Як артысты з Дзятлавічаў «шчадравалі» ў Ганцавічах

Як артысты з Дзятлавічаў «шчадравалі» ў Ганцавічах

15 января 2018, 14:49
469
13 студзеня ў Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў завітаў дзіцячы фальклорны калектыў “Дзятлавіцкі падлесак” на калядную сустрэчу “Шчодры вечар”.

Калядны фэст у такім фармаце праходзіў другі раз. Творчая імпрэза дала выдатную магчымасць упэўніцца, што на Берасцейшчыне кожны раён, а часам і кожная вёска, маюць свае фальклорныя асаблівасці. На працягу некалькіх гадзін дзіцячыя фальклорныя калектывы пазнаёмілі з традыцыямі святкавання Каляд у сваёй мясцовасці. Прычым прадстаўленні вылучаліся захаваннем усіх этнаграфічных дэталяў: артысты не першы год вывучаюць абрады, спевы, танцы і іншыя складнікі традыцыйнай культуры, папулярызуюць аўтэнтычную спадчыну свайго краю. А гэта значыць, што маладое пакаленне захавае і з годнасцю перадасць нашчадкам сакральную мудрасць продкаў.

Ужо праз пару хвілін пасля пачатку майстар-класа па вырабе калядных сімвалаў — зоркі і маскі — стала зразумела: народ сабраўся цэлымі сем’ямі. На працягу гадзіны ўсе жадаючыя добра папрацавалі ў творчай майстэрні, пагулялі па выставачных залах і экспазіцыях Дома рамёстваў.

Затым усіх удзельнікаў мерапрыемства запрасілі на падворак, дзе была святочна аформлена сцэна. Побач прапаноўвала сувеніры на любы густ выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую зладзіў народны клуб майстроў “Багач”.

Невялічкая, але ўтульная сцэна ў адзін момант ператварылася ў сялянскую хату, у якой, са з’яўленнем першай зоркі на небе чакалі гаспадары калядоўшчыкаў. Першымі ў каляду прыйшлі дзеці з вёскі Хатынічы, удзельнікі фальклорнага калектыву “Крынічка”, якія і паказалі свой мясцовы абрад. Зачараваў гледачоў самабытнасцю, арыгінальнасцю і аўтэнтычнасцю гурт “Дзятлавіцкі падлесак” з Лунінецкага раёна. Пранікнёна, амаль да дрыжыкаў па целе, гучала старадаўняя мясцовая песня з вуснаў дзяцей, затым і бабуль, якія спявалі так працягла і напеўна. 3 добрымі пажаданнямі паказалі калядную дзею ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву з вёскі Люсіна. Іскрамётна выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Раўчукі” з вёскі Раздзялавічы — з песнямі-прыпеўкамі і варожбамі. Прычым адметнасць гэтай вёскі ў тым, што калядоўшчыкі тут носяць з сабой не толькі зорку, але і зробленую з гарбуза галаву са свечкай — накшталт тых, што можна ўбачыць на Захадзе на Хэлоўін. Толькі тут гэтая традыцыя з’явілася нашмат раней.

Тым, хто паспеў змерзнуць, арганізатары прапанавалі гарачую гарбату з зёлак і пагрэцца каля вогнішча.

Пасля выступлення калектываў былі падвядзены вынікі выставы-конкурсу “Цуд на Каляды” і ўзнагароджаны ўдзельнікі і пераможцы. Сюрпрызам стала выступленне ўзорнага ансамбля народных духавых інструментаў “Дударыкі”. У захапленні перапоўненая зала глядзела калядную пастаноўку “Цар Ірад” традыцыйнага лялечнага тэатра “Батлейка”, якую паказвалі майстар Дома рамёстваў Вольга Івановіч і кіраўнік народнага клуба майстроў “Багач” Галіна Савеня. Напрыканцы сустрэчы дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” з вёскі Хатынічы прэзентаваў праграмму самых маленькіх удзельнікаў суполкі. Разам з кіраўніком гурта Таццянай Буйкевіч дзеткі праспявалі старажытныя песні і станцавалі “Нарэчаньку”.

Маргарыта Саланевіч, дырэктар Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў