У Лунінцы адбыўся круглы стол БАЖ і СБП
28 октября 2016, 11:47

У Лунінцы адбыўся круглы стол БАЖ і СБП

23 кастрычніка ў Лунінцы мясцовая філія ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» разам з калегамі з Баранавіцкага, Пінскага і Столінскага раёнаў, а таксама сябрамі Брэсцкай філіі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» зладзіла сёмы штогадовы круглы стол. Тэма яго сёлета гучала так: «Мова - сакральная ці інструментальная?»
Поделиться

Вядучы, сябар БАЖ і СБП Вадзім Жылко, прапанаваў паразважаць, наколькі адрозная мова не толькі ў мастацкіх і журналісцкіх творах, але і ў розных сродках масавай інфармацыі: друкаваных, анлайн і г.д., ці трэба ставіцца да яе толькі як да інструменту перадачы інфармацыі, або мова павінна мець больш высокую каштоўнасць, пэўную «сакральнасць». Інакш кажучы, варта «прыніжаць» мову твораў да ўзроўню сярэдняга чытача або, наадварот, спрабаваць прыўзняць чытача да больш высокай «планкі»?

Паэт і журналіст Аляксей Белы з Баранавічаў на прыкладах з уласнай творчасці адназначна выказаўся супраць «прымітывізацыі» мовы і чытача, хаця заўсёды трэба ўлічваць тыя ці іншыя асаблівасці аўдыторыі.

Сябры БАЖ Васіль Мацкевіч (Пінск) і Людміла Хмялеўская (Лунінец) лічаць, што ўзровень мовы залежыць ад мэтавай аўдыторыі, фармата выдання, а Наталля Базар са Століншчыны — што і ад тэматыкі публікацый, іх мэтанакіраванасці.

Святлана Гарда спалучыла развагі пра моўныя ўзроўні і стылі з этычнымі аспектамі працы журналіста, у тым ліку ў анлайн-СМІ — на прыкладзе свайго сайта «Медыя Палесе».

Паэтка са Століншчыны Ірына Ляшкевіч бачыць прычыны зніжэння пісьменнасці як чытачоў, так і аўтараў у нашай сістэме адукацыі, падзенні прафесіяналізму і зацікаўленасці педагогаў. Лунінецкі літаратар Іван Панасюк разважаў аб стаўленні да беларускай і рускай моваў ў сферы адукацыі і выхавання. Намесніца старшыні Баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы Анжэла Камбалава пазіцыянавала чытацкі погляд, што журналістыка і мова павінны быць найперш аўтарскімі.

Аб розных ўзроўнях мовы, уплывах на яе інтэрнэту і іншых сучасных фактараў выказаліся таксама Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Надзея Дзедзіна, Аксана Маркевіч і Алеся Вакуліч. Удзельнікі закранулі і праблему рэдагавання мастацкіх і журналісцкіх твораў.
Апрача круглага стала, адбыліся літаратурная вечарына і прэзентацыя новай кнігі прозы Людмілы Хмялеўскай «Іронія быцця».