Настаўніца з Лунінецкага раёна лепшая ў вобласці

Настаўніца з Лунінецкага раёна лепшая ў вобласці

04 мая 2017, 14:34
648
Наталля Уладзіміраўна Ільючык - настаўніца пачатковых класаў Багданаўскай сярэдняй школы стала лепшай на абласным этапе рэспубліканскага конкурса.

Як бы там ні было, як бы ні змянялася стаўленне да прафесіі настаўніка з цягам часу, я стаўлюся да яе так, як было тады, калі сам быў школьнікам, — з глыбокай пашанай і трапяткім пачуццём.

Наша размова — з пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” у намінацыі “Пачатковае навучанне” Наталляй Уладзіміраўнай Ільючык.
— Наталля Уладзіміраўна, што для Вас прафесія настаўніка — паўсядзённасць, творчасць ці нешта яшчэ больш узвышанае?
— Усё разам, бо з гэтага складаецца жыццё настаўніка, і яно прыносіць задавальненне, калі бачыш станоўчыя вынікі.

— Сучасныя дзеці — якія яны?
— Чвэрць стагоддзя працы ў школе дазваляюць мне падзяліцца сваімі назіраннямі. Яны не горшыя, не лепшыя. Яны проста іншыя. Таму што цяпер іншы час, іншыя ўмовы. Сучасныя дзеці больш свабодныя, яны не баяцца спрачацца і адстойваць свае думкі і ўласныя меркаванні.

— Ці даводзілася Вам сустракацца з праявамі дзіцячай жорсткасці, пра якую апошнім часам шмат пішуць?
— Не магу сказаць, што ўсе яны мяккія і пухнатыя. Яны нестандартныя, бываюць патрабавальнымі, могуць быць адкрытымі, і наадварот. У іх завышаная самаацэнка, адным словам — яны такія розныя. Бываюць, канешне ж, і нейкія праявы жорсткасці, але мы працуем над гэтым. Большасць дзяцей выхаваны набожнымі, і яны змалку ведаюць, што ёсць дабро, а што ёсць зло.

— Наталля Уладзіміраўна, як Вы прыйшлі ў прафесію?
— Можна сказаць, што гэта была мара дзяцінства. Тата, калі заўважаў мае першыя поспехі ў пачатковай школе, заўсёды паўтараў: “Мая ты настаўніца!”. Гэта падбадзёрвала і давала ўпэўненасці, што я стану настаўніцай. Пасля васьмі класаў вучылася ў Лоеўскім педагагічным вучылішчы, потым у Мазырскім педагагічным інстытуце.

— А Вашы дочкі не жадаюць паўтарыць маму ў выбары прафесіі?
— На жаль, не. Старэйшая — медык, а малодшая, сёлетняя выпускніца, марыць аб тэхнічнай адукацыі.

— Што для Вас асабіста азначае перамога ў прафесійным конкурсе, і якія планы на перспектыву?
— Перамогу зусім не чакала, не разлічвала на яе. Але падрыхтавалася як след, а яшчэ дала ўрокі для “чужых” дзяцей у Лунінцы і Пінску. Гэта дазволіла ўзняць уласную самаацэнку. І я цяпер разумею: гэта крок наперад, этап уласнага самаразвіцця. Цяпер ёсць жаданне ісці далей, буду старацца адпавядаць дасягнутаму ўзроўню. І, канешне ж, прыму ўдзел у рэспубліканскім этапе, а ён ужо хутка — у верасні гэтага года. У мяне зараз трэці клас. І наступны год вельмі адказны — трэба падрыхтаваць іх да новага этапу школьнага жыцця.

— Як сустрэлі Вас пасля поспеху ў конкурсе калегі?
— Радаваліся разам са мною, віншавалі. Можа, нехта аднёсся да гэтага абыякава, але кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне, і я яго паважаю.

— Добры настаўнік — які ён?
— Ён бачыць асобу і імкнецца не даць ёй зрабіць памылку. Таму добры настаўнік, у першую чаргу, патрабавальны. Для добрага настаўніка няма былых вучняў. Ён цікавіцца іх лёсам нават тады, калі дзеці выраслі.

— Наталля Уладзіміраўна, для вучняў Вы настаўнік ці сябар?
— Мабыць, раней я была больш настаўнікам, але з цягам часу прыйшла да высновы, што ў першую чаргу я павінна быць сябрам. Шчырасць у адносінах з дзецьмі для мяне на першым месцы. Шчырасць і давер дзяцей дорага каштуюць.

 

— Як адносіцеся да таго, што дзеці шмат часу праводзяць у сацыяльных сетках?
— Гэта засмучае, бо дзеці адмаўляюцца ад кніг на карысць інтэрнэту. Трывожыць, бо адносіны ў сетках няшчырыя, адносіны такога кшталту перашкаджаюць дзецям будаваць зносіны ў паўсядзённым жыцці.

— Дарэчы, а якая ў Вас улюбёная кніга?
— “Поющие в терновнике” Колін Маккалоў. Кніга напісана жанчынай для жанчын. Сямейныя каштоўнасці, каханне, шчырасць і пяшчота. Але, каб гэта мець, варта прайсці праз цяжкасці і выпрабаванні. Мне гэта вельмі блізка, таму час ад часу перачытваю раман.

— Наталля Уладзіміраўна, чым любіце займацца, каб змяніць абстаноўку, аднавіць сілы, як пераадольваеце стрэсы?
— Найчасцей гэта звычайная фізічная праца ў садзе ці агародзе. Люблю вырошчваць кветкі. Люблю пасядзець за кнігай, няхай сабе і са звычайным жаночым раманам. Калі вельмі цяжка, то суцяшэнне знаходжу ў царкве. Калі нешта здараецца, то замыкаюся ў сабе, імкнуся пабыць сам-насам хоць пару гадзін, каб абдумаць сітуацыю, зрабіць нейкія высновы і знайсці выйсце.

— Вы за тое, каб пакінуць у школе ўсё як ёсць, ці імкнецеся да нейкіх перамен?
— Тут увесь час перамены, нейкія новыя праграмы. Увесь час вучышся і перавучваешся. У гэтым рух наперад, ты імкнешся адпавядаць часу, што прымушае рухацца. У гэтым заўсёды цікавасць і стымул рабіць працу яшчэ лепш.

— Як можна ўбачыць у дзіцяці талент і як яго развіць?
— Вельмі істотна знайсці падтрымку бацькоў. Калі яны пачуюць настаўніка, то вынік абавязкова будзе добрым. Развіць талент магчыма толькі супольнымі намаганнямі. Каб будаваць стасункі з бацькамі, увогуле патрэбна быць добрым псіхолагам, а таксама неабходна, каб бацькі правільна прымалі заўвагі ў дачыненні да іх дзяцей.

— Вас магчыма давесці да слёз?
— Так, магчыма. Плачу тады, калі адчуваю бездапаможнасць, калі паспрабавала ўсё, прыклала ўсе намаганні, зрабіла ўсе высілкі, а вынікаў не дасягнула. А калі яшчэ дзіця абыякавае ці бацькі не праявілі цікавасці, то проста плачу.

— Што лічыце галоўным — выхаванне ці адукацыю?
— Гэта агульны працэс. Выхаванне і адукацыя ідуць паралельна і яны аднолькава важныя.

— Ці магчыма быць прафесіяналам без любові і ці быў у Вас у свой час любімы настаўнік?
— Прафесія забірае час, а нярэдка і ўвагу да ўласных дзяцей. Школа — не тое месца, дзе магчыма зарабіць вялікія грошы. Ты не можаш быць прафесіяналам, калі бракуе любові і самаадданасці. Любімай настаўніцай для мяне была Ганна Аляксееўна Мелюх, яна стала для мяне прыкладам адукаванасці і прафесіяналізму, на яе хацелася раўняцца.

— Наталля Уладзіміраўна, як матываваць дзіця, што не хоча вучыцца? Як знайсці да яго падыход? Што вы шануеце ў дзецях?
— Дасягнуць вынікаў і матываваць вучня магчыма толькі шчырымі адносінамі да яго. І гэта працэс не аднаго дня. Усё вельмі індывідуальна. Аднаму важна пахвала і добрае слова, іншаму — дотык рукі. Мне не хочацца выдзяляць нейкія рысы, трэба шанаваць само дзіця, яго асобу, ягоныя пачуцці…

— Прысутнічаючы на ўроку, я заўважыў, што Ваш цяперашні трэці клас досыць згуртаваны. Што для гэтага патрэбна?
— У класе 14 дзетак. Ёсць згуртаванасць і еднасць, гэта сапраўды так. Бо мы вучымся разам вырашаць адны пытанні. У нас агульныя справы. І праблемы, калі яны ўзнікаюць, таксама агульныя, мы імкнёмся пераадольваць іх разам.

— Ці з’яўляецца для Вас важным меркаванне калег і адміністрацыі школы пра Вашу працу?
— З калегамі дзелімся нейкімі напрацоўкамі і ўражаннямі. Адмі-ністрацыя глядзіць на цябе збоку. Ёй больш прыкметныя нашы поспехі і недахопы. Прыслухоўваюся да яе меркавання і раблю адпаведныя высновы.

— Дзякуй за шчырую размову. Жадаем Вам новых поспехаў і дасягненняў на ніве разумнага, добрага, вечнага!