Шчаслівая непрыемнасць

Шчаслівая непрыемнасць

Алена разгублена азірнулася па баках. Ну чаму яна такая безуважлівая?! Ну як можна было згубіць сумачку ў паліклініцы? У якой - і кашалёк, і пальчаткі, і нават жэтон ад вешалкі ў гардэробе. А там - яе паліто, і не якое-небудзь, а новае, апранутае сёння ў першы раз!

Дзяўчына яшчэ раз азірнулася і паспрабавала ўспомніць, у якія кабінеты яна заходзіла і дзе магла пакінуць сумачку. Нясмела зазірнула да тэрапеўта, ад якога толькі што выйшла. Зірнула на крэсла, у якім сядзела некалькі хвілін таму. Не, на спінцы і на ручках пуста. Значыць, яна “пасеяла” сумку раней!

— Што вам? — доктар узняла вочы. — Нешта хочаце запытаць?
— Не-не, дзякуй, — паспешліва адказала Алена і прычыніла дзверы.
І што цяпер рабіць? Да адпраўлення аўтобуса, на якім яна збіралася вяртацца ў вёску, дзе ў школе працавала настаўніцай, застаецца ўсяго паўгадзіны. Гэтага часу толькі і хопіць, каб зайсці на аўтастанцыю. Наступны ж аўтобус толькі вечарам. І што яна будзе рабіць у незнаёмым горадзе адна? Сваякоў тут няма, каб пайсці ў госці. Сябровак таксама. А калі не знойдзецца сумачка, то і грошай таксама няма. Нават у кавярні пасядзець не атрымаецца…

Алена працавала першы год пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта. У гэты раён трапіла па размеркаванню. Тое, што працаваць давялося далёка ад роднага горада, Алену не палохала. Яна заўсёды была самастойнай дзяўчынай. Тым больш, што заўжды марыла працаваць у вясковай школе. Дзяўчына лічыла, што кожны паважаючы сябе настаўнік працоўную дзейнасць павінен пачынаць менавіта ў такіх навучальных установах — невялічкіх, простых. Дзе вучацца дзеці звычайных вясковых людзей, прывучаныя бацькамі да працы з малых гадоў. Яна і сама была такой. Хоць і расла ў горадзе, але ўсе канікулы праводзіла ў бабулі ў вёсцы.

Калектыў добразычліва прыняў маладога спецыяліста. Больш за тое, Алене і яшчэ дзвюм маладым настаўніцам выдзелілі кватэру ў новым сучасным доме. Дзеці ў школе былі амаль такімі, якімі ўяўляла іх Алена: добрымі, паслухмянымі. Большасць з іх імкнуліся вучыцца, таму асаблівых праблем у настаўніцы не было.

А сёння Алена прыехала ў раённую паліклініку, каб прайсці медагляд. Дзяўчаты прапаноўвалі ехаць разам з імі ў іншы дзень, аднак Алену як быццам нешта цягнула наведаць паліклініку менавіта сёння. “Не адкладай на заўтра тое, што можна зрабіць сягодня!” — толькі і сказала яна калегам і падалася на аўтобусны прыпынак.
А патрэбна было паслухацца. Ну вось што ў яе за характар? Упартая, нібы той баран. І што цяпер рабіць?
Алена вырашыла супакоіцца, не мітусіцца і проста абысці ўсіх тых дактароў, у якіх на прыёме пабывала. Пэўна ж, сумачку яна забыла ў кабінеце кагосьці з іх!

Узнаўляючы ў памяці свой “медаглядавы” маршрут, Алена зайшла ў першы кабінет, другі, трэці. Сумачкі нідзе не было. Калі яе не аказалася ні ў чацвёртым, ні ў пятым, ні ў шостым кабінеце, настрой канчаткова сапсаваўся. 
— Доктар выйшаў, — прамовіла медыцынская сястра, калі Алена зазірнула ў апошні кабінет. — Дзяўчына, пачакайце, калі ласка, у калідоры!
Аднак доктар Алене быў не патрэбны. Яна глянула на крэсла, упэўнілася, што таго, чаго яна шукала, няма і тут, папрасіла прабачэння і выйшла.

Згубілі жэтон? Ну, не хвалюйцеся, — пажылая гардэробшчыца аднеслася да Алены з разуменнем. Дзяўчына толькі пачала апісваць сітуацыю, а гардэробшчыца ўжо ўсё зразумела. — Я вас запомніла. І паліто ваша таксама памятаю. Яно такое яркае, прыгожае! Адразу звярнула на яго ўвагу.
Пакуль Алена апраналася, гардэробшчыца працягвала гутарыць з ею. Даведаўшыся, што ў маладзенькай настаўніцы цяпер няма грошай нават на білет да хаты, чулая жанчына дастала свой кашалёк і працягнула дзяўчыне некалькі дробных купюр.

— Дзякуй вам вялікі! — Алена адчула, як на вачах выступілі слёзы. — Толькі як жа я вам грошы вярну?
— Не кажыце глупстваў! Якія там грошы! — жанчына ўсміхнулася. — Гэта ж так, дробязь. Едзьце з Богам! І жадаю вам усё ж знайсці свае рэчы…
Алена яшчэ раз падзякавала і паспяшалася на аўтастацыю. Па дарозе думала аб тым, якія цудоўныя і чулыя бываюць усё ж людзі. Нават засмучэнне ад страты цяпер не было такім вострым. Што ж зробіш, у наступны раз патрэбна быць больш уважлівай…

Каля іх з сяброўкамі дома стаяў незнаёмы аўтамабіль. “Цікава, хто гэта?” — падумала Алена і прыспешыла крок. Ступіла на парог і замерла ад здзіўлення. У цэнтры пакоя, трымаючы ў руках яе згубленую сумачку, стаяў хірург, у якога яна была на прыёме. Ён нешта тлумачыў яе сяброўкам, а тыя слухалі і ўсміхаліся.

— Прывітанне! Яшчэ раз… — толькі і вымавіла Алена.
— Дзе ж вы падзеліся? Я вас па ўсёй паліклініцы шукаў! Добра, што ў медыцынскай картачцы ўказаны ваш адрас і месца працы. Вырашыў прывезці вашу сумачку дадому. Вось, трымайце!
— Не ведаю, як вам і дзякаваць, — шчокі дзяўчыны заліў румянец. Яна раптам зразумела, што адчувае да гэтага доктара не толькі пачуццё ўдзячнасці. Малады, статны, сінявокі — ён спадабаўся ёй яшчэ там, у паліклініцы. Сэрца захліснула прыемная хваля, яна апусціла позірк, засаромелася.

— Як жа ты дамоў даехала, без грошай?! — няёмкае маўчанне парушыла адна з сябровак.
— Мне гардэробшчыца дала на білет, — ледзь не шэптам адказала Алена.
— Гардэробшчыца?! Дык гэта ж мая матуля! — хлопнуў сябе па лбу далонню хірург. — Ну я і дурань, не здагадаўся сумачку ёй аддаць! А павінен быў падумаць, што вы ж абавязкова прыйдзеце да яе па верхняе адзенне! Але ж, добра ўсё тое, што добра заканчваецца! 
Дзяўчаты засмяяліся.

— Дарэчы, мяне Уладзіславам завуць, — прадставіўся ўрач. 
— Я ведаю! — вырвалася ў Алены.
— Адкуль?
— На бэджыку прачытала!
Ізноў у пакоі прагучаў смех. Суседкі па кватэры паклікалі Алену і Уладзіслава піць чай. І з кожнай хвілінай, праведзенай побач з гэтым маладым чалавекам, Алена адчувала, што ён — менавіта той, аб кім яна марыла ўжо даўно. А хлопец таксама не зводзіў вачэй з новай знаёмай.

Чаяванне працягнулася да вечара. А праз тыдзень Уладзіслаў зноў прыехаў у вёску, цяпер ужо ў школу.
— Гэта вам, Алена Сяргееўна! — ён працягнуў настаўніцы букет пяшчотных бялюткіх рамонкаў. — А заўтра я запрашаю вас у госці. Матуля прасіла перадаць, што вельмі вас чакае!