Створана “Літаратурная карта Лунінеччыны”

Створана “Літаратурная карта Лунінеччыны”

30 ноября 2017, 11:45
286
Яе прэзентацыя прайшла 29 лістапада ў чытальнай зале Лунінецкай цэнтральнай бібліятэкі.

Ідэя вырабу карты ўзнікла сёлета ў дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алены Кішкевіч. Яна звярнулася да гісторыка і літаратара Вадзіма Жылко, які даўно распрацоўвае дадзеную тэму і першы варыянт карты змясціў у друку яшчэ ў 1996 годзе. Вырабленая ў выніку па замове бібліятэкі карта ўяўляе вялікі насценны банер, дзе пазначаны шэраг населеных пунктаў, помнікаў і мемарыяльных дошак, экспазіцый і музеяў, месцаў правядзення літаратурных святаў і фестываляў.

Асноўную інфармацыю ўтрымлівае дадатак да карты, дзе сабрана не адна сотня прозвішчаў літаратараў, біяграфічныя і бібліяграфічныя даведкі пра іх. Гэта тыя, хто нарадзіўся на Лунінеччыне, пэўны час жыў тут, прысвячаў свае творы нашаму краю або выступаў перад лунінецкімі чытачамі. Прозвішчы сістэматызаваны па алфавіце і па населеных пунктах. На сайце Лунінецкай бібліятэкі створаны ўжо і электронны варыянт карты. Супрацоўнікі бібліятэкі працягваюць працу, дадаючы новыя імёны і факты.

Адкрыла вечарыну-прэзентацыю дырэктар ЦБС Алена Кішкевіч. Вядучыя Ірына Навацкая і Наталля Кіпцэвіч нагадалі асобныя старонкі літаратурнай гісторыі нашага краю, а юныя гурткоўцы з Язвінскага СДК прачыталі вершы згаданых паэтаў. Вадзім Жылко зрабіў невялікую “экскурсію” па карце. Свае ўражанні і пажаданні выказалі мясцовыя літаратары, сябры клуба “Літаратурная правінцыя” пры бібліятэцы.