Тэатральныя падмосткі зусім побач – у Пінску

Тэатральныя падмосткі зусім побач – у Пінску

19 мая 2017, 16:49
283
Палескі драматычны тэатр дасць вам цудоўную магчымасць з’яднацца з мастацтвам.

 

Свет мастацтва – гэта адна з найвялікшых каштоўнасцей у свеце. Яно непадуладнае часу і яно заўсёды актуальна для шанавальнікаў. Нягледзячы на сваю шматвекавую гісторыю, тэатр не баіцца часу. І цяпер наведванне тэатру лічыцца прэстыжным заняткам.

Чаму я пра гэта кажу? Даводзіцца чуць скаргі ад жыхароў нашага горада і раёна, маўляў няма зусім, альбо мала ў нас месцаў, дзе можна культурна правесці час. Але гэта не зусім так. Пры жаданні такое месца можна знайсці. Калі не ў Лунінцы, то ў суседнім Пінску. Адно з іх – Палескі драматычны тэатр. Таленавіты творчы калектыў, утульная зала, прыстойны будынак у цэнтры горада – усё служыць для таго каб стварыць добры настрой і святочную атмасферу. І яшчэ адна прыемная зручнасць. Афішу на кожны месяц лёгка знайсці ў інтэрнэце, а квіткі магчыма замовіць па тэлефоне. Адразу скажу – кошт на квіткі ў тэатр здзівяць вас сваёй даступнасцю. А дарога да Пінска таксама не такая ўжо і далёкая, каб быць не таннай.

Так, учора давалі давалі “Раскіданае гняздо” па драме Янкі Купалы. На тым тыдні прыхільнікі тэатральных пастановак глядзелі яскравы, містычны спектакль “Чорная панна Нясвіжа”. У рэпертуары як класіка, так і сучасная драматургія. У тэатры ставяцца спектаклі і для дзяцей. Заўсёды можна нешта знайсці для наведвання тэатра ў зручны для вас дзень і час.

А святочны настрой з’яўляецца яшчэ задоўга да паходу ў тэатр. Атмасфера свята надыходзіць з моманту замовы ці набыцця квітка, альбо нават тады, калі толькі з’явіўся намер наведаць тэатр.

На вялікі жаль, мы часта адмаўляем сабе ў такіх чароўных момантах жыцця, як наведванне тэатру.    Спасылаемся на час, якога не дастае, альбо не жадаем задумвацца аб сур’ёзных рэчах і гэтак далей.

Добра, што папулярнасць і значэнне тэатра не згасае з часам. І Палескі драматычны таму яскравае пацверджанне. Наведайце — і не пашкадуеце.