У Лунінцы прайшоў літаратурны форум

У Лунінцы прайшоў літаратурны форум

04 сентября 2017, 11:55
277
Ён адбыўся ў першы дзень верасня ў Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы. Падзея была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадруку і Дня ведаў. Удзельнікам яго стала і наша газета ў рамках акцыі «Вераснёўскія сустрэчы».

Вядучыя Ірына Навацкая і Наталля Кіпцэвіч у час імпрэзы распавялі прысутным пра жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, Таццяна Лазько зрабіла агляд тэматычнай выставы з факсімільнымі выданнямі кніг Скарыны і іншымі цікавымі матэрыяламі. Аздобілі вечарыну беларускія песні ў выкананні Сяргея Місікава, Максіма Перапёлкіна і Леаніда Яраховіча.

Асноўнай часткай мерапрыемства стала ўшанаванне пераможцаў бібліятэчнага конкурсу-акцыі «Чалавек прыдумаў кнігу». Сярод іх было нямала вучняў. Гімназістка з Лунінца Ксенія Андрайчук прачытала свой верш «Храніце Слова», удзельнікі аб’яднання «Асновы праваслаўнай культуры» гімназіі г.Лунінца (Багдан Праскаловіч, Ілья Швед, Яраслаў Коваль, Марына Наварыч, Ганна Хартановіч, Аляксандра Серада, Ганна Нагорная, Любоў Яраховіч, кіраўнік Ірына Раманчук) выканалі літаратурную кампазіцыю «Са слаўнага полацкага роду», а ўдзельніцы гуртка мастацкага слова Язвінскага СДК (Аліна Вароніч, Дар’я Грабовіч, Аліна Германовіч, Юлія Цітова, кіраўнік Галіна Абрамчук) — яшчэ адну кампазіцыю. Усе яны адзначаны граматамі і сувенірамі бібліятэкі і прызамі нашай газеты.

Дыпломы і прызы ад дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алены Кішкевіч атрымалі літаратары і супрацоўнікі «ИП» Вадзім Жылко і Мікола Ільючык, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алёна Зінюк, журналістка Таццяна Канапацкая. Не змаглі прысутнічаць, але будуць узнагароджаны пазней Сцяпан Нефідовіч, Юлія Брэзіна і Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка на чале з Аксанай Маркевіч.