Візіт журналістаў у Літву

Візіт журналістаў у Літву

Восем прадстаўнікоў СМІ Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» на мінулым тыдні наведалі некалькі мясцовых рэдакцый і адміністрацыю горада Мажэйкяй.

Першым месцам наведвання стаў Шаўляй. Гэта эканамічны і культурны цэнтр Паўночнай Літвы. Невялікі горад на цэлае стагоддзе старэйшы за Вільнюс, на год — за Берлін. Гісторыя Шаўляя налічвае больш як 770 гадоў. Назва яго, па легендзе, азначае “горад сонца”. Ён чацвёрты ў Літве па колькасці насельніцтва: каля 135 тысяч жыхароў. Гэта менш, чым раней, бо многія з’ехалі на працу ў іншыя краіны Еўрасаюза.
Наша сустрэча адбылася ў рэдакцыі газеты “Siauiцkrastas”. Яе галоўны рэдактар Уладас Вяртэліс распавёў пра сённяшні стан мясцовай прэсы. Асноўная газета выходзіць 5 разоў на тыдзень. Ёсць яшчэ шэсць раённых выданняў. Пакуль папяровыя версіі акупаюцца. Шаўляйская рэдакцыя мае і свой сайт.

Цікавая сустрэча адбылася яшчэ ў адной газеце “etaplius”. Дырэктар Рымвідас Сімаціс расказаў аб цікавым унікальным праекце: распрацаваны сайт, дзе могуць публікаваць свае матэрыялы і мясцовыя выданні, і незалежныя аўтары. Створана агульная платформа, дзе пакуль размяшчаюць свае сайты 7 газет.

Наступным пунктам нашай вандроўкі стаў Мажэйкяй. Тут сустрэліся з намеснікам мэра Ірэнай Масяйкіне і муніцыпальным дарадцам Вірджыліусам Радвіласам, са старшынёй Нацыянальнай асацыяцыі выдаўцоў раённых і гарадскіх газет Альвайдасам Балсіунасам. 

Цікавіліся, як жывуць літоўцы ў Еўрапейскім Саюзе, супрацоўніцтвам мясцовых органаў улады і сродкаў масавай інфармацыі, які доступ маюць жыхары горада і раёна да муніцыпальных лідараў і якія адказы атрымоўваюць на свае пытанні. Трэба зазначыць, што мясцовая ўлада адкрыта як для журналістаў, так і для насельніцтва. Няма закрытых тэмаў. Журналісты прысутнічаюць на ўсіх мерапрыемствах: пасяджэннях органаў самакіравання, абмеркаванні тых ці іншых праблем.

Потым была сустрэча ў рэдакцыі газеты “Santarve”. Тут таксама падзяліліся вопытам і праблемамі мясцовай прэсы.
За час сустрэч з літоўскімі журналістамі намецілі далейшыя шляхі сумеснага супрацоўніцтва.