітуйся, яны не хадзілі ў лес. Юзічак, мы ж сваякі яшчэ з вамі, хоць і далёкія. Добра ж жылі з вамі заўсёды… Адпусці, малю цябе, адпусці маіх дзетак. Век буду памятаць тваю дабрыню, маліцца за цябе кожны дзень буду…

— Партызаны твае сыны. Ідзі, заўтра разбяромся, — Крэчань адштурхнуў жанчыну і рушыў у хату.

— Адпусці, Юзік, якія яны партызаны, дзеці яны…

   За Крэчанем зачыніліся дзверы, а жанчына панура пакрочыла ў той бок, адкуль толькі што прыйшоў паліцай. Бязгучна плакала. Роспач і думкі напоўнілі сэрца. Усё самае горшае прыйшло на роздум. Нездарма ж кажуць, не дай Божа таго дзецям, пра што надумаецца маці.

— Божанька, барані ад таго, што прыходзіць у думках! Божанька, захавай маіх дзетак, маіх сыночкаў…

   З малітвай на вуснах і надзеяй у сэрцы асцярожна наблізілася да хлява. Азірнулася навокал. Нічога не пачула і нікога не пабачыла. На дзвярах намацала вялізны замок. Прыслухалася — ціша.

— Максімка, Яўхімка…

   Паклікала яшчэ раз, ужо гучней. Ніхто ёй не адказаў.

— Яўхімка, маленькі мой, ты тут? Максімка, сыночак, азавіцеся!

  Раптам Мані падалося, што нехта адказаў ёй. Але тое “мамачка”, што быццам пачула яна ў начной цемры, магло быць і слыхавой галюцынацыяй, што ўзнікла ад перажытага хвалявання. Так прамаўлялі яе сыночкі, калі былі яшчэ зусім маленькімі хлопчыкамі. Яна пастаяла яшчэ нейкі час. Клікала яшчэ колькі разоў, але марна. Няспешна пайшла дадому, але думкі сталі яшчэ больш цяжкімі: а можа сыноў ужо забілі і гэты Крэчань проста не захацеў сказаць ёй гэтую жудасную навіну.

   Нечакана пад раніцу зайшлася плачам Надзейка. Яна паказвала пальчыкам на жывот і плакала. Разам з дачкою плакала Маня. Яна дакранулася вуснамі да дзіцячага лобіка. Дзяўчынка гарэла. Такой бездапаможнай Маня не адчувала сябе ніколі. На досвітку ўзяла дзіця на плечы, падвязалася посцілкай і пашыбавала ў мястэчка. Людзі казалі, што з усіх яўрэяў, што там некалі жылі, новая ўлада пакінула толькі аднаго – доктара Гохмана. Ён быў добры чалавек і прымаў усіх. У ім бачыла паратунак Маня, таму і спяшалася на золку новага дня са сваёй каштоўнай ношай за плячыма. Толькі б паспець. Ад хуткай хады стамілася, але ішла, не зважаючы на стому. Які цяжкі сёння для яе дзень. А яшчэ думкі пра хлопцаў, пра сыноў…

   Крэчань з паплечнікамі прачынілі дзверы хлява. Збітыя юнакі ляжалі на зямлі. Жудаснае відовішча. У Юзіка адно вока ад удару вылезла з вачніцы, вялізныя мухі поўзалі па крывавых плямах, правая рука, відаць зламаная, застыла ў нейкім неймаверным згібе. Юнак паглядзеў уцалелым вокам на сваіх катаў і засмаглымі вуснамі прашаптаў : “Мама”…

— Мамку завеш, свалата, не дапаможа табе ўжо ні мама, ні хто іншы. Крэчань наступіў ботам на руку хлопца ад чаго той толькі застагнаў.

— А ты што, жаніх? Крэчань пнуў Максіма ў жывот.

— Гад ты, Крэчань. Быў гадам і застаўся ім. Каб ты здох!

   Максім збіраўся сказаць яшчэ нейкія пракляцці, але Крэчань нечакана падскочыў і гопнуў усёй вагою таўсматага цела на распластанае цела. Максім страціў прытомнасць.

— Пасля твайго скоку, Юзік, яму не толькі Ганна, ніхто яму ўжо не патрэбен, — зарагатаў адзін з паліцаяў.

— Ідзём пахмяляцца. Потым зробім допыт, запішам паказанні і будзем судзіць ворагаў Рэйху. Я ведаю, што далей з імі рабіць.

   Юзік Крэчань сапраўды ведаў, што будзе далей. План помсты быў даўно гатовы і ён давядзе яго сёння да канца. Хто адважыцца перашкодзіць яму, Юзіку Крэчаню, службовай асобе, што так старанна і дасціпна выконвае свае абавязкі?

   Зноў зачыніліся дзверы. Але ўсяго праз гадзіну п’яныя паліцаі зноў уваліліся ў хлеў. У час застолля Крэчань давёў сваім паплечнікам, што ўсё будзе скончана, рапарт пра захоп партызан і расправу над імі пры спробе збегчы быў напісаны і ляжаў у скураным планшэце. — Дзе знаходзіцца атрад, колькі там чалавек, якую маюць зброю? – Крэчань прысеў ля знявечанага цела Максіма і здзекліва задаваў недарэчныя пытанні. Хлопец толькі хрыпеў і нічога не казаў у адказ.

   Кат павярнуўся да Яўхіма.

— Хто камандзір атрада, колькі ў ім чалавек, хто яшчэ з вамі быў у лесе?

— Мы не былі ў лесе, — прашаптаў юнак. Адпусці нас…

— Значыцца не хочаце адказваць на мае пытанні, не хочаце гаварыць, зараз не толькі

будзеце гаварыць, крычаць будзеце, пра ўсё раскажаце!

   Паліцаі сарвалі са знявечаных цел тыя лахманы, у якія ператварылася пасля катавання і збіцця іх вопратка. Сталі наўкол і пачалі біць хлопцаў абрубкамі тоўстага кабелю, што менавіта для гэтай мэты прынеслі з сабою. Каты стаміліся, робячы сваю жудасную справу. Вышлі на перакур, каб аддыхацца, адпачыць. Крывавае месіва, пашматаная плоць не падавала ніякіх адзнак жыцця.

   Крэчань першы вярнуўся ў хлеў, дастаў з кішэні палатняны мяшочак з соллю, развязаў і вытрас над распластанымі, напаўмёртвымі знявечанымі целамі.

— Пакруціся, жанішок, як ты каля Ганначкі сваёй выкручваўся!

   Крэчань выйшаў ушчэнт раззлаваны, нервова закурыў. Паліцаі стаялі гуртам, разважалі, дзе сягоння можна разжыцца гарэлкай. Раптам неймаверны крык прыпыніў іх размову. Крык смяротна параненага звера, крык адчаю, у якім не засталося ўжо ніякай надзеі… Здавалася крычалі і неба, і зямля…

   Крэчань брудна вылаяўся і подбегам рушыў туды, адкуль раздаваўся гэты жудасны лямант. Першы сухі стрэл, быццам гук зламанага сука, прыпыніў той жудасны крык. Праз імгненне прагучаў другі стрэл. Паліцаі моўчкі пераглянуліся.

— Запражы каня, — звярнуўся Крэчань да малодшага, — ля могілак ямка ёсць, людзі там пясок бралі. Кінеш іх туды, ды засып, каб не смярдзела. На зыходзе дня Маня вярталася з мястэчка са сваёй ношай. Нічога страшнага, доктар зрабіў укол, даў лекі і Надзейцы стала лепш. З кожным крокам, што набліжаў яе да вёскі, Маня адчувала, здарылася нешта нядобрае. Сэрца маці не падманеш. Быццам гаротная птушка, што страціла птушанят, уляцела ўжо подбегам у двор. На прызбе сядзелі суседкі, апускалі заплаканыя вочы долу, не маючы што сказаць. Чым суцешыць, што гаварыць у такія моманты? Усе маўчалі.

  Маня зняла з плеч малую і тая паклыпала зацёклымі ножкамі ў хату. Разумеючы ўвесь жах сітуацыі запыталася: “Дзе яны, дзе мае сыночкі?” Жанчыны паведамілі, што нехта з падлеткаў бачыў, як паліцай прывёз забітых да могілак і закапаў іх у яміне. Хлапчукі, у якіх не было яшчэ страху перад смерцю, сачылі за паліцаям з кустоў. Яны расказалі аднавяскоўцам пра той жудасны, жахлівы выгляд, які мелі забітыя юнакі.

— Мне трэба пагаварыць з тымі хлапчукамі, што былі там, знайдзіце іх, — папрасіла Маня.

— Я ведаю, чые дзеці там былі і ўсё бачылі, зараз прывяду, — пагадзілася адна з суседак.

   Маня паклала змораную Надзейку спаць, сама ж стала чакаць сведак тых страшных падзей. Дакарала сябе, што не змагла абараніць сваіх хлопчыкаў, што не змагла нічога для іх зрабіць…

— Няхай бы мяне забілі, няхай бы мае сыночкі былі жывыя…

   Маня ціха лямантавала, а жанчыны  раіліся паміж сабой, але нічым дапамагчы не маглі. Перажывалі, хоць бы не звар’яцела ад такога ўдару. Не чапалі яе, няхай сабе галосіць.

  Нарэшце вярнулася суседка. За ёю нясмела ўвайшлі ў хату два хлопчыкі гадоў дванаццаці. Маня ведала гэтых дзяцей. Яна абвяла іх позіркам і спакойна прамовіла: “Дзетачкі, любыя, што вы там бачылі каля могілак? Раскажыце мне гаротнай.

   Дзеці нясмела пачалі сваё сведчанне. Маня сядзела на ўслончыку, счапіўшы галаву рукамі. Кожнае пачутае слова, быццам нож, марудна разрываў яе сэрца. Як балела ў той час яно, як нема выла ад болю і роспачы яе зраненая душа! Як усё гэта вытрываць, як з гэтым жыць? Яна нічога не казала, не перабівала дзяцей, што нарэшце асмялелі і расказалі ўсё, што змаглі ўбачыць.     Жанчыны, хто пра сябе, а хто і ўслых пракліналі вайну і тых фашысцкіх прыхвасняў, што так наздзекаваліся з гэтых маладых людзей, дзяцей, што яшчэ, па вялікім рахунку, і не жылі па-сапраўднаму. Маглі жыць доўга і шчасліва, стварыць уласныя сем’і, працаваць, кахаць і гадаваць уласных дзяцей…

   Ноччу Маня пайшла зноў да таго хлява, у якім так жудасна скончылася жыццё яе любых дзяцей. Пастаяла нейкі час ля сцяны, прыслухалася. Як ёй хацелася пачуць тое “мама”, што не раз чула ад сваіх хлопчыкаў. Але дарма, толькі цішыня і стук зраненага сэрца, ды пульс крыві ў скронях. У хляве яна намацала заскарузлыя ад крыві лахманы, што засталіся ад вопраткі. Яна абмуляла кожны закуточак, кожную пядзю, каб нічога не згубіць, каб забраць усё з гэтага жудаснага месца. Халодная гільза, балюча, быццам магла забіць кагосьці яшчэ раз, апякла пальцы. Маня не стала браць з сабой той страшны напамін і адкінула яе далей ад сябе. Недзе ляжыць і другая. Гэта ў іх да пары жыла смерць, тая самая смерць, што без пары забрала яе сыноў. Як жыць пасля такой страты?

   Раніцой Манін стрыечны брат Алесь пайшоў да паліцаяў каб прасіць Крэчаня пахаваць хлопцаў на могілках. Нейкі час пастаяў ля хаты, дзе збіраліся паліцаі. Урэшце рэшт, сабраўшыся з духам, нясмела пастукаў у дзверы.

— Заходзь, што трэба?

— Юзік, дазволь пахаваць хлопцаў, неяк не па-хрысціянску гэта, — Алесь зняў шапку перад паліцэйскім начальнікам і нервова камячыў яе ў руках, — пашкадуй маці, дазволь…

— Што, хочаш каб і цябе, як сабаку, побач закапаў, — Крэчань брудна вылаяўся, — ты таксама партызанскі памагаты?

— Ну што ты, Юзік, мы ж па людскі просім.

— Ідзі вон, пакуль я і цябе не прыхлопнуў! І астатнім перадай, не месца ім на могілках. А таго, хто пасмее без майго дазволу туды наблізіцца, асабіста прыстрэлю. Ты ж ведаеш, мне за гэта нічога не будзе, яшчэ і пахваляць.

 Алесь выйшаў і панура пакрочыў да Мані. Не ведаў, што ёй сказаць, як растлумачыць, што не здолеў ёй нічым дапамагчы? Ведаў толькі адно, што не варта сядзець склаўшы рукі, трэба нешта рабіць, каб гэтыя вырадкі не здзекаваліся з людзей.

  Маня клапацілася пра дачку, нешта рабіла па гаспадарцы, спрабуючы заглушыць боль і адчай. Часамі здавалася, што здарыцца страшнае і яна страціць розум. Але ж, дзякуй Богу, з глузду не з’ехала. Трымалася, хоць сіл амаль не засталося. Начамі хадзіла то да таго страшнага хлява, то да могілак, каб нягучна паплакаць на брацкай магіле, дзе ляжалі поруч браты Максім і Яўхім – яе любыя сыночкі. Толькі Надзейка вымушала яе нешта рабіць, неяк жыць на гэтым свеце, а яшчэ з ёю была яе мара – пахаваць дзяцей на вясковых могілках побач з мужам. Каб усе яны былі разам, каб стаяў на магіле крыж і ляжала дубовая калода. Яна марыла і планавала, што і як мае адбыцца.   Алесь абяцаў паклапаціцца і пра крыж, і пра калоду. Ад тых дум, ад жалю і роспачы галава зрабілася сівою, ад гора і слёз вочы страцілі колер. На сэрцы шнары, а ў душы адвечны боль. Але трэба жыць, трэба гадаваць Надзейку. З гэтым і жыла.

   Жыццё ў Лабаневічах ішло сваім шэрагам. Людзі працавалі на падворках і агародах. Пачаўся верасень, трэба было капаць бульбу і клапаціцца пра хуткую зіму. А яшчэ трэба было адбываць чаргу на станцыі. Аднойчы раніцай, напры канцы жніўня, аднекуль з-за лесу пачуўся гул матора. Быццам адзінокая птушачка з’явіўся самалёт з чырвонымі зорачкамі на крылах. Адна з бомб упала на падыходзе да мосту, зруйнаваўшы пад’езд да яго, другая пляснулася ў ваду зусім побач з апораю. Мост патрапала сур’ёзна, але чыгуначны рух не быў прыпынены. Паліцаі па чарзе вадзілі вяскоўцаў на выпраўленне пашкоджанняў. Тыя працавалі без асобай ахвоты і марылі толькі аб адным, каб самалёт прыляцеў зноў і каб гэтым разам бомбы ляглі больш трапна. У людзей з’явілася надзея, што некалі ўсё ж скончыцца вайна, што вернуцца дадому тыя, што знаходзяцца на фронце…

   Дажджлівым надвячоркам людзі вярталіся з працы. Ад мосту да вёскі дарога пралягала праз невялікі малады лес. Вяскоўцы стомлена ішлі, аб нечым гаманілі паміж сабой. Ззаду на кані ехалі паліцаі. Адзін трымаў лейцы, а другі, гэта быў Юзік Крэчань, ляжаў на возе, пакалыхваючыся на мяккай саломе, ляніва зацягваўся самакруткай і мармытаў сабе пад нос нейкую песню.

  Раптам гучны стрэл ускалыхнуў наваколле. З маладога сасонніку падняўся дым і затрашчала галлё. Нехта пабег у гушчар. Людзі ад нечаканасці ўпалі на зямлю. Конь спудзіўся і панёс. Паліцай пацягнуў лейцы на сябе. Ягонае “тпрру-у-у” не мела ніякага ўздзеяння на спужаную жывёлу. Конь бег, а збоку,  з глабіны звісала раструшчаная трапным стрэлам галава Крэчаня. Хто быў побач з возам бачылі, што верхняя частка чэрапа была знесена паляўнічым жаканам, а пальцы яшчэ трымалі недакурак, з якога ішоў дымок.

— Так яму і трэба, трасца яго мацеры, — вылаяўся нехта з сялян, — што заслужыў, тое і атрымаў.

— Нарэшце знайшоўся нейкі смяльчак, што прыбраў гэтага дурня, халуя фашысцкага, — дадаў іншы.

  Навіна аб забойстве Крэчаня імгненна абляцела вёску. Людзі радаваліся і ў думках дзякавалі таму смельчаку, што здзейсніў гэты справядлівы прысуд. Назаўтра прыехалі немцы, доўга мітусіліся разам з паліцаямі, дапытвалі вяскоўцаў, хто што бачыў, хто што чуў. Але дарма. Ніхто нічога не чуў і не бачыў.

   Вечарам таго ж дня Маня пайшла да Алеся, каб нагадаць яму аб крыжы і калодзе. Яна ведала пэўна, што яна будзе рабіць заўтра. Пра свой намер распавяла Алесю. Той запэўніў яе, што ўсё зробіць, але ў свой час. Зараз жа, да ранку ён павінен зрабіць труну. Прасторную, як прасіла Маня, для яе любых сыночкаў. Да світання ён стругаў, рэзаў, збіваў. Пры святле газнічкі не надта зручна рабіць сталярную справу, лепш гэтым займацца ўдзень, але ж час не чакае.

   Раніцаю прышла Маня. Агледзела ўсё, правяла рукою па габляваных дошках: не шурпатыя, чыста струганыя. Дамавіна шырокая, як прасіла.

— Алесь, дзякуй табе за ўсё. Добры ты чалавек, дай, Божа, табе здароўя. Каб ні ты, ні твая сям’я ніколі не зведалі ніякага ліха. Дапамог ты і мне, і маім сынам небаракам, ды і не толькі нам… Увесь свой век за цябе прад Усявышнім маліцца буду.

— Не трэба дзякаваць, Маня, зрабіў, ды і зрабіў, да чаго падзякі.

— Добра, Алеська, пайду, у мяне яшчэ ёсць справы. Потым мужыкі пад’едуць возам, каб дамавіну перавезці, яны і магілку выкапаюць для маіх хлопчыкаў. Старога Яўсея з суседняй вёскі жанкі пазвалі. У яго Біблія ёсць, няхай пачытае. А астатняе я ўсё сама зраблю. Усё зраблю, няхай па-людску ўсё будзе…

— Ідзі, Маня, ідзі, — Алесь адчуў шчымлівую боль у грудзях і прысеў на калоду.

   Жанчына выйшла са двара.

-Як яна будзе, як ёй усё вынесці і перажыць, як вытрываць і як выстаяць, — Алесь думаў зараз толькі пра яе.

 Ля могілак сабралася амаль уся вёска. Былі тыя, хто хацеў неяк дапамагчы гаротнай жанчыне, іх было большасць. Людзям здавалася, што калі яны пабудуць з Маняй хоць побач, то возьмуць на сябе хоць маленькую частачку яе болю і пакут. Бо што словы. Імі не суцешыць. Былі і тыя, хто прыйшоў дзеля цікаўнасці, як жа без іх.

    Маня агледзела свежавыкапаную магілу, выйшла з могілак і накіравалася туды, дзе ляжалі яе хлопчыкі. Дамавіна стаяла адчыненая, века ад яе побач. Два клункі з вопраткай – у адным новае палатнянае адзенне, што маці пашыла сваім дзецям уласнымі рукамі, упэўненая ў тым, што некалі настане той дзень, калі зробіцца ўсё па-людску, калі яе дзетачкі супакояцца назаўсёды побач з бацькам на вясковых могілках. Другі клунак – гэта тыя заскарузлыя ад крыві лахманы, што падабрала Маня ў хляве-пастарунку, дзе трымалі і мучылі яе сыночкаў, дзе прынялі яны смерць ад ката Крэчаня і яго памагатых.

    Маці стаяла побач з труною, а мужыкі пачалі раскопваць яміну. Шчыраваць рыдлёўкамі прыйшлося нядоўга. Трупны пах запаланіў наваколле. Людзі пачалі адварочвацца, хтосьці адышоў далей, кагосьці пачало ванітаваць.

— Хопіць, далей я сама, — папрасіла Маня.

— Не, я дапамагу, — запярэчыў Алесь.

— Алеська, адыдзі, калі ласка. Гэта маё гора, мая бяда, я спраўлюся. Ім так балюча было тады, яны так пакутавалі! Мне не хочацца каб нехта нейкім неасцярожным рухам ці нават дотыкам зноў прычыняў боль маім дзетачкам.

   Голас у Мані быў такім шчымлівым, што Алесь не стаў спрачацца.

— Добра, няхай Бог табе дапамагае, але ведай, калі што, то я побач. Заві.

   Сырая зямля ды летняя спякота не пашкадавала мёртвую чалавечую плоць. Відовішча жахлівае. Трупны пах лез у нос, у лёгкія, працінаў наскрозь жывое цела маці. А яна толькі прамаўляла ціхенька: “Сыночкі мае, дзетачкі мае любыя… Яўхімка, Максімка, прыгажуны мае, што ж яны з вамі зрабілі… Максімка, Яўхімка…”

   Прыгаршчамі брала пясок і выкідвала яго з ямкі, звальняючы целы сыночкаў ад землянога палону. Калі лішняга пяску, у яе ўяўленні, амаль не засталося, яна асцярожна ўзяла на рукі Максіма. Канешне ж яна пазнала яго. Хоць для пабочных назіральнікаў паміж тымі астанкамі, што засталіся ад яе сыноў, не было ўжо ніякай розніцы. Паклаўшы сына ў труну, зноў вярнулася ў раскапаную ямку і стала вызваляць з пясчанага палону Яўхіма. Зноў асцярожна і клапатліва, быццам самую дарагую ў свеце каштоўнасць, перанесла і паклала ў дамавіну і меншага сына.

   У некаторых месцах плоць аб’ехала з касцей. Гэтая жаўтавата-белая, брудная косць мела жудасны выгляд. Мані падалося, што гэта агромністыя раны на целе яе сыноў і яны ніколі не зажывуць. Яна зноў і зноў вярталася ў яміну, прыгаршчамі брала на яе дне нейкую гразь, што ўтварылася з сумесі пяску і згнілай плоці. Потым абярэжна вярталася да труны і прыкрывала гэтым жудасным змесцівам аголеныя косткі на целах сыноў, быццам ляпіла ім новыя целы. Быццам зноў хацела падараваць жыццё.

   Яе манатонная праца доўжылася некалькі гадзін. Жанчыны прынеслі вады, прынеслі і нейкую хустку, прапанавалі змачыць яе вадою каб прыкрыць ёю вусны і нос. Але яна адмовілася. Змачыла толькі засмаглыя вусны, падзякавала за турботы. А жанкі адышлі далей, бо побач знаходзіцца было немагчыма. Стаялі ўдалечыні і ціха плакалі, гледзячы на ўсё тое, што рабіла Маня.

   Ну вось, справа зроблена. Маня зразумела гэта калі заўважыла на дне яміны толькі жоўты пясок. Яна развязала клунак. Разгарнула кашулю і палажыла зверху на аднаго з сыноў, потым нагавіцы. “Апранула” і другога. Другі клунак не развязваючы палажыла ў нагах. Абвяла позіркам дзяцей і прамовіла: “Выбачайце, сыночкі, што не зберагла вас”. Нейкі час прастаяла на каленях. У галаве мітусіліся нейкія карцінкі з мінулага, яшчэ шчаслівага жыцця, з тых часоў, калі былі жывыя яе сыночкі. Вяскоўцы перажывалі за яе. Але, на дзіва, яна не страціла розум. Усведамленне таго, што трэба зрабіць і гэтую справу, бо яе не зробіць за яе ніхто іншы, прыдавала ёй сілы.

   Нарэшце Маня нахілілася да труны, пацалавала ў лоб аднаго сына, потым другога. Дакранулася да рук, нібыта развітваючыся. Канешне ж, гэта было самае сапраўднае развітанне. Маня была ўпэўнена, што гэта часова. Яна падгадуе Надзейку і некалі, прыйдзе час, сустрэнецца зноў і з сынамі, і з мужам. Маня паднялася на ногі. Дзе толькі сілы браліся! Узяла вечка ад труны і зачыніла сынам і неба, і сонца, і аблокі. Усё.

   Алесь з мужыкамі падышлі да Мані. Без слоў усё зразумелі. Паднялі цяжкую труну на загадзя падкладзеных пад яе ручніках і панеслі на могілкі. Люд стаў падцягвацца. Натоўп рушыў, каб прайсці апошні шлях разам з Манінымі сынамі. Маці ішла следам. Яшчэ праз некалькі хвілін труну апусцілі ў магілу і засыпалі зямлёю.

“Калі я пайду далінай смяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною. Тваё жазло і Твой посах – яны супакойваюць мяне…”, — чытаў стары Яўсей.

   Скончыўшы чытанне, прапанаваў памаліцца. “І даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем…, ратуй нас ад ліхога…”, — людзі стрымана паўтаралі за Яўсеем словы малітвы.

  Алесь стаяў поруч з Маняй і да агульнай малітвы амаль пра сябе шаптаў: “Божачка, прабач за загубленую душу, прабач, бо інакш не мог”.

  Маня ўпала на калені і абняла свежую гурбу жоўклінцу, што руплівыя рукі добрых аднавяскоўцаў насыпалі на магіле яе любых сыноў. Яна вытрымала ўсё і зрабіла ўсё. А хто яшчэ? Яна ж маці.

 

— Тата, купі пісталет! Купі, купі! – дзіця зноў пачало скуголіць, патрабуючы свайго.

— Максім, перастань!

   Паўлу надакучыла свавольства сына. Яму было сорамна перад прадаўцамі і пакупнікамі за яго недарэчныя выхадкі. Нават у пластыкавых лялек, што шэрагамі стаялі на паліцах, хацелася папрасіць прабачэння. Колькі жахаў ім давялося нацярпецца ад гэтага малога свавольніка.

— Ну, тата, купі. Такі класны пісталет, як у кіно, у тым, што пазаўчора глядзелі, — сын патрабаваў ад бацькі свайго, не здаваўся, — толькі не кажы, што купім наступным разам, колькі разоў ужо казаў.

   Павел узгадаў фільм, дзе галоўны герой з пісталетам змагаўся супраць натоўпу аўтаматчыкаў. На яго ніякім чынам не дзейнічалі кулі і асколкі гранат, што разрываліся зусім побач. Такі сабе рамантык-адзіночка з пісталетам, што ўсіх перамог, каб авалодаць тоненькім кейсам з чыпам, што кіруе нейкімі там ракетамі супрацьпаветранай абароны магутнай краіны. Прымітыўны сюжэт, але ў галоўнай ролі знакаміты акцёр, у набытку якога не адзін “Оскар”. Туфта, адным словам, але дзецям цікава.

   Павел, як ніхто іншы, ведаў гісторыю сваёй сям’і, ведаў пра тое гора і пакуты, што выпалі на долю бабулі. Колькі слёз было праліта ёю і мамай, што запомніла сваіх старэйшых брацікаў юнымі і вясёлымі.

   Падступала злосць, якую бацька з вялікімі намаганнямі стрымліваў. Здавалася, яшчэ крыху і ўсе яго высілкі будуць дарэмнымі. Ён нешта меркаваў, абдумваў і нарэшце прыняў рашэнне. Яно прыйшло быццам бы нечакана – трэба пагаварыць з Максікам, усё яму расказаць. Распавесці аб тым, што зброя не дае сапраўднай сілы, што вайна – гэта не рамантычныя прыгоды, а гора, смерць і пакуты. Нарэшце, расказаць сыну пра Яўхіма і Максіма. Менавіта ў гонар дзядзькі яны і назвалі першынца. А калі, дасць Бог, будзе другі сын, то яго назавуць, хутчэй за ўсё,  Яўхімам. Павел дакараў сябе,  чаму ён не зрабіў гэта раней. Чаму так і не пагаварыў з малым. Цяпер самы час. Упусціш і будзе позна.

— Сынку, мы яшчэ не раз будзем у гэтай краме. Палажы пісталет на месца. Я павінен табе сказаць нешта важнае. Мы зараз пагуляем у парку, купім марожанага, пасядзім спакойна, а потым вернемся, я табе абяцаю.

— Але чаму? Я так хачу гэты пісталецік. Ну, тата…

— Максім, у мяне да цябе сур’ёзная размова. Давай пагаворым па-мужчынску.

   Хлопчыка нарэшце зацікавілі бацькавы словы. Незадаволена паджаў вусны, але пагадзіўся, бо ведаў, што тата не падмане і яны вернуцца. Бацька з сынам выйшлі на вуліцу і накіраваліся ў прыгожы парк на тым баку вуліцы.

   Праз нейкую гадзіну яны зноў былі ў краме. Прадаўшчыца незадаволена паглядзела на гэтых дзіўных наведвальнікаў. Але гэтым разам яны доўга не бавіліся ля паліц з цацкамі. Упэўнена ўзялі тое, што ім было трэба і рашуча накіраваліся да касы.

— Класны канструктар, тата. Сёння мы абавязкова зробім з табою нейкую цікавую штучку, а можа і не адну, — Максік зазіраў у бацькавы вочы сваімі гарэзлівымі вачанятамі ў якіх свяцілася радасць.