ПАДТРЫМЛІВАЦЬ АГОНЬ БЕЛАРУСКАСЦІ
17 октября 2016, 11:17

ПАДТРЫМЛІВАЦЬ АГОНЬ БЕЛАРУСКАСЦІ

Наша размова з самым вядомым «дылетантам» краіны адбылася ў СШ №2 г.Лунінца. Менавіта сюды завітаў акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, якога большасць ведае па перадачы “Падарожжы дылетанта”. Яна пачала выходзіць у 2001 годзе: спачатку на БТ, потым на СТВ. За ўвесь час выйшла некалькі соцень выпускаў. Кожны распавядае пра канкрэтную беларускую вёску ці мястэчка.
Поделиться

6 кастрычніка Юрый Жыгамонт правёў спецыяльныя ўрокі беларускай мовы ў сярэдніх школах №1, №2 і №4. Заняткі адбыліся ў рамках адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom”. Гэтая праграма ахоплівае 25 школ у кожнай з абласцей Беларусі. Арганізатар праекта — кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Заняткі разлічаны на малодшых школьнікаў. Прэс-урок у школе №2, на якім я прысутнічаў асабіста, прайшоў у захапляльнай форме. Адчувалася, што дзецям такія заняткі даспадобы.

— Юрый Уладзіміравіч, Вам падабаецца тое, чым займаецеся?
— Я вельмі рады, што зноў магу сустракацца з маленькімі беларусамі ў рамках сацыяльнай ініцыятывы “Чытаем па-беларуску з Velcom”. На гэтых сустрэчах імкнуся данесці да дзяцей усю прыгажосць беларускай мовы, распавесці пра тое, наколькі важна ведаць сваю гісторыю і свае карані.

— Мы яшчэ вернемся да гэтага праекта, я ж хачу запытацца пра “Падарожжы дылетанта”. Некалі сам з вялікай цікавасцю глядзеў гэтую перадачу. Зараз яе, на вялікі жаль, няма на тэлебачанні. Ці магчыма вяртанне?
— Няма нічога немагчымага. Але пры жаданні кожны стары і новы выпуск можна глядзець у сеціве. Такую магчымасць вам дасць сайт ZHYGAMONT.BY, таму засмучацца не варта.

— Ці ёсць нейкая розніца паміж перадачамі, якія мы бачылі на тэлебачанні, і тымі, што можам паглядзець на сайце?
— Нічога не змянілася. Праграма мае такую ж працягласць — амаль паўгадзіны. Застаецца тая ж музычная застаўка ад “Старога Ольсы”, тая ж назва. Ужо знялі некалькі новых выпускаў. Будзем выкладаць і старыя запісы. А некаторыя нават будзем пераздымаць. Бо калі перадача выходзіла на БТ, то не заўсёды можна было паказаць альбо распавесці ўсё, што хацелася нам самім.

— Юрый Уладзіміравіч, ці ёсць нейкія планы наконт новых вандровак і падарожжаў?
— У Беларусі шмат мясцін, якія я яшчэ не наведаў. У перспектыве мы з маёй камандай маглі б сабраць пэўную відэаэнцыклапедыю беларускіх вёсак і мястэчак.

— Спадар Юрый, адкуль у вас такая прыязнасць да беларускай мовы?
— Я беларус, і мова наша беларуская, а не якая іншая.

— Дарэчы, адкуль Вы родам?
— Я нарадзіўся на Палессі, у Гомельскай вобласці.

— За гады праекта “Падарожжы дылетанта” колькі вёсак і мястэчак вы наведалі?
— Ніколі не лічыў, але шмат.

— Што асабліва запомнілася? Было нешта асабліва адметнае ці незвычайнае?
— Кожная вандроўка мела нейкую асаблівую адмеціну. І падрыхтоўка кожнага выпуску – гэта пэўная імправізацыя, там нельга прытрымлівацца сцэнарыя, бо тады перадача не будзе, на мой погляд, цікавай.

— Юрый Уладзіміравіч, ці магчыма пры дапамозе такіх ці падобных да іх мерапрыемстваў прывіць павагу да роднай мовы?
— Мерапрыемствы такога чыну і накіраваны якраз на тое, каб папулярызаваць мову. Наша мэта, каб дзеці атрымалі практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.

— А як наконт больш радыкальных спосабаў, то бок павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы ў навучальных установах ці імкнуцца да таго, каб у краіне Беларусь была адна дзяржаўная мова — беларуская?
— Можа, некалі адбудзецца нешта і з таго, што вы назвалі. Але наша задача на сёння — менавіта звярнуць увагу на родную мову. Сваім удзелам у падобных мерапрыемствах мы падтрымліваем агеньчык беларускасці, не даем яму згаснуць. А наконт некалькіх моў скажу так: чым больш моў ведае чалавек, тым лепш.

— Як мне ўспрымаць акцыю ад Velcom: як рэкламу, каб зарабіць грошы, ці яны і сапраўды дбаюць пра мову? Ці не выкарыстоўваюць яны мову як нейкі сувенір, якім можна гандляваць?
— Што праяўляюць такую цікаваць, ужо добра. Гэтаму праекту споўніўся год. Ён пачаўся ў кастрычніку 2015 года. За гэты час у займальных занятках па беларускай мове прынялі ўдзел больш за 8 тысяч школьнікаў. Плануецца, што праект ахопіць 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш 15 тысяч вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па беларускай мове, літаратуры, гісторыі і краязнаўстве. Карпарацыя Velcom — яскравы прадстаўнік цывілізаванага бізнесу, а ён павінен несці сацыяльную адказнасць, таму кампанія вырашыла падтрымаць родную мову. Нічога дрэннага ў гэтым я не бачу.

— Чаму быў абраны менавіта такі фармат заняткаў?
— Заняткі, праведзеныя такім чынам, нясуць дзецям не толькі новыя веды, але і пазітыўныя эмоцыі, а яшчэ выклікаюць цікавасць да вывучэння роднай мовы.

Дзякуем Юрыю Жыгамонту за размову, жадаем яму поспехаў і новых вандровак. Не выключана, што галоўны «дылетант» краіны некалі яшчэ наведае Лунінецкі раён, бо наш край таксама багаты на цікавыя месцы, пра якія варта расказаць усім.