ЗАКЛЯТЫЯ СЯБРЫ
21 июля 2016, 16:10

ЗАКЛЯТЫЯ СЯБРЫ

Усе вёскі, што выміраюць, падобныя. Тыя ж нядбайныя вуліцы, што зараслі быльнягом, паваленыя платы, скрыўленыя ад старасці стрэхі, а вокны, што глядзяць кудысьці ў далячынь, проста вартыя жалю. Вёскі паміраюць, бо паміраюць адзін за адным іх жыхары, а з імі прападае ўсё тое, што было наўкол гэтых апошніх тубыльцаў.
Поделиться

Паміраюць старыя. Бо тыя, хто маладзейшы, альбо тыя, хто хацеў знайсці нейкую лепшую долю, даўно з’ехалі. Горад жа зусім побач. Ды хіба мае значэнне адлегласць, калі чалавек надумаў нешта змяніць у сваім жыцці і шукае нечага іншага?
Застаюцца каты, сабакі ды птушкі, што звыклі жыць разам людзьмі ці побач з чалавечым жытлом. Яны застаюцца адданымі да канца ці проста не ведаюць, што недзе, не так і далёка, існуе іншае жыццё.


Заглінішчы яшчэ жылі. Хоць жыццё цяплілася менш чым у дзесяці хацінах. А людзі, часцей самотныя, проста дажывалі свой век. Не жадалі пакідаць свае кублы, каб на сконе веку абжывацца на новых месцах. Не хацелася замінаць дзецям і ўнукам сваімі старэчымі звычкамі і сваім, такім не падобным да сучаснага, жыццём.

— На сваёй радзіме паміраць трэба, — прамовіў Мацей, яшчэ моцны, каржакаваты дзед, хоць і хадзіў з кіем, — ці не так, моладзь?
— А што, нам і тут няблага, — падтрымалі размову «маладыя», — бачылі мы тое жыццё гарадское.

Гэтым прадстаўнікам маладзейшага пакалення было крыху за шэсцьдзясят. Некалі жылі ў гарадах, але спіліся і, не патрэбныя нікому, вярнуліся ў вёску. Яны пазіралі ў канец вуліцы. Бо зусім хутка павінна была прыехаць аўталаўка. Там для іх усё неабходнае — “чарніла” ды хлеб. А што ім яшчэ патрэбна?

— Не захацелі добрага жыцця, усё ў шклянку ўмясцілася — і жонкі, і дзеці, і ўнукі… П’янтосы няшчасныя! — падключылася да размовы Маня Петрукова. Яна адзіная на вёсцы жыла з мужам, да яе зрэдку нават госці прыязджалі — нехта з дзяцей ці ўнукаў.

— Ой, Пятроўна, толькі не трэба нам маралі чытаць, яшчэ невядома, хто па-сапраўднаму няшчасны. Возьмем вінчыка, пасядзім, адпачнём. А паслязаўтра, глядзі, і зноў прывязуць. Вось дзе цывілізацыя, а вы ўсё пра горад. У адным месцы, не буду казаць у якім, бачыў я той горад, — завёўся не на жарт Міцька.
— Так, так, і я кажу. Так, так.

У Міцькінага сябра-сабутэльніка Барыса быў зусім невялікі запас слоў, і ён, дзе трэба і дзе не трэба, паўтараў сваё “так, так”.
— А ты, Таката, увогуле маўчы, — Мацей сувора глянуў зверху ўніз на маленькага Такату, і той замоўк, ведаючы круты нораў старога.


Аўталаўка спазнялася. Хваляванне Міцькі і Барыса перадалося іншым. Людзі выказвалі нейкія версіі магчымага спазнення, нават спрачаліся, але ўсё стала на свае месцы акурат тады, калі пачуўся гул рухавіка і з-за павароту паказалася машына.

— Вітаю ўсіх! — прамовіла чырванашчокая Валька, пакінуўшы кабіну.

— Вітаем… Нешта ты доўга да нас сёння ехала, — незадаволена прамовіў Міцька.

— А, што? Ты некуды не паспеў, можа пад вянец? Нешта не чула я пра вяселле ў Заглінішчах, хоць і была тры гадзіны таму ў сельсавеце. Сам надумаў жаніцца ці, можа, сябра Такату жэніш? — Валя сыпала жартамі і шчыра ўсміхалася.

Бразнулі дзверы жалезнай будкі, і прадаўшчыца пачала сваю звычайную працу.
— Што вам, дзядзька Мацей? — звярнулася яна да старога.

Ніхто не пярэчыў, што той зробіць пакупкі першым, нават тыя, у каго нутро гарэла і рукі трымцелі. Паважалі. А можа баяліся: ці то яшчэ моцнага Мацея, ці то яго замашнога кія.

Мацей папрасіў два боханы хлеба і пляшку гарэлкі.

— Дзядуля, нашто вам дзве, зачарсцвее. Паслязаўтра ж свежага прывязу, — прамовіла Валянціна.
— О, дзядуля, дык ты на беленькую падсеў, — Міцька скаліўся скрыўленай усмешкай.

— Так, так, на беленькую, вось так, — Таката зайздросліва паглядзеў на бутэльку, што апынулася ў торбе дзеда Мацея.

— Рыгор занядужаў, слабы зусім, да Пакровы не дажыве, мабыць, лячыць паспрабую, — стрымана адказаў Мацей, агучыўшы ўсяго толькі ўласную версію адсутнасці суседа.

— Дык вы ж ворагі з ім усё жыццё, а тут раптам такія турботы. Нашто табе гэты клопат, Мацей? – здзівілася Маня Петрукова.

— Пятроўна, а колькі можна ваяваць і, галоўнае, за што і дзеля чаго? Зямлёю ўжо ад нас усіх тхне, не сёння, дык заўтра перад Усявышнім паўстанем, — Мацей хацеў яшчэ нешта сказаць, але аддаў Валі грошы і марудна паклыпаў дадому.

— Во даюць старыя, лячыцца будуць, — Міцька гучна зарагатаў, але адразу ж заціх, пабачыўшы, што стары азірнуўся.


Некалі ў Заглінішчах віравала жыццё. А што цяпер? Маруднае, нетаропкае існаванне, калі кожны новы дзень цалкам падобны на папярэдні. А калі падступае хвароба, то няма рады ні ў фельчары, што прыедзе з суседняй вёскі, ні ў шматлікіх леках. Згасала жыццё вяскоўцаў, як полымя свечкі, што дагарае. Бо ўсе амаль аднаго ўзросту, а тыя, хто з маладзейшых, па сваім уласным жаданні скарачалі век алкаголем.

Мацей і Грышка сябравалі з дзяцінства. Яны заўсёды былі разам. Юнацкія забавы, першая закаханасць і нават сумесная праца, бо па чарзе працавалі на гаспадарцы то ў аднаго, то ў другога — літаральна ўсё вяло да таго, што гэтаму шчыраму сяброўству ніколі не будзе канца. Хлопцы нават у ваенкамат пайшлі ў адзін дзень, каб служыць разам. Ваенкам быў не супраць, і сяброў неўзабаве занесла ў далёкаўсходні гарнізон на доўгія тры гады.

Пасля вяртання ў родныя Заглінішчы яны ажаніліся ў адзін год з інтэрвалам у пару месяцаў. Пабудавалі хаты на ўскрайку вёскі ды сталі яшчэ і суседзямі. Ніхто ўжо не памятае існай прычыны іх сваркі, хутчэй за ўсё жонкі нешта не падзялілі паміж сабою, але лепшыя сябры раптам сталі ворагамі, ды такімі, што на ўсё жыццё. Прыемнае суседства ператварылася ў сапраўднае пекла. Мабыць, не было таго дня, каб паміж імі не ўзнікала якая спрэчка, сварка ці нават бойка. Сварыліся люта і моцна. Штодня дасылалі адзін аднаму праклёны і абразы. Не жылі — мучыліся.

Абодва рана аўдавелі і ўжо з добры дзясятак гадоў жылі ў адзіноце. Дзеці даўно атабарыліся ў гарадах. А яны засталіся на сваіх месцах. Нічога не змянілася ў іх адносінах. Дзень прайшоў дарма, калі не сварыліся, хоць і не было для гэтага ніякай пэўнай нагоды. Дробнае паскудства стала ўвогуле нормай жыцця. Прага помсты за нікому не вядомыя грахі і ўчынкі так уелася ў мозак і кроў, што яе ўжо немагчыма было выкарчаваць адтуль.


Уадзін з цёплых дзянькоў бабінага лета Мацей звярнуў увагу, што на падворку няма суседа Грышкі. Дзе той паскуднік? Ён узяўся за вядро з салетрай, што прыгатаваў яшчэ ўчора. Меркаваў высыпаць яе за суседскі плот, акурат у тое месца, дзе расла невялікая яблынька.

— Знішчу гэтую заразу, ранету мне тут не хапала, высмактала ўсё пажыўнае і з майго агарода, нішто не родзіць ужо каторы год, — бурчэў сабе пад нос Мацей.
Ён і сам не раз ласаваўся саладкаватымі смачнымі яблыкамі, што падалі на ягоны бок. Колькі разоў крычаў суседу, каб прыбраў дрэва, бо з-за яго прысады гарод зусім нерадзючым стаў. Але Рыгор таксама не промах.

— А ты гной у сваім агародзе калі апошні раз заворваў? Ці забыўся, гад, што зямельку карміць трэба, — здзекліва выкрыкваў Рыгор, зачапіўшы суседа за жывое.
Той і сапраўды пасля смерці жонкі запусціў і сад, і агарод, і двор, аддаўшы ўсё на волю лёсу. Вось так, слова за слова — і кожны разыходзіўся па хатах са сваёй праўдай у галаве і жаданнем зрабіць нейкае паскудства, быццам так яно і трэба. Звычайная справа.

Мацей паставіў вядро. Нікуды не ўцячэ тая яблыня. Які сэнс нешта рабіць, калі ніхто не ўбачыць?

Вяскоўцы, хоць і пабойваліся Мацея, кпілі са старых. Нават жарт такі хадзіў: маўляў, калі памруць Мацей з Рыгорам, то іх на могілках трэба поруч пахаваць, каб і на тым свеце сварыліся.

Назаўтра Мацей за цэлы дзень ніводнага разу не заўважыў Грышку на падворку, хоць цікаваў за суседскім дваром з раніцы.
— Нешта тут не так. І да аўталаўкі той не выйшаў. Захварэў, як піць даць, злёг Рыгорка, — прыступ нейкага адчаю і роспачы выбіў Мацея з наезджанай каляіны аднастайнай штодзённасці.

Мацей ужо з раніцы вырашыў, што ён павінен зрабіць. Ён узяў бохан хлеба, бутэльку гарэлкі на лекі і рашуча, хоць і нетаропкай хадою накіраваўся да Рыгоравай хаты. Вось ён, двор, на які не ступала ягоная нага на працягу апошніх сарака гадоў. Вось хата, якую некалі будавалі разам. Клямка, якую некалі сам выкаваў для сябра, абдала прыемным металічным халадком, а завесы дзвярэй нешта прыветліва прарыпелі.

Заканчэнне будзе