Уславіць словам і выяваю
27 мая 2016, 13:18

Уславіць словам і выяваю

Змест кнігі Лявона Валасюка “Непрыдуманыя партрэты. Мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны” вынікае з яе назвы.
Поделиться

Дыхтоўнае выданне, якое нагадвае з-за колькасці каляровых ілюстрацый фотаальбом, убачыла свет у Брэсце яшчэ ў 2014 годзе. Яго асобнік ёсць у Лунінецкай раённай бібліятэцы. А нагодай больш дэталёва вывучыць змест кнігі стаў падораны нядаўна аўтарам асобнік з аўтографам.

Мастак і пісьменнік Лявон Валасюк — асоба, вядомая ў творчым асяроддзі Берасцейшчыны. У ягонай кнізе ёсць і згадкі пра Лунінеччыну. У нарысе пра мастака Аляксея Баруціна чытаем: “Працуючы ў рэкламным камбінаце аблспажыўсаюза, мы часцяком сумесна рабілі рэкламнае афармленне аб’ектаў гандлю. Асабліва плённай была праца ў Лунінцы. Акрамя ўсяго ў мяне засталіся там і знаёмыя… Ды і ўвогуле палескі гарадок аднойчы спадабаўся так, каб быць любімым назаўжды”. 

Згадваюцца і творчыя вандроўкі ў Лунінец разам з мастаком Яўгенам Маньяковым. У нарысе ж пра журналіста і паэта Мікалая Аляксандрава Л.Валасюк піша: “Сумесна з сябрам і калегам па працы ў абласной “культуры” Раманам Тарашкевічам пасля адной з камандзіровак у Лунінецкі раён мы прынеслі матэрыял пра творчасць самадзейнага паэта і кампазітара Андрэя Гурбановіча” (у газету “Заря”, дзе тады М.Аляксандраў вёў аддзел культуры).

Асобны нарыс распавядае пра брэсцкага скульптара і мастака Аляксея Аляксеевіча Паўлючука (1968 г.н.). Сярод яго прац — помнік Паўлу Сухому ў Лунінцы, а таксама вядомы помнік да 1000-годдзя Берасця на вуліцы Савецкай абласнога цэнтра.

А асабіста мне прыемна было знайсці згадку пра сябе на адной са старонак кнігі (мы разам з Л.Валасюком паступалі ў 2007 годзе ў Саюз беларускіх пісьменнікаў) і на калектыўным фотаздымку сябраў Брэсцкай філіі СБП.