Аблізаны анёл (Заканчэнне)

Аблізаны анёл (Заканчэнне)

Цімафей Лук’янавіч ведаў, што для афармлення новенькіх патрэбны нейкі час, але вырашыў сёння нікуды не ісці са свайго пакоя, каб асабіста сустрэцца з новымі жыхарамі. Праз сілу, але заставіў сябе ўзяць у рукі кнігу. За чытаннем не заўважыў, як прайшоў час. Неўзабаве ў дзверы пастукалі.

Сяргееўна, за ёю, крыху нерашуча, — двое мужчын.
— Ну вось, Цімафей Лук’янавіч, дачакаліся нарэшце, — у голасе загадчыцы адчувалася радасць.
— Добры дзень, — прамовілі новенькія.
— Вітаю і вас, — Цімафей Лук’янавіч працягнуў кожнаму руку.
— Іван Яўхімавіч, — лаканічна назваў сябе першы.
— Юзік, проста Юзік, — бадзёра вымавіў другі.
— Вось і пазнаёміліся, займайце плацкарты, — Цімафей Лук’янавіч паказаў на вольныя ложкі.
— Уладкоўвайцеся, тут вам будзе добра, а я пабегла — справы. Не буду вам замінаць, — скорагаворкай выпаліла загадчыца, а праз імгненне аб ёй нагадваў толькі цокат абцасаў недзе ў калідоры.
Новенькія нерашуча наблізіліся да ложкаў і пачалі распакоўваць свой скарб, раскладваць яго на паліцах тумбачак. Цімафей Лук’янавіч не наважваўся першым пачаць размову і працягнуў чытанне, зрэдку адводзячы позірк ад кнігі. Новенькія ціха, амаль шэптам, размаўлялі аб нечым паміж сабой, стараючыся не турбаваць суседа. Атмасфера насцярожанасці і лёгкага недаверу захоўвалася, і толькі пасля таго, як мужчыны разам схадзілі на вячэру, яны пачалі размаўляць паміж сабой так, быццам ведалі адзін аднаго доўгі час.

Цімафей Лук’янавіч ні з кім з іх ніколі раней не сустракаўся. Іван Яўхімавіч — настаўнік-пенсіянер з аддаленай вёскі. Юзік — таксама вясковец, з перасяленцаў. Уся іх вёска закапана ў зямлю разам з будынкамі, садамі і агародамі. А насельніцтва рассялілі ў чыстую зону. Вось пакуль і ўсе звесткі, што сталі вядомыя Цімафею Лук’янавічу за кароткі тэрмін іх агульных зносін.
Пра сябе ён шмат чаго распавёў. Хоць асабліва і не было чаго расказваць, хіба пра сына, пра сваё ўдаўство і што прытулак стаў для яго сапраўдным домам. Што ўласны дом прыйшлося прадаць, бо ў сына былі цяжкасці, трэба было набываць добрую кватэру. Знайшліся людзі, што былі гатовыя заплаціць добрыя грошы, і ён пагадзіўся. Ведаў, што Марыя была б таксама не супраць такога рашэння, бо яны любілі Вадзіка і былі гатовыя для яго на ўсё. Сын абяцаў, што купіць бацьку аднапакаёўку ў горадзе альбо дамок у прыватным сектары. Але ў выніку ні дамка, ні кватэры, а ён у прытулку дажывае свой век. Можа, і зашмат чаго ён расказаў гэтым зусім малазнаёмым людзям. Але ж што тут такога? У гэтай установе амаль у кожнага нешта падобнае. Цімафей Лук’янавіч нават фота паказаў свайго сыночка — Вадзіка-анёлка, што недзе лётае па сваіх нябесных маршрутах.
Вечар у прытулку настаў імгненна. Лёгкі змрок насунуўся на зямлю, а ў пакоях запаліліся лямпачкі. Але хутка яны пачалі тухнуць. Не любяць тут яркага святла. Старыя, быццам дома, эканомяць і вядуць свае ціхія размовы ў прыцемку. Канешне ж тады, калі ёсць з кім размаўляць
— Іван Яўхімавіч, а што вы выкладалі ў школе? — запытаўся Цімафей Лук’янавіч.
— Прасцей будзе сказаць, што я не выкладаў, — весела адказаў той. — Выкладаў усё, нават пабыў завучам і нейкі час у дырэктарскім фатэлі пасядзеў.
— А вы, Юзік, кім працавалі? — Цімафей Лук’янавіч звярнуўся да другога свайго суседа. — Чым займаліся?
— Я? Я з простых. Да перасялення на трактары працаваў, а пасля Чарнобыля, на новым месцы, у брыгадзе калгаснай рознымі справамі займаўся, а потым ужо і пенсію далі.

Мужчыны ціха размаўлялі паміж сабой, распавядалі нейкія падрабязнасці са свайго жыцця. Нават тое, што не гаварылі ніколі і нікому. Тут можна, тут усе ў аднолькавым становішчы. Тут ніхто не абгаворыць і не насмяецца. Тут у кожнага свой боль, свая крыўда і ўласнае асэнсаванне жыцця, што амаль прайшло.
— Мабыць, я адсюль ужо і не паеду, — прамовіў Іван Яўхімавіч, — тут добра, ніхто мяне не будзе папракаць кавалкам хлеба.
— А што ў вас здарылася? — Цімафей Лук’янавіч яшчэ падумаў, ці не пакрыўдзіў малавядомага чалавека такім пытаннем, але зваротнай хады не было. — Як вы тут апынуліся? Прабачце, калі пакрыўдзіў вас, можаце нават не адказваць на маё пытанне.
— Чаму ж не адказаць?! Што было, тое было.
Ён крыху памаўчаў і пасля кароткай паўзы пачаў гаварыць, пачаўшы амаль з юнацтва. Пра вучобу, пра працу ў школе, пра сям’ю. Расказаў пра тое, што рана аўдавеў, што дзеці з’ехалі за мяжу яшчэ пасля распаду Саюза. З-за акіяну не так проста і прыехаць. Ды і свае праблемы, што ў сына, што ў дачкі. Догляд за старым настаўнікам пагадзіўся ўзяць пляменнік, які быў таму бліжэй за сына. Той рана застаўся сіратою, і Іван Яўхімавіч клапаціўся пра яго, як пра ўласнае дзіця. Даў адукацыю, ніколі не шкадаваў грошай. Але зараз у таго падраслі дзеці, і жыллёвая плошча была не лішняй. Таму і ўгаварылі перапісаць жытло на пляменнікавага сына з умовай, што будуць даглядаць старога да скону. Толькі нейкі тыдзень прайшоў пасля афармлення папер, як Іван Яўхімавіч зразумеў, што новыя гаспадары ніколькі не рады ягонай прысутнасці. Пачаліся абразы, крыўды і папрокі, якія было нельга перанесці старому, улічваючы, колькі дабра ён зрабіў для гэтых людзей, як заўсёды стараўся ім дапамагчы, падтрымаць у цяжкасцях ці проста вырашыць нейкія іхнія праблемы.
Ён рабіў кароткія паўзы ў расповедзе. І калі б у пакоі гарэла больш яркае святло, то можна было заўважыць слёзы на ягоных вачах. То, можа, і добра, што свяціла толькі настольная лямпа і старэчых слёз не было відаць. Мужчыны, нават у такім узросце, не павінны плакаць, нават калі гэта слёзы крыўды ад пакут за дабро, якое той зрабіў лічы зусім чужому чалавеку.
Іван Яўхімавіч сядзеў на ложку, глядзеў некуды ў сцяну, а потым нібыта падсумаваў:
— Таму я тут і, мабыць, застануся тут ужо назаўсёды…

Павісла цішыня. Кожны думаў аб сваім. Раптам закашляўся Юзік і, нібыта нават выбачлівым тонам, сказаў:
— Я што хачу вам сказаць, паважаныя. Чалавек я просты і прабуду тут з вамі толькі да вясны. Бо ў вёсцы ў мяне і хата, і сад з агародам. З гаспадаркі, праўда, толькі куры засталіся, суседка пракорміць, зерня хапае. Не магу я без зямліцы. Ды і царква мая там, у вёсцы. Не перайначу я ўжо сябе. Але, дальбог, скажу вам, вы людзі адукаваныя, разумныя, але ж нешта не тое вы рабілі ў сваім жыцці. Я б і не паехаў сюды, але дачка кажа: “Тата, зімуй у прытулку. Бо я так дагледзець цябе не змагу”. А тут цёпла і сытна. Чаму б і не зімаваць, як птушка ў выраі?! А потым да сваіх берагоў, а як жа інакш.
Яму ніхто не пярэчыў. Тут умеюць слухаць адзін аднаго. Інакш нельга. І нават калі ты не скажаш нешта сёння, то ў цябе будзе магчымасць расказаць гэта заўтра ці ў нейкі іншы доўгі вечар.Пасля кароткага перадыху Юзік працягнуў свой маналог.
— Што ж вы, хлопцы, усё жыццё дагаджалі людзям? Адзін свайму сыну-анёлку, другі чужога аблізваў усё жыццё. Але ж гэта людзі, яны такія. Ты яго ўсё жыццё аблізваеш, а калі адзін раз не абліжаш, не дагодзіш, то крыўдуе на цябе, ставіцца варожа. Хіба не так? Хіба з вамі не так было?
Ён ставіў пытанні, але не чакаў на іх адказу, а таму працягваў:
— Таму і век вам свой дажываць не з тымі, каго ўсё жыццё любілі і каму нічога не шкадавалі, а тут, няхай сабе і ў добрым, але чужым казённым доме. Таму што дагаджаць трэба было не людзям, у першую чаргу, бо яны ж проста людзі, а Таму, Хто там.
Юзік узняў руку і паказаў пальцам недзе ўгару, у неба. Ён больш нічога не гаварыў, але палец не апускаў. Цімафей Лук’янавіч з Іванам Яўхімавічам узнялі вочы, але там была толькі столь.