Прыслухацца да ўласнага сэрца
17 июня 2016, 22:01

Прыслухацца да ўласнага сэрца

  Максім Багданец – другакурснік Баранавіцкага музычнага каледжа. Навучаецца на аддзяленні харавое дырыжыраванне. Сёння Максім па-зямляцку пагадзіўся адказаць на мае пытанні.
Поделиться

— Максім, чаму ты абраў менавіта гэты каледж?

— Я скончыў музычную школу па класе баяна, а дадаткова займаўся вакалам. Спяваць мне падабалася заўсёды. У нейкі момант адчуў, што змагу вучыцца там і пасля 9 класа паступіў у Баранавічы.

— Кажуць што калі правільна абярэш спецыяльнасць, то і вучоба падабаецца і вучыцца лягчэй. Ты вучышся паспяхова?

— Даволі паспяхова. Сярэдні бал у мяне 8,0.

— А нейкія цяжкасці былі?

— Як жа без іх. Складаным быў першы год, бо трэба было прывыкнуць да самастойнага жыцця, да новага калектыву, ды і школьныя прадметы былі, у асноўным, на першым курсе. А калі сталі больш займацца па спецыяльнасці, то стала намнога прасцей.

— Але ж акрамя вучобы нейкае творчае жыццё ў каледжы таксама ёсць?

— Абавязкова. Зусім нядаўна ездзілі на фестываль “Радавод”, дзе занялі 1 месца. Увесь час даводзіцца выступаць на розных мерапрыемствах і святах. А яшчэ спяваю ў народным харавым калектыве “Дзівосы”.

— Акрамя харавога калектыву чым заняты твой час яшчэ?

— У хоры я спяваю тэнарам, але ж мне хочацца займацца яшчэ і эстраднымі спевамі. У эстраднай творчасці бачу для сябе большыя перспектывы. Там дазваляецца эксперыментаваць, знаходзішся ўвесь час у нейкім творчым пошуку, развіваешся.

— Максім, а якія песні табе найбольш падабаюцца, ёсць ухіл да нейкага канкрэтнага стылю ці жанру?

— Люблю фалькмадэрн, лірычныя песні. Іх пераважна спяваю ў творчым калектыве “Фэст” пры гарадскім доме культуры.

— Скончыш каледж, а што потым?

— Сябе бачу толькі на сцэне, бо выкладаць, напрыклад, у музычнай школе гэта не маё і я гэта добра разумею. Мару паступіць ва ўніверсітэт і працягнуць сваё музычнае навучанне.

— А як маладыя людзі бавяць вольны час у Баранавічах?

— Звычайна, як і ўсюды — кіно, спорт, кампаніі і да таго падобнае.

— А хто ў тваёй кампаніі? Хто твае сябры і паплечнікі?

— Пэўна ж гэта людзі з якімі разам вучымся, з імі і вольны час праводзім.

— Максім, раскажы, дзе жывеш, на якія сродкі існуеш?

— Жыву ў інтэрнаце. Ён досыць камфортны і добра ўладкаваны. Атрымліваю стыпендыю. Матэрыяльна дапамагаюць бацькі, за што ім вельмі ўдзячны. Ім не проста – старэйшая сястра таксама вучыцца. Яна студэнтка медыцынскага ўніверсітэта.

— Што ты можаш параіць тым маладым людзям, якія толькі што скончылі школу і выбіраюць свой шлях у жыцці, як не памыліцца?

— Абіраць тое, да чаго ляжыць душа. Тады і вучыцца будзе лягчэй і не будзе расчараванасці. Не глядзець на сяброў і прыяцеляў і не абіраць прафесію “за кампанію”. Трэба слухаць уласнае сэрца і ўсё будзе добра.