Крысціян Ронсэро: «А як гэта будзе па-вашаму?»

Крысціян Ронсэро: «А як гэта будзе па-вашаму?»

Летам мінулага года наша газета друкавала інтэрв’ю з іспанцам Крысціянам Ронсэро «Крысціян з Краіны Баскаў вывучае Палессе».

Зараз малады аспірант вярнуўся, каб прадоўжыць працу над сваёй дысертацыяй. Яго, як і раней, цікавяць мясцовыя дыялекты і людзі, што з’яўляюцца носьбітамі роднай мовы.

Крысціян прыехаў да нас з універсітэта Сурэя, што ў горадзе Гільфард у Вялікабрытаніі.

Цяперашняя яго вандроўка ў Беларусь звязана з тым, што зноў патрэбна збіраць матэрыялы для навуковай працы на тэму “Марфалогія і фаналогія заходнепалескіх гаворак”.

Ён кажа, што ўжо сумуе па Беларусі, па Палессі. Тут ужо шмат знаёмых, і яму цікава зноў і зноў сустракацца з імі. Асобная катэгорыя — людзі сталага веку. Бо яны з’яўляюцца носьбітамі менавіта той мовы, што яго цікавіць. Крысціян кажа, што з маладымі людзьмі ён таксама досыць добра кантактуе, але ж яны размаўляюць часцей на трасянцы, а гэта яго не цікавіць.

Калі я зноў убачыў Крысціяна Ронсэро ў Багданаўцы, то быў узрушаны сустрэчай і ў адзін з дзён напрасіўся, каб пабываць разам з ім у “экспедыцыі” і паназіраць за ягонай працай, як кажуць, на ўласныя вочы. Крысціян пагадзіўся, і вось мы шыбуем да хаты мясцовай жыхаркі Марыі Андрэеўны Кавалевіч.

Прымаюць гасцінна. Крысціян тут не ўпершыню, таму пачуваецца ўпэўнена. Усталёўвае відэакамеру на штатыў, рыхтуе для запісу дыктафон. Марыя Андрэеўна зусім не губляецца перад аб’ектывамі відэакамеры Крысціяна і майго фотаапарата — прывыкла. Камера і дыктафон уключаюцца на запіс.

— Сёння мы з вамы будэм говорыты про санкы, — пачынае госць.

— Про якы санкы, про дэрэвляны? – удакладняе спадарыня Марыя.

— Так, про дэрэвляны. У вас булі такые?

— Булі, батько сам йых робыв. Мы на йых і з горкы зімою спускаліса. На такых санках всамоту і сіно возылі, і дрова…

Жанчына распавядае сваю праўдзівую гісторыю, звязаную з санкамі.

— Не, не так, кажыце па-свойму, — просіць Крысціян, калі ў гаворцы жанчыны праскоквае нейкае не мясцовае слова, ён называе гэтае слова і просіць знайсці яму адпаведнік з мясцовага лексікону.

Крысціян час ад часу задае жанчыне нейкія пытанні, нешта ўдакладняе. А жанчына, захопленая ўспамінамі дзяцінства, расказвае пра мінулае, не звяртаючы ніякай увагі на апаратуру і на прысутнасць у пакоі чужых людзей. Марыя Андрэеўна перайшла ад размовы пра санкі да звычайных жаночых клопатаў і турбот — як вучылася ў школе, у якія гульні тады гулялася, як вырасла і працавала ў калгасе, як пайшла замуж і гадавала дзяцей…

Праз нейкі час Крысціян вяртае жанчыну да тэмы санак. А потым просіць удакладніць нейкія словы і нават цэлыя фразы, кожны раз пачынаючы з пытання: “А як будзе па-вашаму?” Час ад часу з-за грубкі чуваць мужчынскі голас. Гэта яе муж Аляксей Сямёнавіч дапамагае знайсці нейкі адпаведнік патрэбнаму слову ў мясцовым дыялекце, хоць непасрэдна і не ўдзельнічае ў даследаванні.

Знаёмы, у якога Крысціян спыніўся, кажа, што размова на камеру доўжыцца некалькі хвілін ці максімум гадзіну. Астатні час Крысціян праводзіць у навушніках за камп’ютарам і апрацоўвае зняты і запісаны матэрыял.

Каб добра вывучыць гукавыя адзінкі мовы — фанемы — трэба ўважліва ўслухоўвацца ў зробленыя запісы. У сваёй працы Крысціян ужывае малюнкі. Ён звяртаецца да чалавека і просіць расказаць на мясцовай мове аб усім тым, што ён бачыць на ілюстрацыі, і гэта таксама дае добрыя вынікі.

Крысціяна настолькі зацікавіла Палессе, што ён стаў весці блог пра паляшуцкі побыт. Бывае, што з адзнятага матэрыялу робіць ролікі і выкладвае іх на YouTube.

Пра свае прыгоды Крысціян можа доўга расказваць. У яго добрае пачуццё гумару, яго цікава слухаць. Асобная тэма нашай размовы — гасціннасць палешукоў. Крысціян кажа, што ў кожнай хаце яго імкнуцца нечым пачаставаць. Бабулі заўсёды прапануюць ежу. І ўсе канстатуюць: “О, ты так мала з’еў, ты ж такі худзенькі”.

Іспанскі аспірант хутка прызвычаіўся да мясцовага побыту. Ён вельмі камунікабельны. У кожнай з вёсак, дзе ён пабываў, у яго шмат знаёмых і нават сяброў. Усе яны яму шчыра дапамагаюць. Сам жа Крысціян вельмі хутка адаптаваўся да мясцовых лексічных і граматычных асаблівасцей. Цяпер дакладна ведае пра адметнасці гаворкі ў той ці іншай вёсцы рэгіёну. Ведае, чым займаюцца жыхары ў кожнай з вёсак, чым зарабляюць на хлеб і як бавяць вольны час.

Крысціян расказвае, што размовы ў дамах мясцовых жыхароў заўсёды пачынаюцца з пытання: “А ты чый?” Мне прыемна, што людзі думаюць, што я чыйсьці сын ці ўнук. Калі ён кажа, што не мясцовы і нават замежнік, то людзі задаюць іншае пытанне: “А ты да каго прыехаў?” Я зрабіў выснову, падсумоўвае Крысціян, што тут ты не можаш быць сам па сабе. Ты павінен быць з некім, тады большы давер, адпаведна і шчырасць у размовах.

Разам са сваёй навуковай працай Крысціян яшчэ збірае палескі фальклор. Яго цікавяць паданні і казкі. А яшчэ фатаграфуе франтоны дамоў ды іншых будынкаў. Яго цікавяць тыя геаметрычныя арнаменты, што некалі пакінулі майстры. Сярод іх шмат цікавых і нават непаўторных узораў.

Крысціян кажа, што чым больш стасункаў з людзьмі, чым больш гісторый у ягоным архіве, тым бліжэй для яго становіцца гэтая краіна і гэты край.

Ягоная праграма будзе доўжыцца і, спадзяюся, мы яшчэ не раз сустрэнем Крысціяна на Палессі. Ён плануе зноў адведваць тыя вёскі, дзе яго прынялі і дзе ён даведаўся так многа цікавага. Яму падабаюцца гэтыя прыязныя людзі.

— Спачатку яны зачыненыя, — кажа Крысціян, — але калі ўпэўняцца, што ты ставішся да іх шчыра, то гасцінна адчыняюць для цябе не толькі свой дом, але і ўласнае сэрца.

Последние новости