Жыццё з Чарнобылям

Жыццё з Чарнобылям

Выйшла ў свет нямецкамоўная версія кнігі журналіста і пісьменніка Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы - да сада надзеі». Яна большая па аб’ёме. Дадаліся новыя фота, карты чарнобыльскіх мясцін, каб патлумачыць нямецкім чытачам, дзе гэта адбывалася і адбываецца. У кнізе шмат расказваецца пра нямецкія грамадскія ініцыятывы па аказанні дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля раёнам.

Для Лунінца горадам-пабрацімам стаў нямецкі горад Ротвайль. Ён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Германіі ў зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Яшчэ ў 1986 годзе тут арганізавалася грамадзянская ініцыятыва “За свет без ядзернай пагрозы”. Узначаліла ініцыятыву Ангела Геслер. Яна са сваімі калегамі кожны год бывае ў Лунінцы і іншых населеных пунктах раёна. І арганізоўвае рэгулярнае аздараўленне дзяцей Лунінеччыны ў Германіі.
Вось і напярэдадні 31-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы Ангела Геслер са сваімі актывістамі зноў наведала Лунінец, Мікашэвічы, у тым ліку завітала ў рэдакцыю “Информ-прогулки”.

Таксама нямецкія госці прынялі ўдзел у прэзентацыі згаданай кнігі Аляксандра Тамковіча, якая адбылася 12 красавіка ў Мінску.
У сваім выступе Ангела Геслер нагадала, што ў іх ёсць некалькі мэтаў. Па-першае, трэба рабіць усё, каб пра Чарнобыль не забывалі. Бо Чарнобыль не прайшоў. І ён адбыўся не ў адным месцы. Ён разам з намі. Ён датычыць усяго свету. Па-другое, рэгулярнае аздараўленне дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад катастрофы. Трэцяя мэта — праца з моладдзю. Бо менавіта маладым давядзецца шукаць новыя крыніцы энергіі, каб поўнасцю выключыць выкарыстанне атаму.

Сааўтарам кнігі стала нобелеўская лаўрэатка па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч. На прэзентацыі яна сказала, што Чарнобыль — гэта выклік з будучага: «Беларусы лічаць сябе чорнымі скрынкамі. Менавіта яны і запісваюць інфармацыю для будучага. Я рада за людзей, якія робяць добрыя справы. А жыць нам з Чарнобылем вечна. Таму трэба не чакаць штосьці ад дзяржавы, а самім праяўляць ініцыятыву, самім вырашаць праблемы, самім ствараць грамадзянскую супольнасць, самім цаніць сваё жыццё. Многія з нас яшчэ дачарнобыльскія людзі. А мы ўжо іншыя. Мы жывем і будзем жыць з Чарнобылем. Мы ўжо чарнобыльскія людзі, з усведамленнем таго, што нам тут жыць, усе мы не з’едзем, няма сэнсу, бо гэта наша зямля».