500-годдзе беларускай Бібліі адзначаецца і ў Лунінецкім раёне

500-годдзе беларускай Бібліі адзначаецца і ў Лунінецкім раёне

Святочныя мерапрыемствы праходзяць паўсюдна.

У мінулую нядзелю ў Багданаўцы з размахам, менавіта так можна сказаць, адзначылі 500-годдзе выдання беларускай Бібліі Францыскам Скарынай. У Царкве Хрысціян Веры Евангельскай на працягу ўсяго дня ладзіліся святочныя мерапрыемствы.

З раніцы пачалося ўрачыстае набажэнства пад назвай “Свята Бібліі”. У гэтай царкве традыцыйнай стала ўжо ў апошнюю нядзелю жніўня малітва дабраславення новага навучальнага года. Маліліся за школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў, а таксама за настаўнікаў і выкладчыкаў.

Надвячоркам зала зноў была поўнай. Сюды прыйшлі не толькі вернікі, але жыхары і госці вёскі, прадстаўнікі інтэлігенцыі. Да ўвагі гледачоў была прадстаўлена тэатралізаваная пастаноўка па п’есе Мікалая Ільючыка “Біблія навучае і аб’ядноўвае”, якую аўтар напісаў да юбілею Бібліі Францыска Скарыны.

Дзея адбываецца ў вясковай школе, што занята мітуснёй з нагоды падрыхтоўкі ўрока, на якім будзе прысутнічаць міністр. Але што міністр, нечакана на ўроку з’яўляецца сам першадрукар. Пастаноўка насычана карыснымі гістарычнымі звесткамі, яна як своеасаблівы экскурс у гісторыю Сярэднявечча.

Самадзейныя артысты з ліку школьнікаў ды мясцовай моладзі бліскуча выканалі свае ролі. А касцюмы так спадабаліся гледачам, што пасля спектакля шмат хто хацеў зрабіць фотаздымак на памяць з героямі п’есы. Рэквізіт падрыхтавалі самастойна. Нават святло і гук былі задзейнічаны не горш, чым у сапраўдным тэатры.

Прэм’ера была ўдалай. Ужо ёсць прапановы згуляць п’есу на іншых сцэнах. У пастаноўцы былі заняты Віталь Ільючык, Даша Савіч, Іван Мелюх, Андрэй Крэменскі, Дзіяна Ільючык і Аксана Кавалевіч. Яны выканалі ролі школьнікаў. Алёна Мелюх – дырэктар школы, Уладзіслаў Антановіч — настаўнік, Віктар Ільючык – міністр, Тася Антановіч – школьная прыбіральшчыца, а Антон Ільючык выканаў ролю першадрукара Францыска Скарыны. Касцюмамі займалася Таццяна Ільючык. Гукам і святлом кіраваў Аляксей Кавалевіч.

Усе, хто быў заняты ў пастаноўцы, выказалі жаданне зноў удзельнічаць у такіх цікавых і займальных мерапрыемствах.