НАСТАЎНІЦА, ЯК МАМА, І МАМА, ЯК НАСТАЎНІЦА

НАСТАЎНІЦА, ЯК МАМА, І МАМА, ЯК НАСТАЎНІЦА

28 ноября 2016, 10:39
347
На парозе Вялуцкай школы мяне сустрэў дырэктар - Уладзімір Андрэевіч Коўшык. Ён адразу ж падзяліўся працоўнымі набыткамі і поспехамі навучальнай установы. Напрыклад, прадметныя алімпіяды толькі пачаліся, а ў яго выхаванцаў ужо некалькі дыпломаў. Летась яны былі па колькасці ўзнагарод лепшымі ў раёне. Сёлетнія выпускнікі досыць паспяхова паступілі ў навучальныя ўстановы: 40% - у вышэйшыя і 45% - у сярэднія спецыяльныя. Шчыра радуюся поспехам, але тлумачу, што мне трэба зрабіць матэрыял пра настаўніка і, пажадана, самаму папрысутнічаць на ўроку. Уладзімір Андрэевіч гасцінна запрашае мяне ў трэці клас, дзе вядзе ўрок выяўленчага мастацтва Людміла Іванаўна Кавальчук.

— Людміла Іванаўна, што менавіта адбываецца зараз на ўроку?
— Вучымся рабіць віншавальныя паштоўкі.

— Пакуль дзеці заняты справай, раскажыце, як Вы апынуліся ў Велуце?
— Родам я з суседніх Навасёлак. Скончыла гэтую ж школу, вучылася і вось ужо больш за 20 год працую ў роднай навучальнай установе.

— А дзе навучаліся, каб стаць педагогам?
— Пасля 9-га класа паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча, скончыла і з лістапада 1995 года працую тут настаўніцай пачатковых класаў.

— Той адукацыі было дастаткова?
— Канешне ж, не, трэба было павышаць свой узровень. Мазырскі педагагічны інстытут скончыла завочна.

— Вам цікава займацца з пачаткоўцамі?
— Так, бо, гледзячы на іх, бачу, як яны растуць, сталеюць, потым назіраю за кожным з іх аж да выпускнога і нават далей. Пазней таксама цікаўлюся, дзе яны вучацца, якой прафесіяй авалодваюць, дзе працуюць і нават як склалася іх сямейнае жыццё.

— Людміла Іванаўна, кім становяцца “вашы” дзеці?
— Больш за ўсё мяне радуе, што некаторыя паўтараюць мой уласны шлях і становяцца настаўнікамі. Сярод маіх вучняў ёсць урач, святар, але кім бы яны ні станавіліся па прафесіі, дзе б ні працавалі, галоўнае, каб былі добрымі людзьмі.

— Скажыце, калі ласка, з якім пачуццём вы аддаяце іх у старэйшыя класы?
— Пачуццё суму ёсць заўсёды. Бо аддаеш іх, як сваіх. Яны ж прыходзяць чужымі, але за тыя чатыры гады, што я праводжу разам з імі, сапраўды робяцца сваімі і роднымі.

— А ці маеце Вы з імі нейкія стасункі потым, калі дзеці падраслі і сталі больш дарослымі?
— У пятым класе яны яшчэ прыходзяць да мяне на перапынках ці пасля ўрокаў. Дзеляцца поспехамі альбо расказваюць аб тым, што іх нехта пакрыўдзіў. Потым растуць, сталеюць і з кожным годам усё радзей наведваюць сваю першую настаўніцу. Гэта нармальна.

— Людміла Іванаўна, відаць, ад Вашага позірку не схавана тое, што з іх будзе потым?
— Адразу відаць пэўных лідараў. Яны прагнуць вучобы, імкнуцца набыць веды. Бывае, што пасля сустрэчы з цяжкасцямі іх імпэт слабее. Важна знайсці прычыну, ад чаго ўзнікла тая ці іншая перашкода. Галоўнае ж, паспрабаваць дапамагчы ім, настроіць на пэўны лад. У кожнага свой характар, і трэба мець падыход да кожнага.

— Ці можна даць нейкую кароткую характарыстыку цэламу класу?
— Канешне ж, кожны клас розны. Гэты, трэці, напэўна, самы шумны. Быў у мяне і артыстычны клас, з імі нельга было праваліць ніводнае мерапрыемства, яны выручалі заўсёды. Гэтыя дзеці зараз у выпускным. Быў і самы спакойны клас. Быў клас, у якім ўсе дзеці любілі чытаць. Класы ніколі не падобныя да папярэдніх, але ж любіла ўсіх аднолькава і старалася даць веды кожнаму.

— У Вас вялікі досвед, ёсць магчымасць і нешта параўноўваць. Вось мяне, напрыклад, заўсёды цікавяць адносіны вучня і настаўніка. Ці мяняюцца яны з цягам часу?
— Сапраўды, адносіны мяняюцца. Раней дзеці былі больш паслухмянымі. Цяпер жа могуць успрымаць настаўніка як роўню. Прычына — змяніўся соцыум, а яшчэ мае вялізны ўплыў тэлебачанне і інтэрнэт, а там, вядома ж, не заўсёды лепшыя прыклады.

— Хочацца ведаць Ваша меркаванне наконт ролі сям’і ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе.
— Роля сям’і агромністая. Ёсць сем’і, дзе надаецца вялікая ўвага дысцыпліне, дзе бацькі кантралююць дзяцей. Такія бацькі ведаюць, што для іх дзіцяці з’яўляецца важным, а што другасным, яны ствараюць добрую матывацыю для дзетак, у тым ліку і для паспяховага навучання. Для некаторых бацькоў дзеці — усяго толькі нейкія цацкі. Такія бацькі ўсімі сіламі імкнуцца задаволіць найперш матэрыяльныя патрэбы дзетак. Але пройдзе час і дзіця само пакажа, наколькі правільна яго выхоўвалі.

— Раскажыце пра сваю сям’ю.
— Мой муж Аляксандр Барысавіч працуе шафёрам у мясцовай аграгаспадарцы. У нас чатыры сыны: Фёдар, Сяргей, Міхаіл і Аляксандр. Стараемся ўдзяляць ім час, імкнёмся ўбачыць і развіць у іх нейкія здольнасці. З мужам мы тут у адной суполцы, і лічу, што так і павінна быць.

— Ці даводзілася Вам вучыць некага са сваіх?
— Так, у мяне вучыліся мой брат і сын. Але ў школе яны былі для мяне толькі вучнямі, як і ўсе астатнія. Сын называў мяне ў школе не інакш як Людміла Іванаўна. Дзеці не раз папракалі яго, але ён адказваў, што мама дома, а тут — настаўніца. У гэтым, пэўна ж, ён меў рацыю.
— Дзякуй за шчырую размову. Жадаем вам новых поспехаў у сеянні разумнага, добрага, вечнага.